Як той казаў, бабы яшчэ народзяць. У Беларусі ўлады працягваюць ставіцца да дзяцей выключна як да будучых жаўнераў. І вучаць іх, што вайна – гэта нармальна і нават крута. Трэба прывыкаць з дзяцінства.
«Беларусбанк» нядаўна арганізаваў «свята» для дзяцей з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Здавалася б, што магло пайсці не так? Ды прыблізна ўсё. Калі я ўбачыла такі загаловак у дзяржаўных СМІ, спачатку падумала, што гаворка пра чарговае закідванне дзяцей цукеркамі. Але ж нібыта не сезон, звычайна гэта робяць на Новы год. Але ж Дзень абароны дзяцей… Мо, з гэтай нагоды вырашылі заваліць дзяцей салодкімі наборамі?
Эх, лепш бы гэта былі цукеркі!
,,Дзяцей павезлі ў Вайсковую акадэмію, дзе ім расказвалі пра нацыянальную і кібербяспеку. Так-так, яны гэта называюць святам.
Старшыня банкаўскай арганізацыі Беларускага саюзу жанчын Ала Райцэс хваліцца, што яны кожны год прыдумваюць для дзяцей нешта новае: «У папярэднія гады вазілі дзяцей у Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на лінію Сталіна і на футбольны матч». І гэта яны называюць сацыялізацыяй і ўцягваннем дзяцей у дарослае жыццё!
«Хочацца, каб дзеці адчувалі, што ў роднай дзяржаве, моцнай і цудоўнай, яны пад надзейнай абаронай і маюць увагу і клопат», – дадае Райцэс. Але я ўсё ж хачу перапытаць: у чым менавіта выяўляецца гэты клопат? У «духмянай салдацкай кашы», «паходнай кухні» ці магчымасці пасядзець у танку? Ці ў тым, што дзецям далі пакіраваць выведным дронам?
,,Нешта мне падказвае, што куды большаю праяваю клопату было, каб улады адэкватна рэагавалі на палёт баявых расейскіх дронаў над беларускімі гарадамі, а не каб МНС казаў: «Гэтай справы не спрагназаваць і інфармаваць папярэдне тут ніяк не атрымаецца. І тады ніхто не пацярпеў, ён проста лятаў».
Ці каб АМАП не ўчыняў аблавы на людзей, якія выкладвалі відэа з расейскімі дронамі, што ўсё ж выбухалі ў Беларусі. Ці каб дзяржава перастала падтрымліваць Расею ў агрэсіі супраць Украіны, робячы тым самым цэлы шэраг аб’ектаў у Беларусі легітымнай мішэнню ўжо ўкраінскіх атак.
Ды куды лепшым клопатам было б рыхтаваць дзяцей да мірнага жыцця, а не ствараць ім карціну свету, дзе салдацкая каша і танк – гэта атрыбуты свята!
,,Калі ўжо нарэшце беларуская дзяржава, якая так шмат расказвае пра каштоўнасць мірнага неба над галавою, перастане фанацець па Другой сусветнай вайне і стане казаць пра рыхтаванне да імаверных будучых войнаў як пра сумную неабходнасць, а не як пра штосьці вельмі файнае, пра што дзецям варта марыць? Калі паездкі на калявайсковыя аб’екты перастануць называць святам?
Бо калі прыярытэты дзяржавы вось такія, калі дзеці для яе – гэта выключна патэнцыйныя жаўнеры, дык як улады чакаюць паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі? Яны ж так глядзяць не толькі на «дзяржаўных» дзяцей, якія растуць без бацькоў, але і на тых, што жывуць у родных сем’ях.
І, каб жыццё малінай не здавалася, яшчэ і забаранілі дзецям, якія жывуць у Беларусі, вучыцца онлайн у замежных школах. Раней гэта было выйсце для тых, хто не хоча перасякацца з беларускай адукацыйнай сістэмай ды імкнецца максімальна абараніць сваіх дзяцей ад дзяржаўнай прапагандысцкай машыны. Але больш так не атрымаецца – усе дзеці мусяць вучыцца ў мясцовых школах, каб напоўніцу адчуць на сабе дзяржаўны клопат.
,,Хіба можа вырасці чалавек годным, калі не ходзіць з класам на парады і не выслухоўвае лекцыі міліцыянтаў у актавай зале? Хіба можна дапусціць, каб дзеці былі па-за кантролем школьнай сістэмы? Каб іх не вучылі людзі, якія прафесійна фальсіфікуюць выбары?
Дапусціць гэтага сістэма ўжо ніяк не можа. І што самае галоўнае, яна не можа дапусціць, каб у бацькоў увогуле быў выбар. Схема старая і дзе ўжо толькі не адпрацаваная – спачатку людзей трэба да чагосьці доўга прымушаць, каб яны з часам паверылі, што гэта норма і інакш і быць не можа. А калі ім з часам дадуць яшчэ варыянты на выбар і яны прадказальна не стануць нічога змяняць, можна заявіць: вось бачыце, ім гэтага і не трэба!

Праз 15 гадоў пасля руйнавання Берлінскай сцяны чэшскія алені па-ранейшаму не перасякалі лінію там, дзе яна раней стаяла. Людзі таксама часта схільныя да таго, каб прытрымлівацца старых правілаў, нават калі тых ужо і няма. Колькі беларусак і беларусаў працягваюць за мяжой чакаць на пустых начных вуліцах, пакуль запаліцца зялёнае святло, хоць іх за пераход на чырвонае яўна ніхто не аштрафуе!
Да чаго тут дзеці ды іхная паездка ў Вайсковую акадэмію, спытаеце вы? Ды да таго, што яны жывуць у карціне свету, у якой такія паездкі – гэта свята. І перавучваць іх пазней будзе вой як няпроста. Як і тлумачыць ім, што такое сапраўдны клопат. І што ўвесь час вяртацца ў вайсковае жыццё – гэта зусім не тое, дзеля чаго нам усім патрэбны мір.