навіны

«Курс на адмоўны тэмпературны трэнд». Сіноптыкі пра тое, калі ў Беларусі пацяплее

Батарэя ацяплення ў кватэры. Фота: Белсат
Батарэя ацяплення ў кватэры. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Такога халоднага траўня беларусы даўно не бачылі: быў і дождж, і снег, і тэмпература апускалася ніжэй за нуль, у дадатак да адключанага ацяплення. Калі ўжо прыйдзе цеплыня?

На гэтае пытанне адказвае Белгідрамет. Паводле сіноптыкаў, тэмпература ў траўні спазнілася на месяц, бо больш адпавядала красавіку, адстаючы ад нормы на 1–7 ℃.


На жаль, пацяплее дакладна не на гэтым тыдні: з 16 на 17 траўня ў Берасцейскай вобласці магчымыя нават невялікія замаразкі. Выходныя ў Беларусі таксама будуць не вельмі, з дажджамі і навальніцамі, хаця будзе і адносна цёпла. У суботу, 17 траўня, паветра прагрэецца да 10–17 ℃. У нядзелю, 18 траўня, слупок тэрмометра можа падняцца да 19 ℃ на паўночным усходзе.


Стала ж цяплець пачне не раней за 20-21 траўня – можна будзе спадзявацца на 21 ℃, але ўсё з тымі ж дажджамі і з не вельмі камфортнымі 3 ℃ цеплыні ўночы.


«У рэспубліку пачне паступаць больш цёплае паветра атлантычнага паходжання, тэмпературны фон паступова будзе павышацца, але па-ранейшаму будзе на 1–6 ℃ ніжэй за сярэднія шматгадовыя значэнні», – распавялі ў Белгідрамеце.


Нагадаем, лета ў гэтым годзе прыйшло ў Беларусь у сярэдзіне красавіка – неўзабаве пасля таго, як краіну раптоўна засыпала снегам у пачатку красавіка. Пабыло лета – і пайшло прэч. 5-6 траўня тэмпература ноччу пачала апускацца ніжэй за нуль, 7-8 траўня шмат дзе было халадней за +10 ℃ днём. На 13 траўня надвор’е вяртаецца бліжэй да нормы, але цёпла станецца, калі верыць прагнозам, яшчэ няхутка: +20 ℃ і больш – хіба ў канцы траўня. Не толькі бульба памерзла.


Мясцовыя ўлады і камунальнікі аказаліся не гатовыя да пахаладання і ўключаць батарэі адмаўляліся, але потым пад ціскам пачалі вяртаць цяпло. Планавае адключэнне гарачай вады ў траўні таксама паступова перанеслі.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10