Нарадзінец Беларусі Антон Хілько атрымаў грамадзянства Расеі за дапамогу расейскім войскам ва Украіне і ўдзел у вайне супраць гэтай суседняй краіны. Пра гэта паведамляе «Советская Чувашия».
Як заяўляецца, 33-гадовы беларус паходзіць з Гомельшчыны. У сталіцы Чувашыі, Чэбаксарах, ён пасяліўся дзесяць гадоў таму разам з сям’ёй.
З першага дня поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны Антон Хілько падтрымліваў расейскія войскі ў якасці валанцёра, дастаўляў гуманітарныя грузы ў зону баявых дзеянняў. За дапамогу фронту быў неаднаразова адзначаны падзякамі камандзіраў вайсковых частак і кіраўніка Чувашыі. Вясной 2025 года Хілько заключыў кантракт з Міністэрствам абароны РФ.
Як заяўляецца, беларус служыць пад камандаваннем Героя Расеі Яўгенія Барысава, праўда, не ўдакладняецца, што апошні быў пазбаўлены звання яшчэ ў 2016 годзе.
Жонка і сыны беларуса пакуль яшчэ застаюцца грамадзянамі нашай краіны.
У сацсетцы «Аднакласнікі» ёсць тры старонкі 33-гадовага Антона Хілько. Усе яны належаць аднаму чалавеку – жыхару вёскі Ведрыч Рэчыцкага раёну, што на Гомельшчыне. Ён нарадзіўся 23 кастрычніка 1991 года. Дзве з трох старонак неактыўныя, а трэцяя – закрытая. На старонцы, якую Хілько перастаў весці 6 снежня 2013 года, апошні запіс быў такім: «Хутка этап!!!»
Этапам сярод іншага называюць працэс адпраўкі асуджаных у месцы зняволення. У каментарах Хілько ўдакладняў, што этап будзе ў Маскве.
Паводле звестак «BELPOL», 3 чэрвеня 2011 года Хілько быў асуджаны за ўхіленне ад набору на вайсковую службу на падставе ч. 1 арт. 435 Крымінальнага кодэксу Беларусі. 15 ліпеня 2011 года Касацыйная калегія Гомельскага абласнога суда змяніла вырак у дачыненні яго, прызначыўшы штраф памерам 50 базавых велічынь. 31 ліпеня 2011 года Хілько прызналі вінаватым ва ўхіленні ад набору на вайсковую службу на падставе ч. 1 арт. 435 Крымінальнага кодэксу Беларусі і прызначылі яму паўтара года «хіміі».
Калегі «Белсату» з «Вот Так» пацвердзілі нам, што Антон Хілько з Ведрыч і Антон Хілько з Чэбаксараў – гэта адна і тая ж асоба. Паводле звестак нашых калег з расейскамоўнай рэдакцыі, у Расеі ў Хілько былі даўгі, з прычыны чаго яго ў 2022 годзе вышуквала Федэральная служба судовых прыставаў. Праўда, выявіць, ці адбываў ён пакаранне ўжо ў Расеі, не атрымалася.
Адзначым, што менавіта ў 2022 годзе поўны даўгоў Хілько далучыўся да дапамогі расейскім войскам, якія ваююць ва Украіне. А прынамсі некаторых расейскіх валанцёраў раней вінавацілі ў тым, што яны прысвойваюць частку грошай сабе.
Нагадаем, што толькі ў Маскве з красавіка 2023-га да канца траўня 2024 года ў расейскую армію на вайну з Украінай маглі завербаваць больш як паўтары тысячы замежных наймітаў. З іх прынамсі 71 грамадзянін Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu