навіны

«Гаага чакае». Інтэрв’ю кіраўніцы дэлегацыі Еўрапарламенту ў справе Беларусі

Кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламенту па Беларусі Малгажата Гасеўска
Кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламенту для Беларусі Малгажата Гасеўска. Страсбур, Францыя. 9 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Пра палітвязняў і рэпрэсіі ў Беларусі Еўрапарламенту будзе нагадваць дэпутатка, якая лічыць Лукашэнку тэрарыстам. «Белсат» паразмаўляў з Малгажатай Гасеўскай, нядаўна прызначанай кіраўніцай дэлегацыі для Беларусі.

Еўрапейскі парламент 3 кастрычніка выбраў кіраўніцай дэлегацыі для Беларусі еўрадэпутатку ад Польшчы Малгажату Гасеўску, былую віцэ-маршалку польскага Сейму, а таксама экс-намесніцу старшыні камісіі ў замежных справах польскага парламенту. Гасеўска ў польскай палітыцы з 1990-х гадоў, яна была з візітамі ў Менску, і ў цэлым беларуская тэма ёй блізкая.


Малгажата Гасеўска – першая жанчына ў гісторыі Еўрапарламенту на такой пасадзе. У інтэрв’ю «Белсату» яна адзначыла, што гэта мае найменшае значэнне, бо ейныя калегі кажуць ёй, што яна часта выказваецца больш смела за шмат якіх мужчынаў.


«Магу смела займацца ўсходняй палітыкай – і мы гадамі змагаліся за свабоду і дэмакратыю ў краінах былога Савецкага Саюзу, – кажа Гасеўска. – Беларуссю так шчыльна займаюся ад 2006 года, калі была мая першая кадэнцыя ў польскім Сейме. І няспынна падтрымліваю грамадзянскую супольнасць, няспынна падтрымліваю змаганне за дэмакратыю, за вольныя выбары. І таксама нязменна змагаюся за вызваленне палітвязняў».


Тым жа яна абяцае займацца і на пасадзе кіраўніцы дэлегацыі Еўрапарламенту для Беларусі, а таксама абяцае ангажаваць у гэтыя справы ўсіх чальцоў дэлегацыі, а праз іх – цэлы Еўрапарламент. Першым элементам «бачнай дзейнасці» мае стаць падрыхтоўка да «Беларускага тыдня», які мае прайсці ў снежні.


Галоўнае – вызваліць палітвязняў


Паводле Гасеўскай, галоўны кірунак – вызваленне палітвязняў, бо «чалавек найважнейшы». Каб змагацца за гэта, трэба, тлумачыць яна, адкрыта казаць пра санкцыі персанальна супраць Аляксандра Лукашэнкі і «ягоных людзей», каб санкцыі білі «прыцэльна і трапна, не па супольнасці».


Змагацца за вызваленне палітвязняў можна і шляхам дыпламатыі, і праз эканамічны ціск, і праз наданне інструментаў і магчымасцяў беларускай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і дыяспары, наданне сродкаў для журналістаў, у тым ліку «Белсату», працягнула яна. Важна нагадваць пра палітвязняў усім, і нават самім сабе, паказваць публіцы іхныя здымкі і называць іхныя імёны, пісаць лісты і дасылаць паштоўкі – Гасеўска кажа, што ведае пра важнасць гэтага ад людзей, якія самі перажылі палітычнае зняволенне.


Гасеўска згадала, што ў першым выступе, які датычыў Беларусі, яна прамовіла колькі словаў па-беларуску. Гэта для яе сімвалічна, бо яна хацела б, каб сама Беларусь была моцна прадстаўленая ў Еўрапарламенце.

,,

«Мы хочам, каб, па-першае, Еўропа не забывала пра Беларусь. А па-другое, хочам быць такой падтрымкай для апазіцыі, такім знакам салідарнасці, сведчаннем таго, што яны не самотныя, што маюць тут сваіх прадстаўнікоў», – растлумачыла Гасеўска задачы дэлегацыі.


Яна таксама адзначыла тое, як дзейнічае прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда: ціск на Беларусь праз Кітай і праз эканамічныя інтарэсы ёсць, падобна, добрым кірункам. Але яна заклікае і весці дыялог.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў АПКБ з Малгажатаю Кідавай-Блоньскай, старшынёй польскага Сенату. Варшава, 4 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінету абмеркавалі са спікеркаю польскага Сенату падтрыманне «Белсату» і суд над Лукашэнкам

навіны

Як дзейнічае цяперашні ўрад Польшчы ў справе вызвалення палітвязняў, яна не ведае, але лічыць, што, мяркуючы з вынікаў, слаба. Гасеўска нагадвае, што мінулы ўрад вёў размовы са Злучанымі Штатамі наконт вызвалення Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў у Беларусі, і «гэта было вельмі рэальна і вельмі магчыма».

Ды пасля змены ўраду Польшча быццам бы адмовілася ад патрабавання вызвалення Пачобута, лічыць суразмоўца. Гасеўска прызнала, што сама прадстаўляе партыю «Права і справядлівасць», якая цяпер у апазіцыі ў польскім парламенце, але ў дэлегацыі мае і прадстаўнікоў кіроўнай кааліцыі – і хоць у польскіх справах улада і апазіцыя спрачаюцца, у пытанні Беларусі будуць змагацца адзіным фронтам.


Гасеўска адзначыла, што цяпер часта чуваць імёны палітвязняў-мужчынаў, як таго ж Пачобута або лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, але ў Беларусі зняволеныя і жанчыны. Жанчынам, адзначае суразмоўца цяжэй пераносіць зняволенне, жанчыны маюць спецыфічныя праблемы, якія ў няволі не вырашаюцца, з жанчын дадаткова здзекуюцца ў месцах зняволення. І ў няволі ёсць матулі, якія сумуюць па дзецях – і дзеці сумуюць па маці. 


Гасеўска прывяла як прыклад Паліну Шарэнду-Панасюк – маці двух дзяцей і актывістку «Еўрапейскай Беларусі», якая ў няволі з 2021 года, пераважна ў адзіночных камерах і карцарах, цяжка хворая і без належнай медычнай дапамогі. Гэта, кажа суразмоўца, адна з асобаў, якіх трэба «ўзняць на штандары» – якія без змагання за іх проста памруць у няволі.

,,

«Я думаю, таксама важна паказваць еўрапейскім палітыкам і свету, як выглядаюць беларускія месцы зняволення», – дадала Гасеўска.


Хай некаторыя з гэтых месцаў былі адрамантаваныя, але жыццё ў іх не змянілася, падкрэсліла суразмоўца. Трэба паказаць еўрапейскай супольнасці, як выглядае жыццё зняволеных ад пабудкі да позняга вечару, як выглядае іхная праца. У Польшчы і бліжэйшай частцы Еўропы, кажа яна, яшчэ могуць уявіць гэта, бо ведаюць гісторыі савецкіх ссылак. Але Захад не мае гэтага «ў генетычным кодзе» – не ведае гісторыі рэпрэсіяў і не можа ўявіць, як гэта, быць у беларускай ці расейскай вязніцы.


Еўрапарламент чакае дэмакратычную Беларусь, а Лукашэнку чакае Гаага


Еўрапарламент мае партнёрства з парламентамі розных дзяржаваў, але Гасеўска ў звароце на сайце Еўрапарламенту адзначала, што не збіраецца ўсталёўваць дачыненняў з Палатай прадстаўнікоў Лукашэнкі. У інтэрв’ю «Белсату» яна пацвердзіла: нельга супрацоўнічаць з тым, што толькі выдае сябе за парламент і дэмакратыю і паўстала не ў выніку дэмакратычнага выбару, а ў выніку дамоваў у кабінеце Лукашэнкі.


«Але я не выключаю супрацы [з Беларуссю], бо я веру, што прыйдзе час, калі дэмакратыя завітае ў Беларусь, калі разам даможамся той дэмакратыі, калі дачакаемся сапраўдных дэмакратычных выбараў і сапраўднага беларускага парламенту», – дадала Гасеўска.

,,

«У гісторыі такія законы, што нішто не трывае вечна. І Лукашэнка мусіць гэта памятаць, што за зло трэба будзе заплаціць, а ягоная ўлада калісьці скончыцца. Гаага чакае».


Гасеўска паабяцала ў бліжэйшым часе падрыхтаваць для Гаагі матэрыялы, якія дапамогуць міжнароднаму суду над Лукашэнкам.


Яна назвала Лукашэнку тэрарыстам, які баіцца свайго народу, які не захавае ўлады без дэманстрацыі сілы, для якога палітвязні – закладнікі. Яна яшчэ раз звярнулася да Лукашэнкі:


«Чалавеча, грахі будуць пакараныя, калі-небудзь цябе напаткае кара! А мы ўсе будзем над гэтым працаваць. Злачынства рана ці позна будзе пакаранае, а ўлада не вечная». 


Алесь Сіліч, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10