навіны

«Секс лекуе». Сексолаг Зоя Прышывалка пра каханне ў эпоху армагедону і тое, як быць, калі партнёр ці партнёрка ў турме

Сексолаг, псіхолаг і траўматэрапеўтка Зоя Прышывалка. Фота: Белсат
Сексолаг, псіхолаг і траўматэрапеўтка Зоя Прышывалка. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Сексолаг, псіхолаг і траўматэрапеўтка Зоя Прышывалка расказвае, як быць, калі турма разлучыла вас з партнёрам, і як выбудоўваць стасункі пасля вызвалення. «Трэба зноўку закахацца», – кажа сексолаг у інтэрв'ю «Белсату». Гэтай сферы важна надаваць час нашага жыцця і ў эпоху армагедону, бо секс – лекуе.

Лаўрэатка Пуліцэраўскай прэміі Эна Эплбаўм. Фота: Белсат
Супрацьстаянне да канца нашага жыцця. Эна Эплбаўм пра тое, як дэмакратычнаму свету змагацца з «карпарацыяй дыктатараў» навіны

П'ём гарбату на тэрасе ўтульнай кавярні. Над нашымі галовамі – цёплае сонца Гданьску. Уваходзім і занураемся ў размову. Павольна, як у моры, блізкасць якога (2 км) адчуваеш скурай. Слова «ўваходзіць» прагучыць з вуснаў Зоі Прышывалкі не аднойчы: «уваходзіць у стасункі», «уваходзіць у зносіны», «уваходзіць у секс». Дык вось, уваходзім. Любая камунікацыя паміж людзьмі – гэта ж і ёсць спроба ўвайсці ў межы іншага, зразумець яго.

«Любая размова – свайго роду секс?» – пытаюся ў Зоі.

«Любая, вядома. І ўсюды, дзе ёсць мяжа. Вось мы, людзі, з межамі. Яны нябачныя. І бачныя таксама – целы... Так што гэта заўсёды пра межы. Пра тое, як данесці іншаму, хто я, чаго хачу і як бы хацеў, каб мае патрэбы былі задаволеныя. Заўсёды пра ўменне выслухаць іншага чалавека і пра ўменне дамовіцца», – усміхаецца Зоя Прышывалка.

На адной руцэ суразмоўцы – татуяваная кветка, якая нагадвае вульву. На другой – «Freedom». Гэта прысвячэнне рэвалюцыі 2020 года. У 2022-м Зоя сталася эмігранткай. Вярнуцца ў Беларусь яна не можа: «дыскрэдытавала» сябе супрацаю з «экстрэмісцкімі» арганізацыямі. І працягвае гэта рабіць. Бо лічыць важным нагадаць людзям, што ў эпоху армагедону секс можа быць ратункам. І што жыццё – гэта не скрынка шакаладных цукерак, а суп. Але спачатку перадгісторыя.

Мапы, пернікі, секс-шоп

Зоя Прышывалка скончыла геафак БДУ, мае дыплом географа-картографа. Па размеркаванні папрацавала ў РНТЦ «Экасвет» і дала сабе слова ніколі не вяртацца на дзяржаўную працу («заробак быў меншы за маю стыпендыю – я плакала проста»). Пасля нараджэння першай дачкі Зоя зарабляла вязаннем на замову. А калі нарадзілася другая дачка, разам з мужам адкрылі праект «Жорны»: пеклі хлеб на заквасцы («як у бабулі»). Зоя ў межах праекту пякла яшчэ імбірныя пернікі, якія размалёўвала цукровым айсінгам («вось дзе спатрэбілася маё картаграфічнае мінулае»). Пернікі атрымліваліся на славу: у замоўцах значыліся кампаніі EPAM, «Wargaming», «Jysk» ды іншыя.

,,

«Але ў нейкі момант мы перагарэлі: усё гатавалі ўдома і не былі добрымі менеджарамі, зараблялі толькі на жыццё, а часам выходзілі ў нуль», – расказвае Зоя.


Муж, інжынер-механік з адукацыі, пайшоў перавучвацца ў IT, а Зоя ўжо вяла блог у Instagram'е. Пастанавіла неяк свой дзень нараджэння зарганізаваць у менскім... секс-шопе. Ну і панеслася. Там ёй прапанавалі папрацаваць з кантэнтам на Instagram-старонцы ўстановы. А каб увайсці ў тэму, Прышывалка тры месяцы правяла ў секс-шопе («хадзіла як на працу»), вывучаючы попыт і назіраючы за людзьмі.

«Я пасядзела там і думаю: Божа мой, век інтэрнэту, куча кніг, а людзі нічога не разумеюць пра секс. Чаму так адбываецца? І аказалася, што ў Беларусі наагул няма комплекснай сексуальнай адукацыі. Ніхто не вучыць ні дзяцей, ні падлеткаў, ні маладых асобаў, ні дарослых. А чаму? А таму, што Мінадукацыі з Міністэрствам аховы здароўя не дамовіліся, каму гэтым займацца. Так яно ўсё і падвісла. Каламбур: падвісла, так», – смяецца Зоя Прышывалка.

Аказалася, што на спецыяліста ў палавым выхаванні, секс-кансультанта або секс-тэрапеўта ў Сінявокай таксама нідзе не вучаць. Замкнёнае кола. Каб працаваць у гэтай сферы, Зоя перавучылася на псіхолага сямейных стасункаў у РІВШ (Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы), а пасля, ужо профільна, вучылася ў Маскве і Кіеве. Называе сябе «завучкай» («заўсёды вучуся не дзеля дыплому, а дзеля ведаў»). Пазіцыянавала сябе як секс-кансультантка, пазней – як секс-тэрапеўтка. Наагул – сексолаг.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

«Цяпер працую і як траўматэрапеўтка. З 2020 года – у розных кірунках. Першапачаткова я думала, што буду займацца секс-траўмай, але тут унеслі свае карэктывы абставіны, у якіх мы ўсе апынуліся і застаемся...» – тлумачыць Зоя Прышывалка.

«Калі я быў там, дзе добра, я ведаю, як спраўляцца з тым, калі "не вельмі"»

– Слухай, трапім зараз пад неміласердны хэйт. Ну хіба можна казаць пра секс, калі вакол столькі болю – турма, вайна, эміграцыя? Які яшчэ секс у эпоху армагедону?

– Ну, у Беларусі тэма сексуальнага здароўя ў любую эпоху не была прыярытэтам. А цяпер, так: Божа, як пра гэта можна думаць, як можна весяліцца? Але людзі забываюць, што жыццё ўсё ж не скрынка шакаладных цукерак з розным начыннем, як тлумачылі герою знакамітага фільму «Форэст Гамп». Не скрынка цукерак, а суп. У ім усё магчымае. І чалавек не можа ўвесь час быць у адным стане. Я смяюся: калі экран рытму сэрца паказвае адну палосачку – чалавек памёр.

,,

«Жыццё ў тым, каб хадзіць паміж рознымі станамі. Гэта пра радасць, шчасце, задавальненне патрэбаў, цікавасць, цікаўнасць. Усё выдатна, мне добра, а між тым, мне можа быць зусім "не вельмі". Але калі я быў там, дзе добра, я ведаю, як спраўляцца з тым, калі не вельмі».


І гэтая зона сексуальнасці як такое супрацьстаянне лібіда і мартыда (іншымі словамі, вітальнасці і «смерці», усяму дрэннаму, што можа адбывацца з чалавекам), незаслужана абыходзіцца бокам. Бо яна табуяваная і сарамлівая для шмат каго. Яе часта асацыююць з радасцю і расслабленнем, чаго як бы і быць не можа, калі адбываецца страшнае і дрэннае для чалавека.

Але чаму я звяртаю ўвагу на гэтую тэму? Ёсць тры сферы, у якіх можна разгледзець сексуальнасць. Гэта сфера біялогіі, псіхалогіі і сфера стасункаў. Дык вось для мяне відавочна, што, як траўматычность і стрэсавасць негатыўна ўплываюць на гэтыя сферы чалавека, сапраўды гэтак жа, але ўжо пазітыўна, на іх уплывае і сексуальнасць. І праз сексуальнасць можна…

«Гармоны сексуальнасці блакуюць гармоны стрэсу»

– Лекавацца? Лекавацца сексам?

– Так, добра гучыць (смяецца). Калі па-простаму, то гармоны стрэсу ціснуць гармоны задавальнення і сексуальнасці: картызол і адрэналін падаўляюць тэстастэрон і эстраген, якія ёсць і ў жанчын, і ў мужчынаў. І тут, калі дапусціць сабе, што ты дапамагаеш свайму ўзбуджэнню і вылучэнню гармонаў сексуальнасці і шчасця – эндарфіну, сератаніну ці таго ж аксітацыну, які вылучаецца пры аргазмах, то яны будуць блакаваць і памяншаць гармоны стрэсу.

Гэта ў сферы біялогіі. Што датычыць псіхалогіі, то ў чалавека, які атрымлівае задавальненне, павышаецца ўпэўненасць у тым, што з ім усё добра: я малайчына, я спраўлюся. І гэта, зноў жа, памяншае дэпрэсіўнасць. Але і ў стасунках гэта дапамагае: наладзіць камунікацыю, дамовіцца пра тое, што наагул адбываецца і чаму, навучыцца выбудоўваць дамоўленасці ў новых умовах у крызісных момантах. Гэта можа паменшыць наступствы стрэсавых альбо траўматычных перажыванняў.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Але гэта цяпер, напэўна, непапулярная тэма наагул, бо яна патрабуе часу разабрацца і зразумець, як гэта працуе, асвоіць з дапамогаю нейкіх навыкаў або практыкаванняў. Можна навучыцца атрымліваць задавальненне, калі яго быццам бы не хочацца. Так, і навучыцца размаўляць пра сябе або пра тое, што «паміж намі».

Але гэта пытанне не толькі часу, але і грошай: патрэбныя нейкія спецыялісты, якія гэтым будуць займацца. Магчыма, можна было б гэта рабіць у межах нейкіх грамадскіх арганізацыяў. Праблема ў тым, што я як чалавек, які гэтаю тэмаю займаецца шосты год, бачыла, што ў Беларусі і да 2020 года яна была, мякка кажучы, непапулярная.

Разлука турмою. «Важна зразумець, што так, як было, ужо не будзе»

– Ты кажаш, што пасля 2020 года колькасць зваротаў да цябе пайшла ўверх?

– Так, і гэта нягледзячы на тое, што цэннік у мяне вышэйшы за сярэдні. Але колькасць асобаў не скарачалася, а павялічвалася. Людзі прыносілі свае гісторыі, а я думала: чаму ж так усё актывізавалася ў маім кірунку? Але ў людзей проста на фоне таго гвалту, і не толькі на вуліцах, пачалі падымацца старыя траўмы, з мінулага, з дзяцінства, элементы фізічнага, сексуальнага гвалту. Незразумела было тады, як з гэтым працаваць. Трэба было вучыцца.

– Па дарозе слухаў твой падкаст пра тое, як перажыць расстанне. Але тысячы беларусаў жывуць цяпер у сітуацыі нават не расстання, а гвалтоўнага расстання, калі нехта з пары сядзіць у турме ў Беларусі, а нехта у эміграцыі. Як перажыць вось гэта? Што рабіць?

– Бедаваць. І важна зразумець, што так, як было, ужо не будзе. Вельмі шмат каму, на жаль, цяжка прызнаць, што той чалавек, якога яны любілі, будзе ўжо іншым чалавекам, калі вернецца. І гэта будуць іншыя ўзаеміны. Наагул складана апеляваць да панятку стасункаў, калі ў людзей няма сталай сувязі. У існасці гэта перапыненне стасункаў. І іх перарастанне ў нейкую іншую плоць.

Трэба зразумець, што гэта ненарматыўны крызіс, і перагледзець правілы ўзаемадзеяння. Але... Вось, на жаль, вельмі мала ініцыюецца абмеркаванняў і напісана падручнікаў пра тое, а як наагул быць чалавеку, у якога адабралі партнёра.

– Скралі партнёра…

– Так. Што з гэтым рабіць? Перажываць гора. Выплакаць гэта, адгараваць любымі спосабамі. Ёсць шмат розных рытуалаў, як гэта зрабіць. Разумець, што ўвесь час будзе прысутнічаць сум, абурэньне, злосць, непрыманне. І яшчэ: трэба дакладна зразумець, што гэты час, пакуль чалавек без партнёра, – гэта іншае жыццё, і яго трэба навучыцца жыць нанова.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

– Нанова. А што з вернасцю? Што рабіць з целам?

– Добрае пытанне. Паводле сваёй прыроды усе людзі палігамныя. Мы ўсе глядзім і бачым вакол патэнцыйных партнёраў, з якімі ў нас можа быць секс. Пытанне вернасці – гэта пытанне маральна-этычнае.

– Нам казалі раней, што толькі мужчыны палігамныя... Жанчыны таксама?

– Не ўяўляеце нават наколькі. Паўтару: гэта маральна-этычны выбар. Гэта пра тое, як я буду спраўляцца са сваймі патрэбамі – сексуальнымі, эратычнымі, рамантычнымі. Што дапушчальна і што недапушчальна ў маёй сістэме каардынатаў. Мяркую, у кожнай пары існуе негалоснае пагадненне наконт таго, напрыклад, ці можна фліртаваць, ліставацца з кімсьці, нешта яшчэ. Гэта як дамовяцца людзі.

– Але дамовіцца ўжо не могуць. У лісце на зону пра гэта не напішаш.

– Таму я заўсёды кажу: а хто мы такія, каб судзіць? Кожны кейс, кожнае жыццё чалавека індывідуальнае. Я магу толькі паспачуваць людзям, якія апынуліся ў такой сітуацыі, але дакладна не асуджаць ці нават абмяркоўваць. Толькі спачуваць. І любое іхнае рашэнне, калі яны яго прымаюць, годнае павагі. Значыць, яны разумеюць, чаму ім трэба было рабіць так ці інакш – заставацца ў вернасці або завяршыць стасункі, разжаніцца.

– Ці паставіць на паўзу? Магчыма ж?

– Вядома, так. Толькі добра было б прагаварыць гэта, разумееце? Не ў аднабаковым парадку. Вось у чым праблема.

Стасункі пасля зоны. «Трэба зноўку закахацца»

– Закранула тэму разрыву. Чалавек вяртаецца з турмы. Яго дачакаліся, і самае страшнае засталося ззаду. А праз месяц ці два – разжэнства. Такіх гісторыяў нямала. Чаму так адбываецца? Што можна зрабіць, каб захаваць сувязь?

– Крамольную рэч скажу. Як тэрапеўтка, якая працуе з парамі, я заўсёды кажу пра тое, што гэтае разуменне сакральнасці рамантычных стасункаў «і жылі яны доўга і шчасліва, памерлі ў адзін дзень» жудаснае і шкоднае. На ўсялякі выпадак нагадаю, што я таксама 20 гадоў замужам за адным чалавекам. Але…

Мне спадабалася, як нядаўна Джэймз Голіс сказаў. Маўляў, чаму вы зайздросціце людзям, якія 50–60 гадоў разам пражылі? Вы ў іх спытайце, як яны жывуць цяпер. Наколькі яны рэалізаваныя і шчаслівыя ў стасунках? Ці не шкадуюць яны пра нешта?

Фота: Белсат
Фота: Белсат

І я скажу так. Наагул жыць разам, нават калі вас не разлучылі, – гэта праца. І любіць іншага чалавека, не быць закаханым на хімічным узроўні, а любіць – гэта таксама праца. Выконваць дамоўленасці, зноўку дамаўляцца, шмат усяго. Ну, гэта як бізнес. Сям'я – гэта бізнес, так. Але не ўсім жа дадзена быць бізнесоўцамі: часам бізнес развальваецца, надыходзіць банкруцтва, яшчэ нешта. І тое, што нашыя казкі вось так заканчваліся, «і жылі яны доўга і шчасліва», – гэта вялікая праблема. А дзе апавяданне пра тое, як у Папялушкі, умоўна, нарадзіліся тры дзіцяці, і яна такая: «О Божа, я не самарэалізавалася, што мне рабіць?» Ці прынц пайшоў налева…

Людзі трапляюць у сітуацыю ненарматыўнага крызісу – нешта адбылося хутка і неспадзявана. Як было раней, ужо не будзе. А ці будзе пасля неяк па-іншаму, залежыць ад таго, як людзі будуць камунікаваць. Але камунікацыі няма! Як ім дамовіцца? Вось і тлумачэнне. Калі яны не могуць размаўляць: як гэта скончыцца? Імавернасць таго, што скончыцца добра, вельмі малая.

А калі, як ты кажаш, людзі вяртаюцца, дык гэта трэба зноўку закахацца. Так, мы за гэтыя гады памяняліся, прайшло паўтара, два, пяць, сем, не ведаю колькі гадоў, і нам трэба зноўку спазнаваць адно аднаго. А хто вучыць закахацца нанова?..

Трэба размаўляць. Трэба фізічна да чалавека прызвычаіцца, убачыць, як цела памянялася за гэты час.

– А ў турме яно мяняецца зусім не ў лепшы бок.

– Менавіта. Трэба як бы зноўку пазнаёміцца. Гэта як схадзіць на спатканне, і не раз, і зразумець наагул, ёсць нешта, што нас яшчэ аб'ядноўвае, ці не. Калі не – усё скончылася. Але нас аб'ядноўвае нешта ў мінулым, і гэта каштоўна. Таму можам адчуваць адно да аднаго павагу і кантактаваць. Бо нават калі канчаюцца рамантычныя стасункі, людзі не перастаюць быць мамамі і татамі дзяцей, напрыклад, або сваякамі.

Гэта ж цэлая навука – працэс рэабілітацыі чалавека, які вярнуўся. Ён не толькі ў тым, каб яго медыкі даследавалі і псіхалагічна дапамаглі. А калі паглядзець нейкія праграмы, то там пра стасункі наагул ні слова. Каму патрэбныя гэтыя стасункі? Здаровы – ну і малайчына, ёсць што паесці і дзе жыць, працу знойдзем, падлячыць – і наперад. Як быццам гэтая сфера не важная, а яна важная. Вельмі важная. Ну і атрымліваем, што атрымліваем…

Мастачка Надзея Саяпіна. Варшава, Польшча. 14 верасня 2024 года. Фота: Белсат
«Мы заўсёды намагаемся даць сабе быць беларусамі». Размова з мастачкаю Надзеяй Саяпінай навіны

«У каханні можа быць і пра "адпусці"»

– Зоя, ты размаўляеш з кліентамі па-расейску. Але ў асноўным гэта беларусы, так?

– Беларусы і ўкраінцы. Але з расейцамі таксама, дарэчы, працую. І гэта так цікава, як яны цяпер часам звяртаюцца да мяне. Пытаюцца, да прыкладу: «Вы не супраць, што мы з Расеі?» А наконт мовы, ёсць у мяне цяпер і беларускамоўныя кліенты. І я з імі працую па-беларуску, няма праблемаў.

– Секс па-беларуску – гэта важна (смяемся). Трэба папаўняць нацыянальны слоўнік кахання. А вось, дарэчы, слухаў твае падкасты і ні разу не пачуў слова «каханне».

– Слухай, ну... былі ў мяне эфіры, і я пра гэта кажу. Шмат хто блытае віды кахання – каханне і закаханасць. Закаханасць – гэта «хімічная любоў»: два чалавекі сустрэліся, панюхалі адно аднаго, і іх генетычныя пашпарты зразумелі, што ў іх можа быць разнастайнае нашчадства. Хімія. Усё добра працуе. Наш жывёльны мозг вельмі хутка разумее, з кім мы можам размножыцца. І робіць некаторыя рэчы з нашым мозгам, каб мы глядзелі праз ружовыя акуляры і каб прытуплялася нашая здольнасць мысліць крытычна. Для чаго? А каб у першыя паўтара – тры гады мы маглі зблізіцца з чалавекам.

Але потым гэта, вядома ж, немінуча сыходзіць. А вось каханне – гэта здольнасць бачыць чалавека роўным з табой у сваёй рознасці. У каханні можа быць добра і суперкласна. Але там можа быць і пра «адпусці». Бо «і без яго я таксама магу». У гэтым адрозненне ад закаханасці, у якой шмат прагнасці – «без цябе я не магу». І вось там ужо пачынаюцца праблемы.

– Праблемаў не хочацца. А любові – заўсёды. Нават у эпоху армагедону і «падчас чумы». І гэта важна – займацца каханнем, бо секс дапамагае перажыць чорны час. Секс лекуе. Гэта я спрабую падсумаваць і падвесці да кропкі…

– Так, і вельмі важна разумець, што калі мы хочам нейкаю сфераю займацца, асабліва калі гэта трэба і важна рабіць, то неабходна неяк вылучыць на гэта час. Час – гэта важна. І гэта адзінае, дарэчы, што ў нас ёсць, – час нашага жыцця.

Зміцер Міраш / ІР belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10