Маштабны лясны пажар ва Украіне дасягнуў Чарнобыльскай зоны. Смог ад пажараў зацягнуў Гомель. Даведаліся ў МНС, ці варта перажываць з-за радыяцыі.
«Паводле апошняга спадарожнікавага здымка NASA ад 8 верасня, дым ад пажараў у памежжы Украіны, дзе гараць сотні кіламетраў лясоў праз пастаянныя абстрэлы і бамбардзіроўкі, ужо зацягнуў усю Гомельскую вобласць.
Буйны пажар працягваецца і ў Чарнобыльскай зоне, дзе гарыць тэрыторыя звыш 15 км2. Дым ад яго працягвае ісці ў напрамку Лельчыц і Століна. Не выключана, што ён можа ўтрымліваць радыеактыўныя часціцы, якія паднімаюцца ў следстве гарэння на забруджаных тэрыторыях», —адзначае тэлеграм-канал «МотолькоПомоги».
Пад выглядам занепакоеных мясцовых жыхароў тэлефануем у Гомельскае абласное ўпраўленне МНС, каб даведацца, ці няма радыяцыйнай небяспекі для мясцовых жыхароў.
«Усё спакойна, не хвалюйцеся. Ніякай небяспекі няма, нічога не перавышана [дапушчальны ўзровень радыяцыі. —Рэд.]», —адказваюць там.
Паводле звестак тэлеграм-каналу, 8 верасня радыяцыйны фон на тэрыторыі Гомеля складаў да 0,17 мкЗв/гадзіну, а ў Рэчыцы — 0,13 мкЗв / гадзіну. Раніцай 9 верасня паказчыкі ніжэйшыя — Гомель (0,09), Рэчыца (0,11).
«Так ці інакш значнага павышэння ўзроўню не назіраецца. Усё, што ніжэй за ўзровень у 0,50-гэта норма і не выклікае боязі», — падводзіць рысу «МотолькоПомоги».
Арсен Рудэнка belsat.eu