Сустрэча дэлегацыяў Украіны і Расеі ў Турцыі адбудзецца 16 траўня. А 10:45 менскага часу збіраюцца групы Турцыі, ЗША і Украіны, а 12:30 плануецца сустрэча дэлегацыяў Украіны, Расеі і турэцкага боку, паведамляе «Reuters».
Сустрэча была запланаваная на 15 траўня, аднак затым з'явілася навіна пра перанос перамоваў на другі дзень. Гэта будзе першая перамоўная сустрэча Украіны і Расеі з сакавіка 2022 года ў Стамбуле.
Пры гэтым чаканні ад перамоваў невысокія. Дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Рубʼёў адзначыў, што ўзровень расейскай дэлегацыі «не паказвае на магчымасць дасягнення прарыву», а прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заявіў, што без ягонай сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным не будзе ніякіх зрухаў.
Што датычыць складаў групаў, якія сустракаюцца ў Турцыі, то Уладзімір Пуцін не пагадзіўся на прапанову прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага прыехаць асабіста. Расейскую дэлегацыю ўзначальвае памочнік Пуціна Уладзімір Мядзінскі, а ўкраінскую – міністр абароны Украіны Рустэм Умераў. Зяленскі назваў расейскую дэлегацыю «бутафорскаю».
Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту паведаміў, што ЗША на перамовах рэпрэзентуюць дырэктар аддзелу планавання палітыкі Дзяржаўнага дэпартаменту Майкл Энтан, паведамляе «Reuters».
Таксама дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Рубʼёў прыбыў у аэрапорт Стамбулу 16 траўня, піша «The Guardian».
Упершыню пра перамовы ў Турцыі публічна загаварыў Уладзімір Пуцін. Гэта адбылося пасля адхілення прапановы Украіны, Польшчы, Вялікай Брытаніі і Францыі спыніць баявыя дзеянні на 30 дзён.
Арсен Рудэнка belsat.eu