Цяпер з эканомікаю нібыта ўсё добра, аднак урад моцна рызыкуе, лічыць эксперт даследчага цэнтру Анатоль Харытончык.
«Беларуская эканоміка ў трэцім квартале прытармазіла, аднак узровень эканамічнай актыўнасці заставаўся на гістарычна максімальных адзнаках», – гэтымі словамі пачаў брыфінг эксперт даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык. Ён падсумаваў працу эканомікі ў студзені – верасні і даў прагнозы налета.
Паводле аналітыка, справы ідуць вонкава добра дзякуючы ўнутранаму спажывецкаму попыту, які не сціхае з увагі на хуткі рост заробкаў, крэдытавання, бюджэтных выдаткаў і аптымізм хатніх гаспадарак.
«Пры гэтым вытворцы вычарпалі рэзервы закрыцця гэтага высокага попыту за кошт дазагрузкі існых магутнасцяў, таму яны працягнулі мерна нарошчваць інвестыцыі, аб'ём якіх, зрэшты, усё яшчэ ніжэйшы за даваенныя паказнікі», – адзначыў адмысловец.
Сітуацыя для прадпрыемстваў застаецца цяжкаю, іхныя выдаткі растуць, што падтрымлівае інфляцыйны ціск, – у выніку цэны на нерэгулюемыя тавары і паслугі пачалі расці шпарчэй.

За 9 месяцаў ВУП вырас на 4,5 %, асобна ў верасні – на 1,6 % год да года і на 1 % – у параўнанні з жніўнем. Эканоміку штурхала ўгару будаўніцтва, гандаль і IT-сектар.
«Прамысловасць у трэцім квартале не расла, транспартавая галіна таксама стагнавала, сельская гаспадарка нават знізіла на 2,8 % сваю дададзеную вартасць, – сказаў Харытончык. – Ураджай збожжа аказаўся крыху вышэйшым за нізкі леташні ўзровень, пры гэтым ураджайнасць крыху ніжэйшая, у бульбе таксама. І жывёлагадоўля моцна запаволілася ў трэцім квартале. Імаверна, гэта паказвае на насычэнне расейскага рынку».
Калі б не разагрэты ўнутраны попыт, хваліцца не было б чым. «Менавіта дзякуючы яму ВУП не знізіўся ў трэцім квартале», – упэўнены эксперт цэнтру BEROC. Пры гэтым купля беларусамі ўсяго што можна нясе рызыкі макраэканамічнай стабільнасці. Сцішыць спажывецкі бум дапамаглі б больш дарагія крэдыты, але Нацбанк не спяшаецца ўмешвацца:
,,«Стаўкі крэдытаў насельніцтву ўжо нейтральныя, аднак не абмежавальныя. Спажывецкія выдаткі павялічваюцца высокімі тэмпамі, і нейтральных ставак недастаткова для ахаладжэння вось гэтага высокага попыту».
У верасні ў параўнанні з жніўнем прамысловая вытворчасць скарацілася на 1,3–1,5 % з улікам сезоннасці. Напрыклад, істотна зменшыўся выпуск у Віцебскай і Гомельскай вобласцях, імаверна, гэта звязана з тым, што дасюль нафтаперапрацоўка не ачуняла пасля летняга ўрагану. Харчовы комплекс таксама прытармазіў:
«Рост апрацоўчай прамысловасці ў верасні адзначаны ў Гарадзенскай і Менскай вобласці, аднак гэта, хутчэй за ўсё, адлюстроўвае ўзнаўленне выпуску азотных угнаенняў, бо ў жніўні яны істотна ўпалі, і моцная дынаміка захоўваецца ў частцы выпуску калійных угнаенняў».
Харытончык падкрэсліў, што прадпрыемствы загружаныя ў сярэднім на 70 %, і расці далей – задача не з простых:
,,«Нястача магутнасцяў, дэфіцыт кадраў, складаная лагістыка і яе фінансаванне працягвае стрымліваць магчымасці прадпрыемстваў у падтрыманні высокіх тэмпаў росту. Пры гэтым у апошнія месяцы зноў пачалі крыху падрастаць складскія запасы, асабліва ў Менску. І гэта можа паказваць на прыкметы або аслаблення попыту ў Расеі, або ўсё большага негатыўнага ўплыву канкурэнцыі на расейскім рынку, што ўзрасла».
Ва ўмовах, калі вытворцы не паспяваюць за шалёным попытам разбагацеўшых беларусаў, расце імпарт, хаця і экспарт застаецца на высокім узроўні. Вонкавы гандаль краіны падтрымоўвае павышаны попыт у Расеі з такой жа, як у нас, перагрэтай эканомікай:
«Высокі экспарт часткова маскуе высокі імпарт, то бок мы маем перагрэў і ўнутранага, і вонкавага попыту, што пакуль дазваляе гандлю таварамі знаходзіцца ў даволі заўважным, аднак не крытычным мінусе».
Вонкавы гандаль ратуюць паслугі, і тут, паводле эканаміста BEROC, адбіваецца асцярожнае ўзнаўленне IT-сектару. І хоць галіна толькі адштурхоўваецца ад дна, зарабляць валюту дазваляе падаражэнне IT-паслугаў.
Сальда вонкавага гандлю цягам года боўтаецца з мінуса ў плюс, і калі пачнецца ўстойлівае праяданне валюты, кампенсаваць такі дэфіцыт, які звычайна пакрываецца інвестыцыямі, будзе надзвычай цяжка:
«Пасля ўвядзення санкцыяў, пасля павышэння таксічнасці супрацы з беларускімі контрагентамі магчымасць доступу да вонкавага фінансавання істотна абмежаваная».
З увагі на гэта паказнікі гандлю Беларусі з іншымі краінамі могуць расхістаць эканамічную стабільнасць.

Што датычыць інфляцыі, то ўладам удаецца яе стрымліваць дзякуючы жорсткаму рэгуляванню і, падобна, 6 % яна сёлета не перавысіць. Разам з тым заўважна растуць цэны там, дзе дзяржава не лезе са сваёй папулісцкай захадай:
«Невялікае паскарэнне базавай інфляцыі звязанае з павышэннем прыросту цэнаў менавіта на нерэгулюемыя паслугі, там павышэнне прынамсі з 8 % да 10 %. Рынкавыя побытавыя паслугі падаражэлі на 11 % у верасні ў параўнанні з жніўнем. Гэта высокі тэмп росту, звязаны з істотным павышэннем выдаткаў у асяроддзі надмернага попыту і нястачы работнікаў».
Такім чынам, выдаткі вытворцаў растуць, аднак дзяржаўны кантроль не дазваляе кампенсаваць гэтыя выдаткі праз рост цэнаў. «У выніку ўзровень цэнаў на нерэгулюемыя паслугі перавысіў узровень цэнаў на нехарчовыя тавары больш чым на 5 % у верасні, і гэтае нарастанне павялічваецца, што сігналізуе аб назапашванні інфляцыйнага навеса», – сказаў Анатоль Харытончык.
Ён, праўда, прызнаў, што інфляцыйны навес (патэнцыйны рост цэнаў у тым выпадку, калі іх перастануць рэгуляваць), хаця і істотны, але яшчэ не крытычны «з пункту гледжання ўзнікнення якіх-кольвек сур'ёзных крызісных з'яваў»:
«Базавы прагноз інфляцыі сёлета – 5,5–6 % і каля 6–8 % – налета».

Эксперт падсумаваў, што эканоміка Беларусі, насуперак заявам уладаў, застаецца перагрэтаю, аднак, падобна, пік ужо мінуў:
«Адхіленне ВУП ад збалансаванай траекторыі перастала пашырацца. Гэта можа сігналізаваць, давайце з асцярожнасцю пра гэта скажам, аб імаверным мінанні піку экспансіі. Пры гэтым маштаб перагрэву застаецца блізкім да максімальнага за 10 гадоў».
Бюджэтнае стымуляванне захаваецца і налета, хаця і ў меншых аб'ёмах, таму ўнутраны попыт усё адно плануюць падштурхоўваць наперад. Харытончык чакае павольнага ахалоджвання эканомікі, аднак толькі ў адным выпадку: калі абыдзецца без узрушэнняў у расейскай або сусветнай эканоміцы. І ў гэтым «калі» таіцца галоўная праблема:
«У палітыцы ўладаў маецца істотная рызыка для такой мяккай пасадкі эканомікі. Калі бюджэтная палітыка ў Беларусі і Расеі стымулюючая, чакаецца, што гэты стымул і там, і там будзе зніжацца налета, то вось манетарная палітыка ў Расеі рэкордна жорсткая, а ў Беларусі – толькі блізкая да нейтральнай. І калі жорсткая манетарная палітыка ў Расеі моцна астудзіць там попыт, то беларускі экспарт можа перастаць маскаваць павышаны імпарт, які працягне падтрымоўвацца няжорсткай грашова-крэдытнай палітыкай у Беларусі».
Зрэшты, сёння на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі ўлады ўсцяж хваліліся станам эканомікі. Старшыня верхняй палаты Наталля Качанава заявіла, што «нягледзячы на санкцыйны ціск і іншыя вонкавыя выклікі, беларуская эканамічная мадэль працягвае даказваць сваю эфектыўнасць і слушнасць».
А першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, завочна спрачаючыся з «апанентамі і асобнымі экспертамі», запэўніваў, што аніякім перагрэвам у эканоміцы і не пахне. Сваю пазіцыю ён абгрунтаваў тым, што доля заробкаў у агульных выдатках амаль не змянілася і складае 22 %, што «ў прынцыпе няма прыкметаў інфляцыйнага паскарэння», што няма ціску на валютны рынак, бо беларусы здаюць у абменнікі болей, чымся купляюць, і што павялічваецца доля выдаткаў на нехарчовыя тавары.
«Такім чынам, урад не бачыць неабходнасці стрымліваць рост заробкаў», – сказаў чыноўнік, адзначыўшы, што Мінэканомікі штомесяц аналізуе 19 паказнікаў гэтак званай цеплавой карты перагрэву, і, маўляў, гэтыя дадзеныя сведчаць: эканоміка развіваецца ў нейтральнай зоне.
Снапкоў таксама з гонарам адзначыў, што заробкі павялічваюцца без шкоды для фінансавага стану прадпрыемстваў, а эканоміка другі год запар расце тэмпамі, вышэйшымі за сусветныя, і спыняцца не плануе:
«Нягледзячы на вонкавыя рызыкі, мы не зварочваем з вызначанага шляху і на наступны год, гэтак жа, як і два апошніх, запланаваны рост эканомікі тэмпамі вышэйшымі за сусветныя: 4,1 %».
Гэтак жа завочна адказваючы першаму намесніку прэм’ер-міністра, эканаміст Харытончык назваў падчас брыфінгу свой базавы прагноз: у наступным годзе эканоміка Беларусі вырасце на 1–2%, а дэфіцыт вонкавага гандлю складзе 0–2 % ВУП. Істотнай дэвальвацыі або гіперінфляцыі, калі не прыляціць нечаканы «чорны лебедзь», аналітык не чакае. Ён пры гэтым упэўнены: улады дзеяць валюнтарысцкім чынам:
,,«Палітыка ўраду павышае рызыкі таго, што калі знянацку нешта сур'ёзнае здарыцца ў свеце і Расеі, то спад будзе больш істотны і балючы, чымся ў тым выпадку, калі б яны праводзілі больш жорсткую палітыку і не дапускалі такога перагрэву».
Але і без неспадзяванак беларускай эканоміцы наканаваны слабы рост, адпаведна, і заробкі не будуць пухнуць як на дражджах, падкрэсліў Харытончык.
«Праблема ў тым, што такая камбінацыя, калі эканоміка даволі сур'ёзна перагрэта і калі існуе інфляцыйны навес, гэта робіць эканоміку крохкай. Калі раптам адбудзецца істотны шок, у нас прастора для падзення досыць істотная», – падсумаваў эксперт цэнтру BEROC.
Таксама глядзіце ў «Аб'ектыве»:
Сцяпан Кубік belsat.eu