навіны

Ізраіль рыхтуе жорсткі адказ. Ці пачнецца вялікая вайна на Блізкім Усходзе?

Сляды ад іранскіх ракетаў бачныя над ізраільскім горадам Ашдод. 1 кастрычніка 2024 года. Фота: Hazem Bsder / AFP / East New
Сляды ад іранскіх ракетаў бачныя над ізраільскім горадам Ашдод. 1 кастрычніка 2024 года. Фота: Hazem Bsder / AFP / East New
podpis źródła zdjęcia

Сухапутная аперацыя Ізраілю супраць «Хізбулы» і масаваная ракетная атака на Ізраіль з боку Ірану рэзка павялічыла рызыку буйной рэгіянальнай вайны. «Белсат» тлумачыць, як Ізраіль можа адказаць Ірану і чаму канфлікт на Блізкім Усходзе ўступіў у фазу крытычнага абвастрэння.

У Тэгеране перамаглі ястрабы

Атака на Ізраіль 1 кастрычніка была ў пэўным сэнсе нечаканасцю, бо ў апошнія некалькі месяцаў Іран прытрымліваўся вельмі асцярожнай лініі паводзінаў.

Гэтак, у ліпені ізраільскія спецслужбы забілі ў Тэгеране лідара палітычнага крыла «Хамасу» Ісмаіла Ганію, што было для іранскага кіраўніцтва сапраўдным прыніжэннем. Вярхоўны лідар Ірану Алі Хамэнэі абяцаў «сурова пакараць» Ізраіль, амерыканцы прагназавалі, што іранская атака адбудзецца ў пачатку жніўня, аднак у выніку нічога не было. 

Масавы падрыў пэйджараў у Ліване і забойства лідара «Хізбулы» Хасана Насралы таксама не справакавалі імгненнай рэакцыі Ірану. Больш за тое, медыі звярнулі ўвагу на нязвыкла стрыманую рыторыку Тэгерану на фоне падзеяў у Ліване. Размаўляючы з амерыканскімі журналістамі на палях Генасамблеі ААН, прэзідэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян заявіў, што ягоная краіна не хоча вайны і гатовая разгледзець пытанне пра тое, каб адмовіцца ад ужывання вайсковай сілы, калі тое самае зробіць Ізраіль.

Стварылася ўражанне, што рэжым у Тэгеране проста не гатовы павышаць стаўкі. Па-першае, аперацыі супраць Ганіі і «Хізбулы» паказалі, што Ізраіль можа дастаць каго заўгодна дзе заўгодна. Паводле медыяў, пасля забойства Насралы іранскі лідар Алі Хамэнэі схаваўся ў больш надзейным месцы з павышанымі захадамі бяспекі.

Па-другое, захоўваўся фактар унутранай нестабільнасці. У 20192020, 2021 і 20222023 гадах у Іране ўспыхвалі маштабныя антыўрадавыя пратэсты і беспарадкі. Няўдалая вайна здольная справакаваць новую хвалю народнай незадаволенасці, якая можа стацца фатальнай для тэакратычнага рэжыму. Прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу перад пачаткам наземнай аперацыі супраць «Хізбулы» нагадаў Тэгерану пра яго слабое месца, выступіўшы з адкрытым зваротам да іранскага народу. «Іранскі народ мусіць ведаць: Ізраіль на вашым баку… Іран будзе свабодным, і гэта адбудзецца значна хутчэй, чым людзі думаюць», заявіў Нэтаньягу.

Разам з тым, было зразумела: калі апошнія аперацыі Ізраілю застануцца без адказу, то аўтарытэт Тэгерану, які прэтэндуе на ролю рэгіянальнага лідара, будзе падарваны. Адмаўляцца ад сваіх геапалітычных амбіцыяў рэжым аятолаў не захацеў, і ў выніку прыхільнікі жорсткай лініі ў кіраўніцтве Ірану ўсё-ткі ўзялі верх. Увечары 1 кастрычніка Іран учыніў масаваную ракетную атаку ў якасці помсты адразу і за Ганію, і за «Хізбулу».

Агулам па Ізраілі было запушчана больш за 180 балістычных ракетаў. Эфектыўнасць іранскай атакі аказалася невысокай: большасць ракетаў была перахопленая (у тым ліку пры дапамозе саюзнікаў Ізраілю), частка з іх упала ў адкрытай мясцовасці. Адзінай чалавечай ахвярай быў палестынец, якога забіла абломкам ракеты. Двое ізраільцянаў атрымалі лёгкія аскепкавыя раненні.

Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што Іран зрабіў вялікую памылку «і заплаціць за гэта».

,,

«Рэжым у Іране не разумее нашай рашучасці абараніць сябе і адпомсціць нашым ворагам. Мы будзем прытрымлівацца прынятага намі правіла: хто б на нас ні напаў – мы нападзем на яго», – падкрэсліў палітык.


У Тэгеране ў сваю чаргу заявілі, што калі Ізраіль адкажа, то Іран ударыць «у тысячу разоў мацней». А Корпус вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі прыгразіў, што гатовы нанесці ўдары па базах ЗША ў рэгіёне, калі Штаты «зробяць глупства».

Новая рэальнасць

На першы погляд, цяперашняя сітуацыя вельмі нагадвае падзеі красавіка 2024 года, калі Іран таксама ўчыніў масаваную паветраную атаку на Ізраіль. Той удар не меў для Ізраілю сур’ёзных наступстваў 99 % запушчанага было знішчана ў паветры. Тады ў адказ Ізраіль нанёс кропкавы ўдар па радыёлакацыйнай станцыі на вайсковай базе Ісфахан. Далейшай эскалацыі не адбылося: абодва бакі палічылі, што здолелі захаваць твар, і на гэтым спыніліся.

Аднак цяпер паўтарыць сцэнар красавіка 2024 года амаль што немагчыма.

Дэманстранты святкуюць запуск больш як 180 балістычных ракетаў па Ізраілі ў адказ на забойства лідара «Хізбулы» Хасана Насралы і іншых апалчэнцаў, якіх падтрымлівае Іран. Тэгеран, Іран. 1 кастрычніка 2024 года. Фота Hossein Beris / Middle East Images / Abaca Press / East News
Дэманстранты святкуюць запуск больш як 180 балістычных ракетаў па Ізраілі ў адказ на забойства лідара «Хізбулы» Хасана Насралы і іншых апалчэнцаў, якіх падтрымлівае Іран. Тэгеран, Іран. 1 кастрычніка 2024 года. Фота Hossein Beris / Middle East Images / Abaca Press / East News

Па-першае, стратэгія выжывання Дзяржавы Ізраіль заўсёды грунтавалася на жорсткай пазіцыі, што ворагі разумеюць толькі сілу, а стрыманасць і саступкі яны ўспрымаюць як праяву слабасці, і гэта толькі заахвочвае іх да яшчэ больш агрэсіўных дзеянняў. Мінулы раз пад ціскам свайго галоўнага саюзніка, Злучаных Штатаў, Ізраіль дэ-факта адступіў ад гэтага прынцыпу і пагадзіўся абмежавацца сімвалічным контрударам, наступстваў якога ніхто не ўбачыў. Як вынік, праз паўгода Іран учыніў новы, яшчэ больш моцны напад. У Ізраілі лічаць, што калі адказ зноў акажацца недастаткова пераканаўчым, то небяспечны прэцэдэнт пераўтворыцца ў правіла: рэжым у Тэгеране зробіць выснову, што наўпроставыя ўдары па Ізраілі яму мала чым пагражаюць.

Па-другое, Іран згубіў адзін з ключавых фактараў стрымлівання магчымасць нацкаваць на Ізраіль «Хізбулу», найбольш магутную праіранскую групоўку ў рэгіёне. Вясной, калі сітуацыя на ізраільска-ліванскай мяжы трымалася ў рамках абмежаванага абвастрэння, над Ізраілем навісала пагроза, што Іран дамовіцца з «Хізбулой» пра поўнамаштабны напад і на поўначы краіны ўзнікне другі фронт. Аднак цяпер стаўкі павышаць няма куды: Ізраіль і «Хізбула» і так ужо ваююць на поўную моц. Цагаль бамбіць цэлі па ўсёй тэрыторыі Лівану, праводзіць сухапутную аперацыю на поўдні. Шыіцкая групоўка, якая страціла свайго лідара Насралу і шмат якіх высокапастаўленых камандзіраў, цяпер аслабленая і вядзе барацьбу за выжыванне.

«Тэгеран страціў цэнтральны слуп сваёй стратэгіі стрымлівання», канстатуе выданне «The Wall Street Journal».

Іншы стрымальны фактар пазіцыя ЗША для Ізраілю таксама цяпер выглядае не настолькі пераканаўча, як у красавіку. Паводле «The New York Times», ізраільскае кіраўніцтва мяркуе, што мінулым разам яны дапусцілі памылку, прыслухаўшыся да заклікаў Белага дому: адказ на іранскую атаку аказаўся занадта слабым.

Вашынгтон па-ранейшаму імкнецца перадухіліць вялікую вайну на Блізкім Усходзе і выступае за тое, каб Ізраіль праявіў стрыманасць. Пасля іранскай атакі прэзідэнт Джо Байдэн падкрэсліў, што Ізраіль мае права адказаць, але «адказаць прапарцыйна». Разам з тым, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў адміністрацыя Байдэна Гэрыс наўрад ці захоча адкрыта сварыцца з Ізраілем, бо гэта было б сапраўдным падарункам Доналду Трампу. Якія б ні былі разыходжанні паміж Белым домам і ўрадам Нэтаньягу, перад тварам іранскай пагрозы Злучаныя Штаты Ізраілю не пакінуць.

Салдаты ізраільскай арміі на пазіцыі ўздоўж мяжы з Ліванам на поўначы Ізраілю. 1 кастрычніка 2024 года. Фота: Ahmad Gharabli / AFP / East News
Салдаты ізраільскай арміі на пазіцыі ўздоўж мяжы з Ліванам на поўначы Ізраілю. 1 кастрычніка 2024 года. Фота: Ahmad Gharabli / AFP / East News

Дзе ўдарыць Ізраіль? 

Такім чынам, цяпер склаліся ўмовы для таго, каб Ізраіль з паказальнай жорсткасцю пакараў свайго ворага №1 – Іран. Лепшага моманту для такой акцыі можа і не быць.

«Ізраіль, падобна, гатовы нанесці наўпроставы ўдар па Іране значна больш рашуча і публічна, чым калі-небудзь», зазначае «The New York Times».

У медыях абмяркоўваюцца некалькі магчымых варыянтаў нанясення ўдару па Іране. Адна з патэнцыйных цэляў аб’екты іранскай ядравай праграмы, якая ўспрымаецца ў Ізраілі як экзістэнцыйная пагроза. Калі ў Ірану з’явіцца ядравая зброя і ці з’явіцца ўвогуле ніхто не ведае. Але Ізраіль зацікаўлены ў тым, каб перадухіліць такое развіццё падзеяў яшчэ на ранніх этапах. Цяперашняя эскалацыя дае шанец зліквідаваць ядравую праблему.

Разам з тым, паводле звестак «The New York Times», удару па атамных аб’ектах усё-ткі не адбудзецца: у гэтай справе Ізраілю спатрэбіцца дапамога ЗША, а Джо Байдэн адкрыта заявіў, што не падтрымае атакі.

Больш імаверна, што мішэнню зробяцца аб’екты нафтавай і газавай інфраструктуры. Сярод магчымых цэляў называюць найбуйнейшы нафтавы тэрмінал Ірану на востраве Харг, Канганскі завод для перапрацоўвання газу, а таксама порт Шагід-Раджаі, праз які праходзіць каля 40 % усяго іранскага імпарту. Разбурэнне гэтых аб’ектаў можа мець крытычныя наступствы для іранскай эканомікі.

Чалавек ідзе сярод будынкаў, пашкоджаных уначы ў выніку ізраільскага авіяўдару па раёне Маўвад у паўднёвым прыгарадзе Бэйруту, Ліван. 3 кастрычніка 2024 года. Фота: AFP / East News
Чалавек ідзе сярод будынкаў, пашкоджаных уначы ў выніку ізраільскага авіяўдару па раёне Маўвад у паўднёвым прыгарадзе Бэйруту, Ліван. 3 кастрычніка 2024 года. Фота: AFP / East News

Ізраільскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці паведаміў «The Times of Israel», што атака будзе накіраваная менавіта на нанясенне «значнай фінансавай шкоды» Ірану. Эканамічныя праблемы ў сваю чаргу могуць справакаваць унутраныя беспарадкі. «Чым больш яму давядзецца ўкладваць у субсідыі і падачкі, тым менш у Ірану будзе сродкаў для фінансавання сваіх давераных асобаў, уключаючы патрапаную «Хізбулу», зазначае выданне.

Пра ўдар па нафтавых аб’ектах са спасылкай на ізраільскіх чыноўнікаў піша таксама выданне «Axios». Акрамя таго, можа быць атакаваная сістэма супрацьпаветранай абароны Ірану і могуць быць арганізаваныя мэтавыя забойствы прадстаўнікоў іранскага кіраўніцтва.

Разам з тым, паводле звестак крыніцаў «The New York Times», Ізраіль яшчэ не прыняў канчатковага рашэння наконт таго, як адказаць Ірану. Сітуацыя наўрад ці праясніцца да канца пятніцы, калі завяршыцца габрэйскае свята Рош Га-Шана, зазначае выданне.

Аднак у тым, што ўдар па Іране адбудзецца, ні ў кога сумневаў цяпер няма.

Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10