У Беларусі моцны дэфіцыт судовых экспертаў, таму патрабаванні да патэнцыйных работнікаў тут не вельмі высокія. «Белсат» разбіраўся, чаму так адбываецца, каго яшчэ не стае сілавікам і ці можна зрабіцца судовым экспертам, калі вы адпраўлялі блізкім спасылкі на «няправільныя» медыі.
Згодна з Рэспубліканскім банкам вакансіяў, у Беларусі не стае мінімум 80 судовых экспертаў. На думку прадстаўніка «BELPOL» Уладзіміра Жыгара, 80 спецыялістаў – гэта шмат:
«Напрыклад, у Мазыры, дзе я працаваў, было максімум 5-6 чалавек экспертаў. Гэта на Мазыр і Мазырскі раён, на зону абслугоўвання Мазырскага раённага аддзелу ўнутраных справаў. 80 чалавек – гэта шмат для Беларусі, калі мы гаворым пра судовых экспертаў».
Гэтыя спецыялісты вельмі важныя, падкрэслівае суразмоўца: «Яны выконваюць вельмі важную функцыю – застаюцца ў складзе аператыўна-следчай групы, выязджаюць на месцы злачынстваў, набіраюць генетычныя ўзоры, займаюцца дактыласкапіяваннем, экспертызаю рознага роду матэрыялаў, яшчэ ёсць почырказнаўчыя экспертызы і гэтак далей».
,,«Часта вынік экспертызы і паказвае, ці ёсць склад злачынства. Гэта значыць, эксперты вызначаюць шмат: і прычыну смерці, і ці можна лічыць якую-небудзь кнігу «экстрэмісцкаю».
Якія патрабаванні да экспертаў?
Бальшыня вакансіяў на запыт «судовы эксперт» у Рэспубліканскім банку вакансіяў – для асобаў з вышэйшай медычнай адукацыяй. Звычайна досведу не патрабуецца, калі гэта не пасада кіраўніка.
На сайце Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў таксама бачым, што патрабуецца судовы эксперт-лінгвіст. Патрэбная вышэйшая лінгвістычная / філалагічная адукацыя. Астатнія патрабаванні даволі простыя.
«Без досведу працы, поўная занятасць, поўны працоўны дзень. Неабходныя якасці: адказнасць, уменне канцэнтравацца на пастаўленай задачы, імкненне да самаразвіцця. Працадаўца дае сацыяльныя гарантыі, навучанне названай спецыяльнасці», – піша Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў Беларусі.
Таксама кандыдат мусіць быць грамадзянінам Беларусі векам ад 21 да 27 гадоў і без хранічных хваробаў.
З карупцыяй не возьмуць. А з «экстрэмізмам»?
Патрабаванні выглядаюць даволі проста, таму і мы паспрабуем уладкавацца на працу.
«Белсат» патэлефанаваў у Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў пад выглядам кандыдата і ўдакладніў, ці трэба падаць рэзюмэ на пасаду эксперта-лінгвіста. У нашага «кандыдата» спыталі толькі, дзе ён атрымліваў адукацыю і калі. Адказу, што гэта філфак БДУ, хапіла, каб адразу запрасілі на сумоўе.
Аднак пытанні ёсць у нас. У некаторых аб'явах Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў адзначае, што не мусіць быць «кампраметавальнай інфармацыі ў дачыненні кандыдата і ягоных сваякоў». Таму мы пацікавіліся, што маецца на ўвазе. Гэта можа быць крымінальная судзімасць, напрыклад, у карупцыйных справах, патлумачыў суразмоўца з Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў.
Ізноў удакладняем, ці варта прыязджаць на сумоўе, калі за апошнія гады ў нас быў штраф па адміністратыўным правапарушэнні – за спасылку «на рэсурс, якога больш няма».
«Прыязджайце на сумоўе, усё абмяркуем, не праз тэлефон», – кажуць нам.
На развітанне падкрэсліваем, што пасля ўніверсітэту было толькі размеркаванне ў школе і больш ніякага досведу працы, тым больш у экспертызе. Аднак гэта камітэт не бянтэжыць, нашага «кандыдата» там гатовыя разгледзець.

Плацяць не шмат, а нагрузка велізарная
Шукаюць у якасці экспертаў таксама біёлагаў, заолагаў, лінгвістаў, інжынераў па прамысловым і грамадзянскім будаўніцтве. З патрабаванняў – толькі вышэйшая адукацыя.
Заробкі прапануюць розныя ў залежнасці ад месца, спецыяльнасці і пасады. Напрыклад, ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці эксперту-стажору прапануюць 1300-1400 рублёў за стаўку. Такіх спецыялістаў трэба адразу два. Туды ж патрэбен начальнік экспертнага структурнага падраздзялення. Прапануюць 2700 –3000 рублёў. У Менску на такой пасадзе даюць 3169 – 3670 рублёў, аднак тут з'яўляецца патрабаванне – «права самастойнага правядзення судовых псіхіятрычных экспэртыз» і досвед працы ад 5 гадоў.
У Менску медыцынскаму спецыялісту прапануюць 2266,25 – 2440 рублёў. Акрамя вышэйшай адукацыі, трэба прайсці перападрыхтоўку.
Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар адзначае, што праблема з судовымі экспертамі цягнецца не першы год.
«Так званае беларускае МУС вырашыла год таму рэфармаваць судовых экспертаў. Напрыклад, у Мазыры і ў Калінкавічах вельмі мала было экспертаў, таму іх аб'ядналі ў аддзел, які працуе на два ўчасткі.
Гэта не можа палепшыць сітуацыю ў прынцыпе, а толькі пагаршае яе, таму што гэта розныя гарады, падвышаная загрузка, а за перапрацоўкі ніхто не даплачвае. Гэта відавочнае недагляд Акадэміі МУС. Таму што там ёсць следча-экспертны факультэт.
,,Калі такі адток кадраў, і ён не змяншаецца, значыць, людзей у Акадэмію МУС практычна не прыходзіць або яны не размяркоўваюцца», – кажа Жыгар.
Сітуацыя будзе пагаршацца, мяркуе прадстаўнік «BELPOL», бо заробкі невялікія, а ўмовы працы вельмі цяжкія:
«Экспертыза – гэта адзін з асноўных складнікаў крымінальнай справы альбо матэрыялаў правярання. Працы там велізарная колькасць, у тым ліку даводзіцца выходзіць на содні. І наўрад ці хтосьці хоча працаваць за такія грошы, выконваючы столькі працы», – працягвае Жыгар.
Не стае не толькі судовых экспертаў
Паводле дакументаў, якія «BELPOL» перадаў «Белсату», ёсць у сілавікоў і іншыя праблемы з кадрамі. 30 жніўня 2024 года прайшла нарада ў пытаннях арганізацыі працы тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання. Старшынём сходу быў галоўны судовы выканаўца Беларусі Сяргей Нікель.
На сходзе давалі справаздачу «аб праведзенай працы ў падборы кадраў». Па выніках нарады адказным паказалі на «неналежную працу ў камплектаванні пасадаў», якія вольныя больш за тры месяцы. Яшчэ аказалася, што ёсць праблемы з інфармацыйнаю бяспекаю.

Не ўсё гладка і ў дзяржаўнага прадпрыемства «БелЮрЗабеспячэнне». Яно сярод іншага ацэньвае маёмасць і прадае арыштаваную маёмасць.
«BELPOL» перадаў «Белсату» і пратакол Міністэрства юстыцыі за 20 жніўня 2024 года. У дакуменце гаворыцца пра даручэнні міністра юстыцыі Яўгена Каваленкі па выніках нарады:
«Зрабіць захады дысцыплінарнага ўздзеяння да кіраўнікоў філіялаў "БелЮрЗабеспячэння", якія не запэўнілі стабільнасці кадравага складу падначаленых падраздзяленняў (цякучасць кадраў у якіх на 1 жніўня 2024 года склала больш за 15 %)», – гаворыцца ў пратаколе.
Таксама Каваленка даручае «прааналізаваць прычыны звальнення работнікаў».
«Праблема кадраў цяпер актуальная ўвогуле для ўсёй Беларусі. І судовыя эксперты ці кірунак прымусовага выканання пакаранняў не выключэнне», – падводзіць рысу прадстаўнік «BELPOL».
Арсен Рудэнка belsat.eu