Некаторыя медыі ў свеце паспяшаліся назваць атаку Ірану на Ізраіль 1 кастрычніка «паваротным момантам у канфлікце». Ізраіль абяцае немінучы адказ на іранскія абстрэлы – ажно да атакі па атамных аб’ектах. Іран, у сваю чаргу, пагражае яшчэ большымі ракетнымі абстрэламі.
Ізраільскія ўлады заявілі, што страты ў выніку атакі Ірану былі неістотныя: большасць ракетаў была перахопленая, частка з іх упала ў адкрытай мясцовасці.
Паводле некаторых медыяў, адзінай чалавечай ахвярай быў палестынец, якога забіла абломкам ракеты. Таксама паведамляюць пра некалькіх параненых.
Агулам было выпушчана каля 200 балістычных ракетаў, пра што заявіў дарадца прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван, пазней такі ж лік агучылі на дзяржаўным тэлебачанні Ірану. Пры гэтым у Тэгеране заяўляюць, што 80 % ракетаў усё ж пацэлілі і здолелі знішчыць ізраільскую базу Нэватым, больш за 20 самалётаў F-35 і тры базы побач з Тэль-Авівам. У той жа час гэтая інфармацыя патрабуе правярання, бо да заяваў іранскага боку шмат якія аналітыкі ставяцца з вялікаю доляю скепсісу.
Пэнтагон у сваім паведамленні падкрэсліў, што ўдары, зробленыя Іранам, былі ўдвая больш маштабныя, чымся тыя, што былі зробленыя сёлета ў красавіку.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў атаку Ірану неэфектыўнай і адзначыў, што амерыканскія вайскоўцы актыўна падтрымлівалі абарону Ізраілю, што адбывалася паводле ягонага беспасярэдняга загаду.
Прадстаўнік Цагалю Даніель Гагары адзначыў: было некалькі траплянняў іранскіх ракетаў у цэнтры краіны і ў іншых раёнах Ізраілю. Ён назваў атаку Ірану сур’ёзнай і падкрэсліў, што яна будзе мець наступствы для Ірану.
Прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што Іран зрабіў вялікую памылку «і заплаціць за гэта».
,,«Рэжым у Іране не разумее нашай рашучасці абараняць сябе і адпомсціць нашым ворагам. Мы будзем прытрымлівацца ўсталяванага намі правіла: хто б на нас ні напаў – мы нападзем на яго», – прыводзіць словы ізраільскага лідара Бі-Бі-Сі.
Праз некалькі гадзінаў пасля іранскага абстрэлу ізраільскія вайскоўцы нанеслі чарговыя ўдары па аб’ектах «Хізбулы» ў Бэйруце, папярэдзіўшы мясцовых жыхароў пра неабходнасць эвакуявацца.
Амерыканскае выданне «Axios» са спасылкаю на ізраільскіх чыноўнікаў адзначае, што ў адказ на іранскі абстрэл Ізраіль можа найбліжэйшым часам нанесці ўдары па нафтавых ды іншых стратэгічных аб’ектах Ірану, а ў выпадку паўторнай эскалацыі – і па атамных аб’ектах.
У сваю чаргу ў Іране адзначылі: калі Ізраіль паспрабуе адказаць на ракетную атаку, Іран дасць яшчэ больш магутны адказ.
Некаторыя сусветныя медыі назвалі іранскую атаку па тэрыторыі Ізраілю «каталізатарам поўнамаштабнай вайны», «паваротным момантам у канфлікце», а таксама «найбольш небяспечным момантам у сучаснай гісторыі Блізкага Усходу» – «вайною балістычных ракетаў», якая можа выліцца ў супрацьстаянне з удзелам іншых краінаў, у тым ліку ЗША.
Раман Шавель belsat.eu