Уладальнік Telegram Павел Дураў заявіў, што кампанія будзе раскрываць і перадаваць у «адпаведныя органы» паводле іхнага запыту IP-адрасы і тэлефоны тых, хто парушыць правілы карыстання месэнджарам.
Пра гэта Павел Дураў напісаў у сваім акаўнце ў Telegram, паведаміўшы пра тое, што кампанія абнавіла ўмовы абслугоўвання і палітыку канфідэнцыйнасці.
Акрамя таго, цягам апошніх некалькіх тыдняў спецыялісты кампаніі зрабілі пошук у месэнджары значна больш бяспечным.
«Увесь праблемны кантэнт, які мы выявілі ў Пошуку, больш недаступны», – напісаў Дураў.
Ён падкрэсліў, што пошук у Telegram больш магутны, чым у іншых праграмах абмену паведамленнямі, таму што дазваляе карыстальнікам знаходзіць агульнадаступныя каналы і ботаў.
«На жаль, – кажа Дураў, – гэтай функцыяй злоўжывалі людзі, якія парушылі нашы Умовы абслугоўвання для продажу нелегальных тавараў».
Усе прынятыя меры павінны, на думку ўладальніка месэнджара, адпудзіць злачынцаў.
,,«Пошук у Telegram прызначаны для пошуку сяброў і навін, а не для прасоўвання нелегальных тавараў. Мы не дазволім злым асобам паставіць пад пагрозу цэласнасць нашай платформы для амаль мільярда карыстальнікаў», – напісаў Павел Дураў.
Нагадаем, што заснавальніка Telegram затрымалі ў аэрапорце «Ля Буржэ» у Парыжы 24 жніўня. Ён прыляцеў у Парыж з Баку і мусіў правесці ў французскай сталіцы як мінімум адзін вечар, у яго там была запланаваная сустрэча.
Дураву былі выстаўленыя абвінавачванні паводле шасці артыкулаў, сярод якіх: кіраванне анлайн-платформай для незаконных транзакцый, адмыванне грошай, аказанне нелегальных крыптаграфічных паслуг, адмова ад супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі, а таксама саўдзел у незаконным абароце наркотыкаў і распаўсюджванні дзіцячай парнаграфіі ў арганізаванай групе.
Пазней Паўла Дурава вызвалілі пад заклад у 5 мільёнаў еўраў.
19 верасня Нацыянальны каардынацыйны цэнтр кібербяспекі ва Украіне забараніў чыноўнікам і вайскоўцам карыстацца Telegram. Прычына – пагроза нацыянальнай бяспецы.
Служба бяспекі Украіны і Генштаб ВСУ таксама заявілі, што Расея актыўна выкарыстоўвае гэты мэсанджар для кібератак, распаўсюджвання шкоднаснага праграмнага забеспячэння, устанаўлення геолокации карыстальнікаў і карэкціроўкі ракетных удараў.
Раман Шавель belsat.eu