У студзені – жніўні сальда вонкавага гандлю сталася дадатным і склала $ 184 млн, падлічыў рэгулятар. «Белсат» папрасіў эканамістку Настассю Лузгіну растлумачыць гэты поспех і спытаў, ці працягне Беларусь назапашваць валюту.
За 8 месяцаў Беларусь прадала за мяжу тавараў і паслуг на $ 184 млн больш, чымся імпартавала. Сальда замежнага гандлю – надзвычай важны паказнік, бо гэта ледзь не адзіная ў нашай краіне крыніца валюты. Калі імпарт большы за экспарт, то розніцу звычайна кампенсуюць крэдытамі або інвестыцыямі. У выпадку Беларусі гэта будзе азначаць яшчэ большую прывязку да Расеі і залежнасць ад яе – чаргі з ахвочых даць нам грошай не відаць.
Замежны гандаль таварамі – галаўны боль Беларусі. Традыцыйна тут імпарт перавешывае экспарт, і ў студзені – жніўні розніца, паводле Нацыянальнага банку, скала $ 2,1 млрд. Рост адмоўнага сальда год да года – ажно 26 %. Экспарт павялічыўся на 4,2 %, а імпарт – на 5,5 %.
«Тут ролю адыгрывае спажывецкі попыт: заробкі ў нас растуць, крэдытаванне расце, адпаведна, не зніжаецца попыт на імпарт», – тлумачыць «Белсату» эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.
Акрамя таго, адбіваецца прага ўладаў да стымулявання эканомікі: інвестыцыйныя праекты, павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці.
«Гэта таксама стымулюе імпарт, завозіцца болей нейкага абсталявання, прамежных тавараў», – канстатуе адмыслоўца.
Улады могуць штучна абмяжоўваць імпарт і тым самым спрабаваць запаволіць вымыванне валюты, але гэта не спрацуе з таварамі, без якіх Беларусь не выжыве: энерганосьбітамі.
«Гэта такія ўласна сусветныя чыннікі, калі мы кажам пра цану на нафту, якую мы купляем. Варта разумець, што мы бачым статыстыку са спазненнем. Калі ў жніўні кошт зніжаўся, то ў другой палове верасня і ў пачатку кастрычніка ідзе рост цаны на нафту. Потым гэта адаб'ецца на плацёжным балансе. На энерганосьбіты выдаткі вялікія, і тут нічога не зробіш, усё залежыць ад сусветных коштаў», – адзначыла Лузгіна.
Вонкавы гандаль Беларусі выцягваюць з багны паслугі: іх імпарт год да года знізіўся на 1,5 % да $ 3,9 млрд, а экспарт вырас на 7,6 % да $ 6,1 млрд.
«Нашыя важныя экспартныя паслугі – транспарт і IT. Апошнім часам мы бачым аднаўленне транспарту і апошнія некалькі месяцаў заўважаем пэўнае ажыўленне ў IT-сектары, нават людзей сталі болей наймаць. Галіна прыстасоўваецца, перабудоўваецца на працу ў іншым рэжыме, з іншымі партнёрамі. Вядома, не будзе буму, як гэта было 4–5 гадоў таму. Груба кажучы, дасягнулі дна – і вось цяпер адштурхнуліся. Мы бачым такі асцярожны рост», – сказала эканамістка.
Днямі Белстат апублікаваў звесткі пра замежны гандаль таварамі за восем месяцаў года, і гэтая статыстыка традыцыйна адрозніваецца ад нацбанкаўскай. Паводле статыстычнага ведамства, адмоўнае сальда яшчэ большае: не $ 2,1 млрд, а $ 2,4 млрд.
Белстат таксама падлічыў, што экспарт у краіны СНД (амаль усё тут прыпадае на Расею) вырас год да года на 5,2 %, а імпарт адтуль – на 12,7 %. Пастаўкі ў Далёкую дугу павялічыліся на 2,3 %, затое імпарт адтуль упаў на 4,1 %.
Настасся Лузгіна прызнаецца, што без падрабязнай статыстыкі, якую ўлады старанна хаваюць, тлумачыць такія тэндэнцыі цяжка. Адзін з імаверных чыннікаў таго, што з Расеі сталі везці болей, – парушаныя гандлёвыя стасункі з ЕЗ:
«Раней багата чаго мы імпартавалі з Еўразвязу, нейкага абсталявання, спажывецкіх тавараў, тэхнікі. Цалкам імаверна, што часткова гэта „закрывае” цяпер Расея. Дый Расея заўсёды была нашым буйным пастаўніком: вельмі вялікая частка ўсяго імпарту адтуль – сыравіна, і тут нічога не змянілася».
Сёлета сальда вонкавага гандлю Беларусі вагаецца з мінуса ў плюс. Аніякай стабільнасці не варта чакаць і надалей, мяркуе эканамістка цэнтру BEROC:
«Тут багата чыннікаў нявызначанасці ў плане таго, як будзе працаваць расейская эканоміка, а там узялі курс на запавольванне эканамічнага росту. Паскорыць рост экспарту ў Расею або нават захаваць цяперашнія аб'ёмы будзе цяжка. З іншымі краінамі таксама маюцца праблемы, што былі і раней: лагістыка і далёкасць гэтых краінаў, дый зацікаўленасць гэтых дзяржаваў у гандлі з Беларуссю».
Перспектывы ў вонкавага гандлю Беларусі туманныя. Існуе вялікая верагоднасць, што замест назапашвання валюты нас чакае яе праяданне, падкрэсліла суразмоўца «Белсату». Улады і налета прагназуюць істотны рост ВУП (4,1 %), будуць падганяць эканоміку і ў хвост і ў грыву, а таму захаваюцца цяперашнія аб'ектыўныя прычыны далейшага павелічэння імпарту. Пры гэтым эканоміку Расеі – галоўнага спажыўца беларускіх тавараў – тамтэйшыя ўлады плануюць, наадварот, ахалоджваць.
«Попыт у Расеі будзе запавольвацца, і, адпаведна, магчымасці для пашырэння экспарту на расейскі рынак будуць абмежаваныя. Эканоміка Расеі будзе запавольвацца для ўсіх, і для Беларусі ў тым ліку. Пры гэтым ва ўладаў Беларусі застанецца опцыя з такім жа ахалоджваннем нашай эканомікі. «Тады мы не атрымаем такога росту, натуральна, затое інфляцыйна-дэвальвацыйныя працэсы будуць больш плаўныя, і сальда не выйдзе ў нейкія буйныя адмоўныя межы», – сказала экспертка.
Лузгіна падсумавала, што план росту беларускай эканомікі налета вельмі і вельмі рызыкоўны.
Сцяпан Кубік belsat.eu