Арцём Мядзведскі жыў, як і большасць беларусаў, спакойным жыццём і асабліва не цікавіўся палітыкаю. Але 2020 год моцна змяніў ягоны лёс. Хлопец даведаўся, што такое «хімія з накіраваннем» і рэальная зона. Каб ізноў не сесці, Арцём некалькі разоў спрабаваў уцячы з Беларусі – удалося не адразу. Але цяпер маладому чалавеку нічога не пагражае, ён у бяспецы і пачынае новае жыццё ў Польшчы.
Дапамагчы Арцёму Мядзведскаму можна праз персанальны збор на сайце фонду BYSOL.
«Пасля таго як выйшаў з «Ваўчыных нораў», я не збіраўся нікуды з'язджаць. Думаў: сваё я адседзеў і буду спакойна жыць у Беларусі. Рэальнасць аказалася іншая – пры гэтай уладзе жыць былым палітвязням не дадуць. І хоць ты адбыў свой тэрмін, ты застаешся закладнікам. Мне прапаноўвалі дапамагчы з выездам, але я пастанавіў не рызыкаваць, зрабіў візу і хацеў легальна выехаць з Беларусі. Аднак на памежным пераходзе мяне знялі з аўтобуса і сказалі: хлопец, ты нікуды не едзеш, табе нельга», – кажа Арцём у размове з журналістам «Белсату».
Да затрымання ў 2020 годзе Арцём працаваў у менскім бары, рабіў сушы, праз тры месяцы пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў да яго на працу прыехалі сілавікі, і мірнае жыццё скончылася.
,,«Мяне закрылі за 10 жніўня: на фатаграфіі міліцыянты апазналі мяне на акцыі на Пушкінскай і прыцягнулі за тое, што дапамог выкаціць валун, – кажа суразмоўца. – Спачатку пагражалі 293-м артыкулам, але потым памянялі на 342-і. Неяк лягчэй зрабілася, бо гэта ўсяго тры гады. У СІЗА сядзеў з Аляксандрам Кабанавым, ён шмат чаго мне расказаў, крыху супакоіў».
Арцём ужо ведаў, што тэрмін будзе залежаць ад таго, колькі запатрабуе пракурор. У выніку хлопец быў асуджаны на 3 гады хіміі. Думаў, што будзе адбываць яе ў якім мястэчку, але аказалася, што давядзецца ехаць у вёску Сушкі Камянецкага раёну.
«Я сам нарадзіўся ў вёсцы, але ўмовы, у якіх я апынуўся, былі пеклам. Вёска, а там нічога няма, увогуле нічога! Сказалі, што буду пакуль камяні на полі збіраць. І тут хлопцы, з якімі быў на хіміі, давай кпіць: "Арцём, за камень сеў – цяпер давай збірай". Праца была цяжкая, плацілі за яе 150 рублёў». Штомесяц трэба было аддаваць не менш за 50 рублёў за камуналку, але плаціць, кажа Мядзведскі, не было за што: душ дазвалялі раз на тыдзень, ацяплення амаль не было, на пачатку ягонага тэрміну не было і гарачай вады.

Далей зрабілася яшчэ горш: хлопца перавялі працаваць на ферму. «Каровы закатаваныя, там сапраўды здзекуюцца з жывёлінаў. Не было ў нас аніякага зменнага адзення, пасля працы нельга было памыцца. Калі працаваў загоншчыкам кароваў, трэба было падымацца а чацвёртай раніцы. Працаваў ад пятай раніцы да адзінаццатай вечара, потым яшчэ гадзіну ўсіх развозілі пасля працы, і толькі а дванаццатай ночы я вяртаўся на хімію. Спаў чатыры гадзіны і вяртаўся на працу. Спачатку ў мяне быў графік чатыры дні праз два, потым нібыта з працоўнай неабходнасці мяне прымусілі працаваць часцей. Нікога не хвалюе, як ты будзеш усё гэта рабіць. Пры дапушчальных 70 працоўных гадзінах на тыдзень мы былі змушаныя працаваць значна больш».
Хлопец заўважае, што хоць яму было ўсяго 23 гады, ад такой працы імкліва пачало псавацца здароўе. «Так выйшла, што атрымаў страсенне мазгоў і апынуўся ў шпіталі. Думаю: памру, трэба ўцякаць». У выніку Арцём уцёк з хіміі і больш за два месяцы хаваўся. Зняў кватэру і спадзяваўся хутка выехаць. Але тут ва Украіне пачалася вайна...
«Мяне завезлі на хімію, паабяцаў, што дзівачыць не буду. Прайшоў тыдзень, і я даведаўся, што справу наконт маіх уцёкаў перадалі ў суд. Мне далі 20 содняў ШІЗА за ўцёкі, а потым быў суд, на якім мне змянілі рэжым на калонію».

Так транзітам праз берасцейскі следчы ізалятар Арцём апынуўся ў калоніі № 22. Паводле маладзёна, у турме пад Івацэвічамі было не горш, чым на хіміі, таксама даводзілася шмат працаваць. Свой тэрмін былы палітвязень адседзеў да канца.
Цяпер Арцём Мядзведскі жыве ў Віктара Пархімчыка, былога палітвязня і сябра Арцёма з хіміі, і ён спрабуе пачаць новае жыццё.
«Не шкадую, што ў 2020 годзе я выйшаў на пратэст. Я зразумеў, што жыццё можа быць іншым. Раней я шмат на што заплюшчваў вочы, а цяпер не хачу. Такіх, як я, тысячы, і я пабачыў, колькі людзей сядзіць ні за што. І гэтага нельга дараваць і забываць».
Алесь Ляўчук belsat.eu