Вайна

Сітуацыя ва Украіне: ЗСУ пакуль не ўдаецца спыніць праціўніка на Данбасе

вайна ва Украіне
Украінскія вайскоўцы рыхтуюць да запуску прататып беспілотніка VTOL пад Краматорскам, Украіна. 24 кастрычніка 2024 года. Фота: Andre Luis Alves / Anadolu Agency / Abaca Press / East News
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 28 кастрычніка чытайце ў нашым матэрыяле.

Стабілізацыя фронту на Куршчыне

Цягам апошняга тыдня працягваліся баявыя дзеянні рознай інтэнсіўнасці па ўсёй лініі фронту на тэрыторыі Курскай вобласці РФ.


У прыватнасці, у Глушкоўскім раёне баі па-ранейшаму
лакалізаваліся ў ваколіцах сяла Новы Пуць, дзе раней Збройныя сілы Украіны занялі абарону ўздоўж чыгуначнай лініі. Цяпер гэта адзіны актыўны ўчастак фронту ў раёне, бо на іншых расейцам удалося выбіць праціўніка за дзяржаўную мяжу.

У суседнім Коранеўскім раёне захоўвалася высокая інтэнсіўнасць
баёў у ваколіцах населеных пунктаў Зялёны Шлях і Ніжні Клін: тут ЗСУ намагаюцца расшырыць «гарлавіну» паўкатла, у які яны трапілі ў выніку ранейшага прарыву расейцаў. У гэты ж час на поўнач ад гэтага ўчастку атакуюць войскі РФ, якія намагаюцца прасунуцца на тэрыторыі мясцовых урочышчаў.

У Суджанскім раёне ЗСУ намагаюцца зноў перахапіць ініцыятыву і адбіць раней страчаныя пазіцыі: вядома, прынамсі, пра іхныя
прасоўванні ў ваколіцах населенага пункту Кірэеўка (на поўначы ад адміністрацыйнага цэнтру).

Агулам, нягледзячы на сур'ёзныя поспехі расейцаў у папярэднія тыдні, ЗСУ ўдалося стабілізаваць лінію сутыкнення і паспяхова атакаваць самім на асобных участках фронту, што ўскосна ўказвае на захаванне наступальнага патэнцыялу ў рэгіёне.

Акрамя гэтага, важным дасягненнем можна лічыць тое, што Збройным сілам пакуль удаецца пазбегнуць поўнага атачэння на ўчастку фронту з поўдня ад сяла Любімаўка ў Коранеўскім раёне. Гэты факт, у сваю чаргу, таксама ўказвае на адсутнасць у расейцаў неабходных сілаў.
 


Вайсковыя вучэнні 244-га батальёна 112-й брыгады ЗСУ пад Краматорскам, Украіна. 24 кастрычніка 2024 года. Фота: Andre Luis Alves / Anadolu Agency / Abaca Press / East News
Вайсковыя вучэнні 244-га батальёна 112-й брыгады ЗСУ пад Краматорскам, Украіна. 24 кастрычніка 2024 года. Фота: Andre Luis Alves / Anadolu Agency / Abaca Press / East News

Выцісканне ЗСУ за раку Жарабец

 На паўночным усходзе Украіны варта звярнуць увагу на ліманскі кірунак, які доўгі час заставаўся адносна стабільным. Тут назіраецца актывізацыя Узброеных сілаў РФ, якія намагаюцца выціснуць праціўніка з плацдарму на левым беразе ракі Жарабец.


Так, цягам апошняга тыдня расейцы
выбілі ЗСУ з населеных пунктаў Неўскае і Новасадовае, што стварае добрыя ўмовы для далейшага руху на поўдзень, на рубеж Церны - Ямпалаўка.

Адначасова з гэтым расейцы ціснуць на плацдарм знізу, у ваколіцах сяла Торскае, але там ЗСУ пакуль удаецца ўтрымліваць пазіцыі.
Пры гэтым і самыя ўкраінскія вайскоўцы пацвярджаюць, што сітуацыя на кірунку з'яўляецца цяжкай для Сілаў абароны краіны.

На поўдзень ад ракі Сівэрскі Данец – ліманскі кірунак – ЗСУ
захоўваюць пазіцыі ў населеных пунктах Серабранка, Грыгораўка і Белагораўка, хоць пра захоп першых двух паспелі заявіць у Міністэрстве абароны РФ.


Акрамя гэтага пад кантролем ЗСУ ўсё яшчэ знаходзіцца сяло Верхнякаменскае, пра заняцце якога таксама паведамляла расейскае камандаванне.


Агулам, гэты ўчастак фронту выглядае адным з найбольш стабільных на ўсім усходнім фронце, хоць часцяком адсюль і паступае разнастайная непацверджаная інфармацыя.


Украінскі салдат удзельнічае ў вучэнях па стральбе з рознай зброі і медычнай эвакуацыі ў Данецкай вобласці, Украіна. 26 кастрычніка 2024 года. Фота: Andre Luis Alves / Anadolu Agency / Abaca Press / East News
Украінскі салдат удзельнічае ў вучэнях па стральбе з рознай зброі і медычнай эвакуацыі ў Данецкай вобласці, Украіна. 26 кастрычніка 2024 года. Фота: Andre Luis Alves / Anadolu Agency / Abaca Press / East News

Пагроза атачэння ЗСУ на Данбасе

У гэты ж час сітуацыя для ЗСУ ў цэнтральнай і паўднёвай частках Данбасу працягвае імкліва пагаршацца.

У прыватнасці, варта звярнуць увагу на пакроўскі кірунак, дзе правальваецца абарона ўкраінцаў у горадзе
Сэлыдава і ягоных ваколіцах: у самім населеным пункце ЗСУ яшчэ захоўваюць частку пазіцыяў, але ў гэты ж час яны рызыкуюць апынуцца ў атачэнні, бо расейцы імкнуцца перарэзаць магчымы шлях адыходу цераз населены пункт Вішнёвае (на захадзе ад Сэлыдава).

Агулам, пакуль выглядае на тое, што расейцы ў першую чаргу імкнуцца пазбягаць цяжкіх гарадскіх баёў, робячы стаўку на флангавыя прарывы з далейшымі атачэннямі.

Аналагічным чынам яны дзейнічаюць і ніжэй па фронце – на стыку пакроўскага і курахаўскага кірункаў: тут УС РФ
намагаюцца абысці з паўночнага захаду ўмацаваныя пазіцыі абароны ўкраінцаў у населеных пунктах Гарняк, Заранае і Курахаўка. За апошні тыдзень ім удалося праціснуць абарону праціўніка ў Новасэлыдаўцы і зайсці ў сам населены пункт, акрамя гэтага расейцы захапілі Ізмайлаўку.

Імаверна, далей адсюль пойдзе рух на поўдзень, у бок сёлаў Ільінка і Бэрэсткі, якія знаходзяцца каля беразе Курахаўскага вадасховішча, у выніку чаго атрымаецца закрыць кацёл для ЗСУ.

Сітуацыя для ўкраінцаў на гэтым участку фронту набліжаецца да крытычнай, і ў першую чаргу з’яўляецца вынікам істотнага недахопу асабовага складу.

Маюць войскі РФ істотныя поспехі і на самым поўдні Данецкай вобласці. Прарасейскія крыніцы сцвярджаюць, што за некалькі дзён УС РФ
занялі ўчастак плошчай каля 50 квадратных кіламетраў, у выніку чаго ўдалося завязаць баі за сёлы Богаяўленка і Шахцёрскае.

Аналітыкі праекту Deepstate
адзначаюць, што расейцы прарываюцца з дапамогаю калонаў цяжкай тэхнікі. Пры гэтым іхным поспехам па-ранейшаму спрыяе сістэмная праблема ЗСУ, калі слабыя і неўкамплектаваныя асабовым складам участкі фронту прыкрываюцца сіламі тэрытарыяльнай абароны, што прыводзіць да дрэннага ўзаемадзеяння ўнутры падраздзяленняў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення. 


Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.


Наталля Кулыгіна
belsat.eu 


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10