Меркаваннi

Няпростая гісторыя Ізраілю і ААН

Прэзідэнт Ізраілю Рэўвен Рыўлін (2014—2021) выступае з вітальнай прамовай падчас сустрэчы з генеральным сакратаром ААН Антонью Гутэрышам (злева). Гэта першы візіт Антонью Гутэрыша ў Ізраіль і Палестыну ў якасці генеральнага сакратара ААН. Іерусалім, Ізраіль. 28 жніўня 2017 года. Фота: JINIPIX / Xinhua News Agency / East News
Прэзідэнт Ізраілю Рэўвен Рыўлін (2014—2021) выступае з вітальнай прамовай падчас сустрэчы з генеральным сакратаром ААН Антонью Гутэрышам (злева). Гэта першы візіт Антонью Гутэрыша ў Ізраіль і Палестыну ў якасці генеральнага сакратара ААН. Іерусалім, Ізраіль. 28 жніўня 2017 года. Фота: JINIPIX / Xinhua News Agency / East News
podpis źródła zdjęcia

Што мусіла здарыцца, каб краіна ў стане вайны ў варожым асяроддзі забараніла ўезд на сваю тэрыторыю генеральнаму сакратару ААН?

Сляды ад іранскіх ракетаў бачныя над ізраільскім горадам Ашдод. 1 кастрычніка 2024 года. Фота: Hazem Bsder / AFP / East New
Ізраіль рыхтуе жорсткі адказ. Ці пачнецца вялікая вайна на Блізкім Усходзе? навіны

Прычым заява міністра замежных справаў Ізраілю Ісраэля Каца, што генеральны сакратар Антонью Гутэрыш – «антыізраільскі генеральны сакратар, які падтрымлівае тэрарыстаў», не сталася сенсацыяй і не выклікала рэзанансу. Персонаю нон грата Гутэрыш зрабіўся пасля таго, як пасля жахлівага нападу Ірану на Ізраіль апублікаваў пост у Х: «Я асуджаю пашырэнне канфлікту на Блізкім Усходзе, дзе за эскалацыяй ідзе эскалацыя. Гэта мусіць спыніцца. Нам, безумоўна, патрэбнае спыненне агню». І ні слова пра Ізраіль.

Наагул стасункі Ізраілю з ААН цяжка назваць гладкімі з часу ўтварэння габрэйскай краіны. Але менавіта дзякуючы ААН і ўзнікла дзяржава Ізраіль. У 1947 годзе Генеральная асамблея прыняла план раздзелу Палестыны. Але кіраўнікі арабскага свету заявілі, што будуць усяляк перашкаджаць рэалізацыі гэтага плану. Магчыма, ён бы застаўся толькі на паперы, калі б не ЗША і СССР. Прэзідэнту ЗША Гэры Трумэну дзеля стварэння дзяржавы Ізраіль давялося пайсці нават на канфлікт з Дзяржаўным дэпартаментам. А Сталін пераследаваў свае мэты – падарваць пазіцыі Вялікай Брытаніі на Блізкім Усходзе. Ён так і сказаў у сваім атачэнні: «Давайце пагодзімся з утварэннем Ізраілю. Гэта будзе як шыла ў дупе для арабскіх дзяржаваў і прымусіць іх павярнуцца спінаю да Брытаніі. Канчаткова брытанскі ўплыў будзе цалкам падарваны ў Егіпце, Сірыі, Турцыі і Іраку».

А потым была вайна за незалежнасць Ізраілю, што прывяла да цяжкіх наступстваў: амаль мільён арабскага насельніцтва вымушаны быў пакінуць тэрыторыі, што трапілі пад кантроль Ізраілю. Адных выганялі, іншыя сыходзілі на заклік арабскіх лідараў. Але і больш за 800 тысяч габрэяў таксама пакінулі арабскія краіны. Перманентныя канфлікты і ваенныя сутыкненні трываюць на працягу ўсёй гісторыі існавання Ізраілю. Але як бы там ні было, Ізраіль існуе, а арабскай дзяржавы ў Палестыне так і не стварылі. Застаецца яшчэ і неразвязанае пытанне пра тэрыторыі, захопленыя Ізраілем у хадзе вайны 1967 года.

Менавіта тады на Заходнім беразе ракі Іярдан Ізраіль пачаў будаваць паселішчы. Цяпер іх ужо 150, там жывуць больш за паўмільёна ізраільцянаў. Палестынскае насельніцтва акупаваных тэрыторыяў складае амаль 5 мільёнаў чалавек. А яшчэ больш за 5,5 мільёна палестынцаў – уцекачы. Ізраіль пабудаваў амаль 400 кіламетраў раздзяляльнай сцяны, і Міжнародны суд ААН прызнаў гэта незаконным. ААН неаднаразова заяўляла пра гэтыя парушэнні і заклікала ўрэгуляваць крызіс.

Уварванне летась 7 кастрычніка больш як 2,5 тысячы баевікоў «Хамасу» шакавала мільёны асобаў у розных краінах свету. Гэты напад, калі баевікі па-зверску забілі і згвалтавалі каля 1200 ізраільцянаў і ўзялі каля 250 закладнікаў, стаўся найбуйнейшым масавым забойствам габрэяў з часу Галакосту. Ізраіль упершыню пасля 1973 года абвясціў ваеннае становішча. Ён спрабаваў вызваліць закладнікаў, забраць трупы сваіх суграмадзянаў. Аперацыя вызвалення суправаджалася хваляю прапаганды з боку арабскіх медыяў. Далейшая сітуацыя паказала, што да інфармацыйнай вайны Ізраіль не быў падрыхтаваны. У хадзе аперацыі высветлілася, што зброя, якую выкарыстоўваў «Хамас», аказалася расейскай, іранскай, паўночнакарэйскай і кітайскай вытворчасці. Баевікі часта завозілі яе праз падземныя тунэлі з Егіпту.

Палестынскія баевікі атачаюць грузавік з захопленай ізраільскай жанчынай пасля нападу «‎Хамасу» на Ізраіль у Хан-Юнісе на поўдні сектару Газа. 7 кастрычніка 2023 года. Фота AFP / East News
Палестынскія баевікі атачаюць грузавік з захопленай ізраільскай жанчынай пасля нападу «‎Хамасу» на Ізраіль у Хан-Юнісе на поўдні сектару Газа. 7 кастрычніка 2023 года. Фота AFP / East News

Як гром пасярод яснага неба прагучала вестка, што некалькі працаўнікаў ААН таксама бралі ўдзел у нападзе на ізраільцянаў. Апроч таго, шмат якія працаўнікі Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізоўвання працаў (UNRWA) у сацыяльных сетках адкрыта радаваліся ўварванню. Але гэта агенцтва ААН, што фінансуецца некалькімі дзяржавамі, для надання дапамогі палестынскім уцекачам у Ліване, Сірыі, на Заходнім беразе ракі Іярдан і сектары Газа. Амбасадар Ізраілю ў ААН Гіляд Эрдан на захадзе, прысвечанай памяці ахвяраў Галакосту ў ААН, тады заявіў: «ААН аказаўся зброяй не толькі для таго, каб пазбавіць легітымнасці нашае існаванне, але і яшчэ каб нас фізічна вынішчыць». 20 краінаў пасля таго як ізраільская выведка апублікавала дакумент, паводле якога каля 10 % работнікаў UNRWA ў Газе маюць шчыльныя сувязі з «Хамасам» і «Ісламскім джыхадам», а палова працаўнікоў гэтага агенцтва ААН мае сваякоў і блізкіх у іх, спынілі фінансаванне арганізацыі.

Сёлета ў ліпені Міжнародны суд ААН прыйшоў да высновы, што акупацыя Ізраілем палестынскіх тэрыторыяў парушае міжнароднае права. Старшыня суда Наўаф Салям зачытаў вердыкт: «Дзяржава Ізраіль абавязаная як мага хутчэй пакласці канец сваёй незаконнай прысутнасці на акупаванай палестынскай тэрыторыі». Акрамя таго, Ізраіль мусіць эвакуяваць усіх сваіх пасяленцаў з Заходняга берагу ракі Іярдан і з Усходняга Іерусаліму, а таксама выплаціць палестынцам рэпарацыі за шкоду праз акупацыю. Але ж і праўда Ізраіль прысвоіў новыя тэрыторыі на Заходнім беразе і ва Усходнім Іерусаліме. І гэтая праўда супярэчыць міжнароднаму праву. У пастанове суда адзначана, што Ізраіль «не мае права на суверэнітэт» над якой-кольвек часткай акупаваных тэрыторыяў.

Прэм'ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што суд прыняў «пастанову, поўную хлусні». Але гэта была першая судовая пастанова за ўсю 57-гадовую акупацыю Ізраілем тэрыторыяў Палестыны. Яна не мае абавязковай сілы. Якім чынам будуць развівацца далейшыя падзеі, пакуль цяжка сказаць. Суд таксама параіў дзяржавам устрымацца ад любой дапамогі, каб не спрыяць захаванню гэтай сітуацыі. Але якія б былі наступствы атакі Ірану на Ізраіль, калі б апошняму не дапамагалі ЗША? Як маленькая дзяржава можа супрацьстаяць усім гэтым арсеналам зброі і падрыхтаваным баевікам-тэрарыстам, для якіх не існуе ніякіх правілаў вядзенні вайны, самастойна? Атака з боку Ірану і рэакцыя на яе генеральнага сакратара ААН магла стацца каталізатарам выбуху гневу, калі і без таго эмоцыі перапаўняюць. І яна цалкам прадказальная. Дзякуючы ААН узнікла дзяржава Ізраіль. І хіба нехта мог сабе ўявіць, што праз паўстагоддзя гэтая дзяржава не пажадае бачыць на сваёй зямлі генеральнага сакратара гэтай арганізацыі? Але сітуацыя развіваецца, і даволі хутка. Хто ведае, які будзе свет праз пару гадоў. Ды нават праз год…

Любоў Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10