Цягам ліпеня – верасня ў Беларусі на свабоду выйшлі ўжо 115 палітвязняў. Лукашэнка сцвярджае, што гэта зроблена не пад ціскам. Аднак гістарычны досвед сведчыць пра тое, што аўтарытарныя рэжымы амаль заўсёды ідуць на вызваленне палітвязняў менавіта пад ціскам абставінаў. Яны могуць быць міжнароднымі, унутрыпалітычнымі і эканамічнымі. «Белсат» распавядае, як гэта бывала раней, у тым ліку ў Беларусі.
Досвед лукашэнкаўскай Беларусі
У XXI стагоддзі Аляксандр Лукашэнка ўжо некалькі разоў ішоў на маштабнае вызваленне палітзняволеных, і кожны раз гэта было палітычнае рашэнне пад ціскам абставінаў, а не проста акт гуманізму.
У 2008 годзе Лукашэнка памілаваў экс-кандыдата на прэзідэнцтва Аляксандра Казуліна і іншых палітвязняў, якія тады былі за кратамі. Лёс палітвязняў быў пытаннем № 1 у адносінах з Захадам, і іхнае вызваленне дазволіла Менску выйсці з міжнароднай ізаляцыі. Беларусь атрымала крэдыт МВФ на суму $ 2,5 млрд і была запрошаная ў праграму ЕЗ «Усходняе партнёрства».
На рашэнне Лукашэнкі паўплывала сукупнасць фактараў. Пасля выбараў 2006 года Захад увёў санкцыі супраць афіцыйнага Менску, прычым ЗША ўпершыню ўхвалілі абмежаванні ў дачыненні «Белнафтахіму» і звязаных з канцэрнам прадпрыемстваў. Стасункі з Расеяй таксама пачалі пагаршацца. Масква паступова скарачала аб’ёмы датацыяў, ціснула на Беларусь эканамічна: паміж краінамі з разу ў раз успыхвалі розныя гандлёвыя войны (нафтавыя, газавыя і г. д.). На складаную міжнародную абстаноўку наклаўся эканамічны спад, які пацягнуў за сабой дэвальвацыю рубля і інфляцыю.
У 2011 годзе пасля новай хвалі палітычных рэпрэсіяў Лукашэнка зноў быў вымушаны пайсці на вызваленне палітвязняў. Праўда, у адрозненне ад 2008 года вызвалілі не ўсіх і рэпрэсіі пры гэтым не спыніліся. Тым не менш, калі на піку рэпрэсіяў пасля выбараў 2010 года за кратамі былі каля 50 палітвязняў, то на пачатак 2012 года, пасля дзвюх хваляў памілавання, іх засталося толькі 15.

Зноў спрацавала сукупнасць фактараў: санкцыі Захаду, праблемы ў стасунках з Расеяй і беспрэцэдэнтны фінансавы крызіс, які прывёў да таго, што рубель дэвальваваў на 189 %. Хваля памілавання лета – восені 2011 года была наўпрост звязаная з таемнай сустрэчай Лукашэнкі з тагачасным міністрам замежных справаў Балгарыі Нікалаем Младэнавым, які мусіў выканаць ролю пасярэдніка паміж Менскам і Брусэлем. Пагадзіўшыся вызваліць большасць палітвязняў, Лукашэнка даслаў ЕЗ сігнал, што гатовы дамаўляцца наконт нармалізацыі стасункаў. Праўда, тады дамовіцца ўсё-ткі не ўдалося: санкцыі скасаваныя не былі, а рэпрэсіі працягнуліся.
Паступова колькасць палітвязняў у Беларусі скарацілася да шасці чалавек, і ўсе яны былі памілаваныя ўказам Лукашэнкі ў жніўні 2015 года. Праз некаторы час пасля гэтага Захад спачатку замарозіў, а потым зусім адмяніў санкцыі.
Як і раней, Лукашэнка пайшоў на гэты крок пад ціскам абставінаў. З аднаго боку, анексія Крыму і вайна на Данбасе прымушалі яго ўсур’ёз задумацца пра тое, каб знайсці новыя кропкі апоры на міжнароднай арэне. З другога боку, расейская агрэсія справакавала эканамічны крызіс: у Беларусі адбыліся магутная дэвальвацыя і падзенне ВУП. Таму Лукашэнка пастанавіў нармалізаваць стасункі з Захадам, што было немагчыма без вызвалення палітвязняў.

СССР канца 1980-х
Логіка рашэнняў Лукашэнкі ў гэтым сэнсе не ўнікальная: у іншых аўтарытарных і таталітарных краінах вызваленне праціўнікаў рэжыму таксама адбывалася пад ціскам неспрыяльных абставінаў.
Вызваленне палітвязняў у СССР звязваюць з палітыкай перабудовы, якую праводзіў Міхаіл Гарбачоў. Пры гэтым часта забываюць, што перабудова была звязаная не толькі з больш ліберальнымі поглядамі новага генеральнага сакратара КПСС, але і з аб’ектыўнымі абставінамі, якія прымушалі Гарбачова змяніць курс.
На момант прыходу Гарбачова да ўлады сацыялістычная сістэма гаспадарання была ў сур’ёзным крызісе. Бюджэт і вонкавагандлёвы баланс СССР трымаліся пераважна на экспарце нафты. Усю першую палову 1980-х кошты на сыравіну паступова зніжаліся, а ў 1986 годзе адбыўся так званы крызіс перавытворчасці: цана на нафту ўпала да $ 10 за барэль і нават ніжэй. Ва ўмовах нарастання эканамічнага крызісу СССР быў вымушаны пайсці на лібералізацыю курсу і наладжванне стасункаў з ЗША, каб спыніць гонку ўзбраення і атрымаць заходнія крэдыты. Адной з праблемаў на шляху да нармалізацыі стасункаў з Захадам была сітуацыя з правамі чалавека ў СССР.
Яшчэ ў лютым 1986 года Гарбачоў заяўляў, што палітвязняў у СССР няма, а ў верасні таго ж года пытанне пра мэтазгоднасць вызвалення палітвязняў разглядалася на паседжанні Палітбюро. У снежні 1986-га рашэнне было ўхваленае.
Працэс вызвалення палітвязняў быў няхуткім і меў шэраг абмежаванняў. Па-першае, абавязковай умовай для вызвалення было падпісанне заявы пра адмову «ад варожай і іншай супрацьпраўнай дзейнасці». Па-другое, гэта не была ўсеагульная палітычная амністыя: на шэраг асабліва цяжкіх артыкулаў, паводле якіх судзілі палітвязняў, рашэнне Палітбюро спачатку не распаўсюджвалася.
Большасць савецкіх палітвязняў была вызваленая ў лютым – красавіку 1987 года. У тым ліку з ссылкі вярнулі лідара дысідэнцкага руху СССР Андрэя Сахарава. Потым працэс вызвалення запаволіўся, і апошнія палітвязні выйшлі на волю ўжо пасля распаду СССР.
Аналагічныя працэсы адбываліся ў той час у краінах Усходняй Еўропы: камуністычныя ўрады пагаджаліся на вызваленне палітвязняў пад ціскам эканамічных і палітычных праблемаў, пры тым што на паўнавартасную дапамогу СССР цяпер яны разлічваць ужо не маглі.

Сучасныя дыктатары
Вызваленне палітвязняў у СССР і краінах Усходняй Еўропы суправаджалася агульнай лібералізацыяй эканамічнай і палітычнай сферы, абуджэннем грамадства і пратэстамі. У выніку камуністычныя сістэмы былі дэмантаваныя. Аднак вызваленне палітвязняў не заўсёды прадвяшчае крах аўтарытарнага рэжыму. Часам дыктатары пад ціскам ідуць на лакальныя саступкі, але кардынальных зменаў у краіне не дапускаюць (як і Лукашэнка ў 2008, 2011, 2015 гадах).
У кастрычніку 2023 года кіраўнік Венесуэлы Нікаляс Мадура быў вымушаны падпісаць так званыя Барбадоскія пагадненні: ён паабяцаў дапусціць апазіцыю да прэзідэнцкіх выбараў у абмен на аслабленне санкцыяў супраць Венесуэлы. Працягам гэтага працэсу была яшчэ адна ўгода: у снежні 2023-га адбыўся абмен 20 палітвязняў-венесуэльцаў і 10 амерыканскіх грамадзянаў на паплечніка венесуэльскага лідара, які трапіў у ЗША ў турму паводле падазрэння ў адмыванні грошай.
Гэта былі вымушаныя крокі: амерыканскія санкцыі моцна білі па эканоміцы Венесуэлы, і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2024 года Мадура трэба было аслабіць ціск на свой рэжым. Аднак абодва бакі засталіся незадаволенымі ўгодаю. Больш за 90 % венесуэльскіх палітвязняў засталіся за кратамі, прэзідэнцкія выбары прайшлі са шматлікімі парушэннямі і масавымі фальсіфікацыямі. ЗША, зразумеўшы, што Мадура парушыў Барбадоскія пагадненні, аднавілі санкцыі, а вынікаў выбараў не прызналі.
У Нікарагуа масавыя рэпрэсіі распачаліся пасля пратэстаў 2018 года: сотні апазіцыянераў былі забітыя або трапілі ў турму. Пасля гэтага краіна аказалася ў міжнароднай ізаляцыі, былі ўведзеныя санкцыі. Усё гэта адбывалася на фоне значнага пагаршэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Нікарагуа. Паводле медыяў, менавіта гэтыя фактары прымусілі аўтарытарнага лідара Даньеля Артэгу пайсці на вызваленне амаль трох сотняў палітвязняў.
У выніку таемных перамоваў з Вашынгтонам у лютым Артэга вызваліў 222 палітвязняў. У студзені 2024 года на свабоду выйшлі амаль два дзясяткі палітзняволеных каталіцкіх святароў, улучна з епіскапам Раляндам Альварэсам. У верасні 2024-га Артэга адпусціў яшчэ 135 палітвязняў.
Дэталі працэсу вызвалення дасюль невядомыя. У Дзяржаўным дэпартаменце ЗША сцвярджаюць, што ўлады Нікарагуа нічога за гэта не атрымалі.
Ува ўсіх выпадках палітзняволеных не проста адпускалі, але і адразу прымусова высылалі з краіны. Такі фармат вызвалення сведчыць пра тое, што дэмакратызаваць свой рэжым Артэга не плануе, аднак вызваліць большасць палітвязняў пад ціскам абставінаў ён усё-ткі быў вымушаны.
Глеб Нержын belsat.eu