Меркаваннi

Хто будзе наступным прэзідэнтам Польшчы?

Выбары ў Польшчы 15 кастрычніка 2023 года. Фота: Beata Zawrzel/NurPhoto via Getty Images
Выбары ў Польшчы 15 кастрычніка 2023 года. Фота: Beata Zawrzel/NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Тысячы беларусаў, якія выехалі ў Польшчу пасля падзеяў жніўня 2020 года, упершыню пабачаць, як выглядаюць дэмакратычныя выбары ў суседняй краіне. І гэта бясцэнны досвед.

У 37-мільённай Польшчы выбары прэзідэнта адбываюцца ў адзін дзень і няма ніякай праблемы з яўкай (на мінулых выбарах у 2020 годзе падчас першага туру яна склала 64,5 %).

Для многіх палякаў гэта сапраўднае свята, звычайна ідуць усёй сям’ёй, робяць фотаздымкі каля ўрнаў (што бачна потым у сацсетках). Зрабіць сабе сэлфі з бюлетэням сталася традыцыяй, асабліва для палітыкаў, журналістаў ці іншых публічных асобаў. Ніхто ў Польшчы не прымушае ісці на выбары, але большасць палякаў лічыць гэта грамадзянскім абавязкам. Бо кожны ведае, што ён не статыст у чужым спектаклі, а грамадзянін, голас якога, без перабольшвання, вырашае лёс краіны.


Хто пазмагаецца за прэзідэнцкі палац у Польшчы?


Выбары адбудуцца ў наступным годзе, але дата пакуль не вызначаная. Афіцыйна толькі адзіная партыя ў Польшчы паказала свайго кандыдата.

Славомір Мэнцэн (Sławomir Mentzen) будзе прадстаўляць ультраправую «Канфедэрацыю» («Konfederacja»). Аднак галоўныя гульцы палітычнай сцэны ў Польшчы пакуль сваіх кандыдатаў не называюць. Партыя «Закон і справядлівасць» («Prawo i Sprawiedliwość»), якая кіравала ў Польшчы ў 2015–2023 гадах, мае прадставіць свайго кандыдата 10 або 11 лістапада (Дзень Незалежнасці Польшчы). Польскія медыі спекулююць, што партыя выставіць Караля Наўроцкага (Karol Nawrocki), кіраўніка Інстытуту нацыянальнай памяці (IPN). Кандыдаткай левых («Lewica») на прэзідэнцкіх выбарах хутчэй за ўсё будзе кіраўніца Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Агнешка Дземяновіч-Бонк (Agnieszka Dziemianowicz-Bąk). Сярод магчымых кандыдатаў згадваецца і кіраўнік польскага Сейму Шыман Галоўня (Szymon Hołownia), які да прыходу ў палітыку быў журналістам, вядоўцам і шоўменам.

Галоўная інтрыга сёння – каго выставіць кіроўная Грамадзянская кааліцыя («Koalicja Obywatelska»). Барацьба ідзе паміж прэзідэнтам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім (Rafał Trzaskowski) і кіраўніком польскай дыпламатыі Радославам Сікорскім (Radosław Sikorski). Кааліцыя мае прыняць рашэнне да 9 снежня.

Дональд Туск разам з Рафалам Тшаскоўскім. Фота: Andrzej Iwanczuk/NurPhoto via Getty Images
Дональд Туск разам з Рафалам Тшаскоўскім. Фота: Andrzej Iwanczuk/NurPhoto via Getty Images

Хто перамагае ў апытаннях?

Менавіта сацыялагічныя апытанні ў Польшчы вызначаюць спіс кандыдатаў на выбарчых бюлетэнях. Калі палітык слаба выглядае ў апытаннях, партыя яго не вылучыць, нават калі ён кіруе гэтай партыяй (менавіта таму Ярослаў Качыньскі і Дональд Туск хутчэй за ўсё не будуць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах).



Апошняе апытанне («United Surveys» для «Wirtualna Polska») у першым туры дае перамогу Тшаскоўскаму (39,9 %). Наўроцкі атрымаў бы 26,6 %, Галоўня мог бы разлічваць на 11,4 % галасоў, а Мэнцэн – на 9,3 %. Кандыдатка левых Дземяновіч-Бонк атрымлівае ў апытаннях 7,4 % падтрымкі. Пры такім раскладзе за Прэзідэнцкі палац пазмагаліся б у другім туры Тшаскоўскі і Наўроцкі. Калі б Грамадзянская кааліцыя выставіла Сікорскага, кіраўнік МЗС у першым туры атрымаў бы 25,5 % галасоў і прайграў бы Наўроцкаму (26 %). У такой сітуацыі на большы вынік маглі б разлічваць і іншыя кандыдаты.


Што можа прэзідэнт у Польшчы?


Прэзідэнт у Польшчы не выдае дэкрэтаў, не вызначае складу ўраду і г. д. Ён мае заканадаўчую ініцыятыву і права вета. Але парламент (Сейм) можа адхіліць вета 3/5 часткай галасоў. Для гэтага спатрэбіцца падтрымка мінімум 276 дэпутатаў (з 460). Сёння кіроўная кааліцыя не мае такой колькасці (маюць 238 дэпутатаў). Таму ад вынікаў выбараў у Польшчы будзе залежаць і эфектыўнасць сённяшняй парламенцкай большасці, бо наступны прэзідэнт зможа блакаваць новыя праекты законаў. Зможа і ўплываць на дзейнасць ураду, прынамсі ў замежнай палітыцы. Бо прэзідэнт у Польшчы зацвярджае кандыдатуры паслоў, якіх Варшава адпраўляе ў замежныя краіны.



Сёння паміж урадам і дзейным кіраўніком краіны Анджэем Дудам (Andrzej Duda) існуе канфлікт. Таму Польшча не мае амбасадараў, сярод іншага, у ЗША, у сядзібе NATO, але таксама ва Украіне і многіх іншых краінах. Папярэдніх дыпламатаў, якія мелі падтрыманне прэзідэнта, адклікаў МЗС. Таму сёння ў многіх сталіцах свету Польшчу прадстаўляюць павераныя ў справах («chargé d'affaires»).


Ці зменіцца палітыка Варшавы ў дачыненні Беларусі?


Не варта спадзявацца на нейкую істотную змену палітыкі Варшавы ў дачыненнях з Менскам пасля змены прэзідэнта Польшчы. У Польшчы існуе кансэнсус (не лічачы некалькіх прарасейскіх і пралукашэнкаўскіх маргінальных групаў) у дачыненні беларускага пытання. І Лукашэнка не зрабіў дагэтуль ніводнага кроку, каб прадэманстраваць жаданне змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Галоўнае патрабаванне Варшавы – вызваленне палітвязняў, у тым ліку журналіста і аднаго з лідараў польскай меншасці Анджэя Пачобута. Толькі пасля гэтага Менск мог бы разлічваць, напрыклад, на адкрыццё закрытых памежных пераходаў. Пра нейкую сур’ёзную (палітычную) адлігу ці перазагрузку стасункаў казаць пакуль не выпадае.

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10