У Беларусі пяць новых палітвязняў. Гэта Раман Гралеўскі, Сяргей Козікаў, Аляксандр Зубкоў, Аляксандр Сацюк, Сяргей Паспелаў. Станам на 24 верасня рэжым трымае ў зняволенні 1324 палітвязняў. Тым часам працягваюцца працэсы, якія працуюць на павелічэнне гэтай лічбы. Падрабязней пра іх у штодзённым аглядзе «Белсату».
Супраць журналіста Сяргея Скулаўца распачалі крымінальную справу. Пра гэта ён распавёў у «Facebook».
«Следчы камітэт распачаў супраць мяне справу. З ператрусам прыехалі да мамы, праглядзелі мабільнік, забралі яе, завезлі на мой хутар. Падрабязнасцяў, на жаль, не ведаю зусім, але справа дакладна завязаная з Белсатам», – піша Сяргей.
Журналіст не жыве ў Беларусі.
У Глыбокім затрымалі як мінімум траіх чалавек, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». Сілавікі сцвярджаюць, што ўсе яны ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Сярод затрыманых адміністратар старонкі «Падслухана Глыбокае», а таксама жанчына, якая на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай раздавала кветкі.
А ў Слаўгарадскі РАУС звярнулася ўладальніца кветкавай крамы – нехта нібыта сарваў з фасаду чырвона-зялёны сцяг, а таксама пашкодзіў шыльду і кветачніцу.
Распачата крымінальная справа за «здзек з дзяржаўных сімавалаў» (арт. 370 КК). Міліцыянты затрымалі 16-гадовага навучэнца каледжу і 18-гадовага трактарыста.
Паводле такога ж артыкула судзяць жыхара Лунінецкага раёна. Ён нібыта зняў з крамы чырвона-зялёны сцяг у 2021 годзе. Паводле праваабаронцаў, яго знайшлі праз тры гады па адбітках пальцаў.
,,«У 2021 годзе ў Лунінецкім раёне была распачата крымінальная справа па артыкуле аб здзеку з дзяржсімвалаў (арт. 370 КК), аднак чалавека, які зняў сцяг, тады не знайшлі. Побач з месцам здарэння ляжала бутэлька з півам, з якой знялі адбіткі пальцаў», – піша «Вясна».
Паводле Дзяржкамітэтусудэкспертыз, у 2024 годзе 21-гадовы хлопец з гэтага раёна праходзіў працэдуру абавязковай дактыласкапіі ў рамках прызыву. Адбіткі яго пальцаў супалі з адбіткамі на бутэльцы, знойдзенымі ў 2021 годзе.
Таксама мужчыну затрымалі за ўдзел у пратэстах. На відэа сілавікоў ён кажа, што браў удзел у акцыях пратэсту, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «плана Перамога», а таксама пакідаў «негатыўныя каментарыі на адрас супрацоўнікаў міліцыі».
У чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі сацсеткі сястры Марыі Калеснікавай Таццяны Хоміч – TikTok-акаўнт, старонка ў Instagram і Facebook-профіль, а таксама Youtube-канал «Максим Шабуцкий» і старонка ў Instagram «yana.joj».
Арсен Рудэнка belsat.eu