14–15 кастрычніка беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская наведвае з візітам Берлін, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі міністэрстваў і чальцамі Бундэстагу, каб узняць важныя для беларусаў пытанні.
Падчас візіту Святлана Ціханоўская збіраецца правесці сустрэчы з віцэ-канцлерам і міністрам эканомікі Робэртам Габэкам, міністаркай замежных справаў Аналенай Бэрбак, міністрам юстыцыі Марка Бушманам, міністаркай адукацыі і даследаванняў Бэтынай Штарк-Вацынгер, кіраўніком Ведамства федэральнага канцлера Вольфгангам Шмітам, а таксама з чальцамі Бундэстагу: Робінам Вагенэрам і парламентарыямі ад Партыі зялёных.
Сярод тэмаў, якія будуць абмяркоўвацца з прадстаўнікамі нямецкіх палітычных элітаў, будуць патэнцыйная роля Беларусі падчас мірных перамоваў наконт Украіны, міжнародная адказнасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і позвы ў дачыненні яго ў Міжнародны крымінальны суд, вызваленне палітвязняў, а таксама мабілізацыя дэмакратычных сілаў у адказ на «бязвыбары» 2025 года.
Падчас паездкі Святлане Ціханоўскай уручаць прэмію «Schwarzkopf Europe» на знак прызнання ейнай непахіснай прыхільнасці дэмакратыі і вяршэнству закону ў Беларусі.
Акрамя таго, запланаваная сустрэча дэмакратычнай лідаркі з беларускай дыяспарай у Берліне.
Раман Шавель belsat.eu