У івацэвіцкай папраўчай калоніі № 22 «Воўчыя норы» памёр зняволены. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў «MAYDAY.TEAM».
Мужчыну было каля 50 гадоў, на волі ў яго засталася сям'я. Прычыну смерці праваабаронцам пакуль высветліць не ўдалося, аднак у канцы красавіка яны паведамлялі аб верагоднай эпідэміі ковіду ў гэтай папраўчай установе. Зняволеныя хварэлі цэлымі атрадамі, а з медычнай дапамогі атрымлівалі толькі парацэтамол.
,,«Сімптомы хваробы вельмі нагадваюць каронавірус, перадалі на волю самі зняволеныя. Гэта быў іхны крык аб дапамозе, і ўжо тады яны баяліся, што хтосьці можа не выжыць. Праз замаразкі ў бараках калоніі пануе холад. Адміністрацыя ПК-22 усяляк абвяргала інфармацыю пра рост захворвання, а калі навіна трапіла ў недзяржаўныя медыі, пачала пагражаць адказнасцю за перадачу звестак "экстрэмісцкім« рэсурсам"», – распавядае «MAYDAY.TEAM».
Раней праваабаронцы расказвалі, што ў медчастцы калоніі не хапае лекаў. Некалькі самых цяжкіх хворых адпраўлялі ў Рэспубліканскі агульнасаматычны шпіталь ДВП МУС. Адміністрацыя не хоча ўводзіць каранціну, бо гэта прывядзе да поўнай змены рэжыму працы папраўчай установы.
У калоніі не прыпынілі працяглых і кароткатэрміновых спатканняў, а тых, хто пераносіць хваробу лягчэй, прымушаюць выходзіць на працу.
Арсен Рудэнка belsat.eu