навіны

У Стамбуле скончыліся перамовы Украіны і Расеі

Прадстаўнікі Украіны, Турцыі і Расеі на перамовах у Стамбуле 16 траўня 2025 года
Прадстаўнікі Украіны, Турцыі і Расеі на перамовах у Стамбуле 16 траўня 2025 года. Фота: «Anadolu Ajansı» / Х
podpis źródła zdjęcia

На сустрэчы ў Стамбуле, якая распачынае мірныя перамовы, 16 траўня прысутнічалі прадстаўнікі дэлегацыяў Украіны, Расеі і Турцыі. Па выніках сталася вядома, што Расея выставіла нерэалістычныя патрабаванні.

У пачатку міністр замежных справаў Турцыі Хакан Фідан звярнуўся да дэлегацыяў.


«Мы павінны скарыстацца гэтай магчымасцю, каб рухацца наперад шляхам міру. Той факт, што Расея і Украіна пачалі наўпроставыя перамовы, зрабіў гэты крытычны этап магчымым», – перадае словы Хакана Фідана «Anadolu Ajansı».


Перад сустрэчай з расейскай дэлегацыяй міністр абароны Украіны Рустэм Умераў, які ўзначальвае ўкраінскую дэлегацыю, сказаў, што Украіна гатовая да поўнага і безумоўнага спынення агню і перамовам на найвышэйшым узроўні.

,,

«Мір магчымы толькі пры ўмове, што Расея пакажа гатовасць да канкрэтных дзеянняў, сярод якіх – поўнае спыненне агню на прынамсі 30 дзён і ажыццяўленне гуманітарных крокаў, такіх як вяртанне гвалтоўна дэпартаваных украінскіх дзяцей і абмены ваеннапалоннымі паводле формулы «ўсіх на ўсіх», – перадае ягоныя словы Міністэрства абароны Украіны.


Расейскую дэлегацыю ўзначальваў памочнік Уладзіміра Пуціна Уладзімір Мядзінскі, які ўжо ўжо быў кіраўніком групы на перамовах у 2022 годзе. Напярэдадні сустрэчы Мядзінскі заявіў, што «задача наўпроставых перамоваў з украінскім бокам – рана ці позна выйсці на ўсталяванне доўгатэрміновага міру, зліквідаваўшы базавыя першапрычыны канфлікту».


У пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Уладзімір Пуцін патрабаваў «дэнацыфікацыі» і «дэмілітарызацыі» Украіны, а таксама, каб краіна не далучалася да NATO.


Сустрэча мусіла распачацца а 12:30 паводле менскага часу, аднак расейская дэлегацыя спазнілася на 13 хвілінаў. Прыкладна а 14:40 быў абвешчаны перапынак.

Перамовы паміж Украінай і Расеяй у Стамбуле скончыліся менш чым за дзве гадзіны, паведаміла крыніца ў МЗС Турцыі.


Паводле ўкраінскай крыніцы «Sky News», Расея высунула патрабаванні, якія «нерэалістычныя і выходзяць далёка за межы таго, што абмяркоўвалася раней». Сярод іх нібыта быў «вывад украінскіх войскаў з яе тэрыторыі для забеспячэння спынення агню». Журналіст «Axios» Барак Равід са спасылкай на ўкраінскую дыпламатычную крыніцу сцвярджае, што Расея запатрабавала ад Украіны вывесці свае войскі з некалькіх рэгіёнаў Украіны.

«Я выступіў на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці. На гэтым тыдні ў нас быў рэальны шанец рушыць наперад да заканчэння вайны, калі б толькі Пуцін не пабаяўся прыехаць у Турцыю. Я быў там, гатовы да беспасярэдняй сустрэчы з ім, каб развязаць усе асноўныя пытанні. Ён ні на што не пагадзіўся», – напісаў пасля двухгадзіннай сустрэчы Уладзімір Зяленскі.


Акрамя таго, Зяленскі сказаў, што Расея зноў даслала на перамовы тых самых прадстаўнікоў нізкага ўзроўню, што і ў 2022 годзе, каб «ператварыць гэтую сустрэчу ў Стамбуле ў пастановачны, пусты працэс».


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10