Гарадзенскі абласны суд вынес прысуд у межах адмысловага вядзення блогеру і стваральніку шэрагу праектаў Антону Матольку. Пра гэта 3 чэрвеня паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.
Антон Матолька, якога называюць стваральнікам, адміністратарам і кіраўніком шэрагу Telegram-каналаў, такіх як «МотолькоПомоги», «Диаспоры Беларуси против войны: Дзечат», «Беларускі Гаюн» і іншых, завочна асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі. Таксама яму прысудзілі штраф на 2000 базавых велічыняў (84 тысячы рублёў).
Пракуратура абвінаваціла Матольку ў арганізацыі і кіраванні змовай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, арганізацыі масавых беспарадкаў, публічных закліках да захопу ўлады, дыскрэдытацыі Беларусі, знявазе і паклёпе ў бок Аляксандра Лукашэнкі ды іншых службовых асобаў, распальванні сацыяльнай варожасці і здрадзе дзяржаве.
Як заяўляецца, у канцы траўня 2020 года блогер «арганізаваў і ажыццяўляў кіраванне змовай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Таксама яго абвінавачвалі ў тым, што ён арганізаваў масавыя беспарадкі і групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак падчас і пасля выбараў 2020 года.
Прысуд яшчэ фармальна можа быць абскарджаны і апратэставаны.
«Беларускі Гаюн», які займаўся адсочваннем перамяшчэння расейскай вайсковай тэхнікі, спыніў працу 7 лютага. Матолька намякаў у X, што гэтага патрабаваў ГУБАЗіК у абмен на меншыя тэрміны для тых, каго асудзяць за сувязь з праектам. Два гады таму Матолька казаў, што ў бот пісалі 30 тысяч асобаў. Сярод звестак, якія выцеклі з боту праекту, былі ўнікальныя ідэнтыфікатары карыстальнікаў мэсэнджару – Telegram ID.
Якуб Хруст belsat.eu