Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка паведаміў пра магчымыя змяненні заканадаўства пасля прэзідэнцкіх выбараў. У прыватнасці, можа быць прыняты закон аб замежных агентах, паведамляе агенцтва «Минск-новости».
Карпенка зазначыў, што сёння шмат якія краіны прымаюць законы аб гэтак званых замежных агентах, і гэта «ў пэўнай ступені завязана ў тым ліку на электаральны працэс».
«Пагадзіцеся: як можна правесці справядлівыя выбары, калі арганізацыя, што бярэ ўдзел у выбарах, фінансуецца з-за мяжы і выконвае пэўную замову тых, хто плоціць гэтай арганізацыі? Гэта ж відавочна», ‒ заявіў старшыня ЦВК.
Падобны закон з 2012 года існуе ў Расеі. Там «замежнымі агентамі» прызнаюцца юрыдычныя і фізічныя асобы, якія атрымліваюць замежнае фінансаванне ці «застаюцца пад замежным уплывам». Сёлета такі закон прынялі ў Грузіі, дзе выклікаў шматтысячныя пратэсты.
Пра неабходнасць закону аб замежных агентах у Беларусі яшчэ ў 2020 годзе казаў дэпутат Андрэй Савіных.
Наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі маюць адбыцца ў 2025 годзе. Дакладная дата пакуль невядомая. Ігар Карпенка паабяцаў, што пасля выбараў ЦВК «зоймецца пытаннямі аналізу заканадаўства».
Марыя Міхалевіч belsat.eu