навіны

Лукашэнка гатовы да перамоваў з Захадам? Інтэрв’ю з еўрадэпутатам Міхалам Кабоскам

img
Міхал Кабоска. Калаж з фота: Beata Zawrzel/NurPhoto / Getty Image
podpis źródła zdjęcia

Што трэба рабіць, каб Лукашэнка вызваліў палітычных вязняў і спыніў рэпрэсіі ў краіне? Ці верыць Захад у байкі прапаганды рэжыму ў Менску пра гатовасць да дыялогу? Наколькі шклоўскі дыктатар успрымаецца як незалежны ад Крамля? І ці ёсць у Еўразвязу план на выпадак выкарыстання тактычнай ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі? На гэтыя пытанні нашаму спецыяльнаму карэспандэнту ў Бруселі Алесю Сілічу адказаў дэпутат Еўрапейскага парламенту Міхал Кабоска.


Алесь Сіліч: Спадару Кабоска, вы цяпер віцэ-старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту ў справе дачыненняў з Беларуссю. Мае віншаванні ў сувязі з гэтым. Як вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі, яе праблемы, на што найперш Еўрапейскі парламент мусіць звярнуць сваю ўвагу?


Міхал Кабоска: Па-першае, я лічу, што Еўрапарламент мусіць вельмі сур’ёзна займацца справамі Беларусі. У Еўразвязе на гэты момант шмат праблемаў – гэта і рэальная вайна, якая ідзе ва Украіне. Аднак, на мой погляд, не можа быць так, што гэтыя тэмы перакрыюць справы Беларусі – цяперашнія і будучыя. Для нас, польскіх еўрадэпутатаў, гэтая тэма будзе вельмі важная, бо будучыня Беларусі і атрыманне ёю дэмакратычных правоў таксама ў стратэгічных інтарэсах Рэспублікі Польшча.


Лукашэнка выпусціў вязняў. Ці лічыце вы гэта наступствам ціску з боку Еўразвязу і ЗША?


Гэта старыя, прымітыўныя прыёмы Лукашэнкі. Варта пачаць з таго, што ён не прэзідэнт Беларусі, ён сфальсіфікаваў выбары, якія прайшлі ў 2020 годзе. Мы не ўжываем да яго слова «прэзідэнт», бо ён не прэзідэнт.

,,

Лукашэнка мае такую старую тактыку: крок наперад, два крокі назад, ён спрабуе балансаваць у пэўным сэнсе і гуляць з аднаго боку з Еўропай, з другога – з Пуціным. Так не выйдзе. Гэта чорна-белы час у сферы дэмакратыі і павагі да правоў чалавека.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія арыштанты, затрыманыя падчас флэш-мобу пад назвай «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», бачныя з ізалятара часовага ўтрымання ў Менску, Беларусь. 6 ліпеня 2011 года. Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum
Запрашэнне да гандлю. Які ў Лукашэнкі план наконт палітвязняў? навіны

І калі Лукашэнка – а мы гэтага дамагаемся і задэкларавалі ў нядаўняй рэзалюцыі Еўрапарламенту – не вызваліць усіх палітвязняў, а толькі будзе казаць: гэтага вызвалю, гэтага не, а можа, Еўропа мне штосьці дасць наўзамен за вызваленне асобных людзей? Не! Такой дыскусіі няма. Мы не будзем гандляваць свабодаю людзей і свабодай грамадзянаў Беларусі, мы чакаем і жадаем вызвалення ўсіх – больш за тысячу – палітвязняў, пра якіх мы ведаем, якіх незаконна трымаюць за кратамі, якіх засудзілі на скандальныя выракі, непрымальныя ў дэмакратычным свеце.


Няма гаворкі пра тое, што калі Лукашэнка вызваліць траціну палітвязняў, то мы скажам, што на траціну ці на чвэрць ён зрабіўся дэмакратам і сапраўдным лідарам свайго народу. Я гэта кажу таксама ў кантэксце будучых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія, мяркую, ён мае намер сфальсіфікаваць, як сфальсіфікаваў папярэднія. Таму голас Еўропы, Еўрапарламенту мусіць быць тут вельмі моцны, гучны і рашучы.


Некаторыя эксперты лічаць, што частку санкцыяў з Лукашэнкі трэба зняць, а ціск аслабіць. Ці магчыма такое?


Я перакананы, што не. Чаму, на якіх падставах мы сёння мелі б здымаць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі? Гэта не той момант, калі мы павінны заахвочваць дыктатара да нейкіх дзеянняў.


,,

Мы чакаем, каб ён дакладна вызначыўся, ці хоча ён быць паслугачом Пуціна і каб яго запомнілі як прыгнятальніка ўласнага народу, ці ён хоча падрыхтаваць Беларусь да таго, каб краіна змагла зрабіцца дэмакратычнай, вольнай і прыналежнай да еўрапейскай супольнасці дзяржавай.


Святлана Ціханоўская. Фота: Светлана Тихановская / Telegram
Ціханоўская сустрэнецца з прадстаўнікамі найвышэйшага эшалону ўладаў Нямеччыны навіны

Не думаю, што ён прыме такое адважнае і адказнае рашэнне. Ніводны дыктатар, нават Лукашэнка, не жыве вечна, ягоны час скончыцца, і для нас пакрысе актуальным становіцца тое, што будзе пасля Лукашэнкі, як будуць выглядаць беларускія справы і як мы можам дапамагчы – вядома ж, аддаючы перавагу ў прыняцці рашэнняў народу Беларусі.


Якой бачыцца роля ціску на рэжым Лукашэнкі з боку дэмакратычных сілаў Беларусі, кабінету Святланы Ціханоўскай?


Гэта вельмі важна, гэта вызначальны момант. Існуе палітычная сіла, кабінет – адміністрацыя спадарыні Ціханоўскай. Яна асабіста вельмі актыўная, ейны голас гучыць у шмат якіх месцах Еўразвязу, таксама яна часта бывае ў Польшчы, у Варшаве, у хуткім часе будзе ў Сопаце на Еўрапейскім форуме новых ідэяў. Гэты голас мусіць быць пачуты, бо гэта голас свабоды, голас улады, якой прагне беларуская супольнасць. Беларусы могуць мець розныя палітычныя погляды, але сёння ёсць асноўны выбар: або ты за захаванне рэжыму Лукашэнкі (які адбірае вольнасць краіны і базавую якасць жыцця, да якой, напрыклад, у Польшчы, не паўстае пытанняў незалежна ад таго, на чыім палітычным баку мы стаім), або хочаш, каб Беларусь стала еўрапейскай вольнай дэмакратычнай краінай і не была б дзяржавай, якую Пуцін выкарыстоўвае ў сваіх агрэсіўных гульнях.


Наколькі вы верыце ў тэорыю, што Лукашэнка цяпер нібы спрабуе вырвацца з-пад уплыву Пуціна і ягонага рэжыму і таму падае Захаду адпаведныя сігналы? Мы чуем падобныя песні кожныя пяць гадоў.


На жаль, гэта базавая праблема, што некаторыя людзі на Захадзе (уласна я – не) дагэтуль маюць памылковыя чаканні, што Лукашэнка вернецца на шлях дэмакратыі, свабоды. Не, гэта абсалютна супярэчыць ягонаму стылю мыслення. Ён мае дыктатарскі менталітэт, які адмаўляе права людзей на вольны выбар уласных палітычных прадстаўнікоў. Такім чынам, ён увесь час спрабуе ўтрымаць нейкую незалежнасць ад Пуціна, але дэ-факта цяпер гэтай незалежнасці ўжо няма. Напрыклад, беларускае войска наўпрост не ўдзельнічае ў нападзе на Украіну, але тэрыторыя Беларусі шматразова ўжывалася як месца, з якога вяліся атакі і якое расейскае войска выкарыстоўвае для гэтых атак. Адпаведна, тут няма ніякай сіметрыі, нейкага размяшчэння Лукашэнкі паміж аднымі і другімі. Ён цяпер паслугач Пуціна.


Вы ўжо ўзгадалі магчымы ўвод беларускага войска на тэрыторыю Украіны і ўдзел у вайне на баку Расеі. Ці бачыце вы такі сцэнар як магчымы, ці ставіцеся да яго сур'ёзна і як бы вы асабіста і вашыя калегі заходнія палітыкі прарэагавалі на такія падзеі, калі яны ўсё ж адбудуцца?


Такую дыскусію мы вядзем з пачатку нападу Расеі на Украіну, ужо два з паловаю гады: ці далучыцца войска Лукашэнкі да гэтай атакі? На шчасце, гэтага не адбываецца. Я ўвесь час спадзяюся, што Лукашэнка не пойдзе на гэта, бо гэта было б ужо занадта. Гэта б выразна паказала, што Беларусь, яе рэжым непасрэдна атакуе Украіну. Я спадзяюся, што да гэтага не дойдзе. Але, на жаль, мы мусім быць падрыхтаваныя і да гэтага сцэнара. Відаць, што ў Пуціна ў гэтай вайне з розных прычынаў праблемы, яму не ўдаецца рэалізаваць уласных планаў. Доўга было б казаць, чаму так адбываецца.

,,

Але мы баімся магчымай эскалацыі з боку Расеі. Такой эскалацыяй, на жаль, можа быць выкарыстанне тактычнай ядравай зброі супраць Украіны або прыцягненне беларускага войска – мы мусім быць гатовыя таксама і да гэтага сцэнара.


Кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламенту для Беларусі Малгажата Гасеўска. Страсбур, Францыя. 9 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
«Гаага чакае». Інтэрв’ю кіраўніцы дэлегацыі Еўрапарламенту ў справе Беларусі навіны

Лукашэнка часта публічна абвінавачвае Польшчу і яе кіраўніцтва ў самых розных грахах, асабліва калі выступае перад беларускім гледачом, але адначасова дасылае сігналы пра магчымы дыялог з Польшчай. Ці магчымы такі дыялог? І калі так, то на якіх умовах?


Мы ўжо чулі столькі лухты з вуснаў Лукашэнкі на тэму Польшчы, што цяпер толькі паціскаем плячыма ці ўсміхаемся: што гэты чалавек яшчэ прыдумае? Бо мы чуем такую лухту, што маглі б самі не пазнаць нашай краіны. Лукашэнка паказвае Польшчу як краіну, дзе людзі пакутуюць, дзе ім няма чаго есці, яны просяць харчоў з Беларусі. Гэта, відавочна, абсалютная лухта. І гэта таксама ведаюць сотні тысяч грамадзянаў Беларусі, якія прыехалі ў Польшчу, працуюць там. І вельмі добра працуюць. Мы з імі вельмі добра разумеем адно аднаго – і тут добра, што ў Польшчы ёсць такая моцная беларуская супольнасць, якая таксама дазваляе зняўпраўджваць брахню Лукашэнкі. Бо ён выдае адну хлусню за адной. Але, з іншага боку, гэтыя людзі хацелі б вярнуцца ў сваю краіну, на сваю Айчыну. І гэта таксама нашая задача і адказнасць як еўрапейскіх палітыкаў – дапамагчы, каб беларусы маглі вярнуцца ў вольную Беларусь.


Вы вельмі неабыякавая да беларускіх справаў асоба. Апошні раз мы з вамі бачыліся падчас акцыі каля амбасады Беларусі ў Бруселі. І агулам вы ангажуецеся ў справы Беларусі. Чаму гэта для вас так важна і цікава і ці варта Еўрапейскаму Звязу надаваць Беларусі больш увагі?


Так, я лічу, што Еўразвяз мусіць надаваць Беларусі больш увагі і цікавіцца тым, што там адбываецца. Таксама я лічу, што ў будучыні, хоць сёння цяжка сабе гэта ўявіць, Беларусь мусіць стаць на шлях далучэння да Еўрапейскага Звязу.

,,

Цяпер гэта гучыць як навуковая фантастыка, але я яшчэ раз паўтару: ніводны дыктатар не жыве вечна. І я мяркую, што яшчэ пры нашым жыцці мы пабачым вольную Беларусь.


Беларусь – суседка Польшчы. Мы раслі разам, маем супольную гісторыю: Польшча, Беларусь, Украіна. У нас розныя старонкі ў гэтай гісторыі, не заўжды зручныя і прыемныя. Але мы найбліжэйшыя суседзі – і мусім трымацца разам. Мы павінны быць разам у гэты цяжкі час. І таму я асабіста магу лічыць сябе амбасадарам беларускіх справаў тут, у Еўрапейскім парламенце.


Інтэрв'ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 10.10.2024


belsat.eu



больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10