Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў 22 кастрычніка, выступаючы на супольным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, адказаў на заявы незалежных экспертаў пра перагрэў беларускай эканомікі.
У парламенце першы віцэ-прэм’ер вырашыў «адказаць асабліва заўзятым апанентам». Мікалай Снапкоў звярнуў увагу, што перагрэву эканомікі няма, хоць урад актыўна стымулюе і робіць захады для новага інвестыцыйнага цыклу:
«У Міністэрстве эканомікі штомесяц ацэньваецца 19 індыкатараў, якія фармуюць так званую цеплавую мапу перагрэву. Цяпер можна канстатаваць, што эканоміка развіваецца ў нейтральнай зоне».
Чыноўнік адзначыў, што затраты на аплату працы растуць суразмерна іншым затратам, і доля расходаў на аплату працы «як была на ўзроўні 22 % у затратах, гэтак і засталася».
«Гэта сведчыць пра тое, што залішняга выплачанага заробку няма. Гэта па-першае. Па-другое, у прынцыпе няма прыкметаў на падставе ў тым ліку заробкаў, інфляцыйнага паскарэння, бо штомесячны прырост базавай інфляцыі, базавая інфляцыя – гэта сезонна згладжаная інфляцыя, то бок без уліку ўсплёску цэнаў на сезонныя тавары, захоўваецца на адным узроўні ‒ 0,4‒0,5 % ‒ ужо 11 месяцаў запар. Трэцяе. У прынцыпе адсутнічае ціск на валютны рынак. Насельніцтва сёмы месяц запар выступіла чыстым прадаўцом валюты і з пачатку года прадало валюты на $ 900 мільёнаў. Чацвёрты фактар. Расце доля выдаткаў на нехарчовыя тавары, набыццё аўтамабіляў і нерухомасці. У кошыку расходаў з 11,7 % у 2023 годзе да 13 % у 2024-м. Пры гэтым захоўваецца разумны дыспарытэт коштаў і заробкаў з Расеяй. Пры бягучым росце розніца заробкаў захоўваецца блізу 30 % і ў сярэднім за мінулыя гады карэктны дыспарытэт цэнаў і заработнай платы складае 25‒35 % у гэтым дыяпазоне», – сказаў Снапкоў.
Такім чынам, падкрэсліў ён, урад не бачыць неабходнасці стрымліваць заробкі.
Між тым незалежныя эксперты заяўляюць, што перагрэў эканомікі павялічваецца, і забяспечваць далейшы рост ВУП становіцца ўсё складаней.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Глеб Нержын belsat.eu