Абмен адбыўся ўначы з 18 на 19 кастрычніка на памежжы паміж Чарнігаўскай і Гомельскай абласцямі. У выніку абмену палоннымі Украіне ўдалося вярнуць дадому 95 сваіх салдат. Столькі ж вярнулася ў Расею.
Пра абмен палоннымі ў сваім тэлеграм-канале паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«95 нашых людзей вярнуліся на радзіму. Ваяры, якія абаранялі Марыупаль і «Азоўсталь», Данеччыну, Луганшчыну, Харкаўшчыну, Кіеўшчыну, Чарнігаўшчыну, Херсоншчыну. Кожны раз, калі Украіна ратуе сваіх людзей з расейскай няволі, мы набліжаемся да таго дня, калі свабода вернецца ўсім, хто знаходзіцца ў расейскай няволі», – напісаў Уладзімір Зяленскі.
Абмен адбыўся па формуле 95 на 95 за пасярэдніцтвам Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве абароны РФ.
Сярод вызваленых украінскіх ваяроў – 34 байцы «Азова», якія цягам 86 дзён абаранялі Марыупаль, а пасля загаду пакінулі Азоўсталь і правялі ў расейскім палоне два з паловай гады.
Паводле словаў камандзіру брыгады «Азоў» Дзяніса Пракапенкі, каля 900 байцоў дасюль знаходзяцца ў расейскім палоне.
Вызваленыя расейскія салдаты зараз знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Ім надаецца неабходная дапамога, пасля праходжання лячэння яны будуць дастаўленыя ў Расейскую Федэрацыю, паведамляе ТАСС.
Раман Шавель belsat.eu