навіны

Зяленскі паціснуў руку Ціханоўскай на саміце ў Тыране

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі цісне руку абранай прэзідэнтцы Беларусі Святлане Ціханоўскай
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі цісне руку абранай прэзідэнтцы Беларусі Святлане Ціханоўскай. Тырана, Албанія. 16 траўня 2025 года. Фота: Светлана Тихановская / Telegram
podpis źródła zdjęcia

На саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Албаніі сабраліся лідары 47 дзяржаваў і кіраўнікі міжнародных арганізацыяў. Ціханоўская пабачылася з Зяленскім, казала пра спыненне вайны і пабудову стасункаў у новых рэаліях.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 16 траўня ўзяла ўдзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Тыране. Прэс-служба Ціханоўскай паказала момант ейнай сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Што кажа Зяленскі, калі цісне руку Ціханоўскай і вітаецца з прэзідэнткаю Малдовы Маяй Санду, на відэа не разабраць. Невядома, ці ішла размова дольш, чым, напрыклад, між Ціханоўскай і прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам або Ціханоўскай і канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам. Ейная прэс-служба перадае, што яна кажа пра сустрэчу:

,,

«Цяпер вельмі важна быць разам з Украінай і падтрымліваць украінскі народ. Спыненне расейскай агрэсіі – нашая агульная мэта. Мы працуем над тым, каб Беларусь і Украіна былі вольнымі – без акупантаў, без дыктатараў, у еўрапейскай сям’і».


Чытайце таксама:
Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень.  Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Ва Украіне не «чужая вайна» – і трэба мяняць стаўленне беларусаў да яе. Дыскусія на канферэнцыі «Новая Беларусь»

На саміце ў Тыране Ціханоўская сядзела за адным сталом з лідарамі паўсотні краінаў і міжнародных арганізацыяў.


Як Ціханоўская, так і Зяленскі часта сустракаюцца з замежнымі лідарамі, але між сабою не праводзілі паўнавартаснай размовы ні пасля выбараў у Беларусі 2020 года, ні пасля поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну, які адбыўся ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе. З беларускімі дэмакратычнымі сіламі Украіна ўзаемадзейнічае, але на менш высокім узроўні. Ды пры рэдкіх сустрэчах на міжнародных самітах Зяленскі не раз ціснуў руку Ціханоўскай, а ў навагоднім звароце на 2025 год казаў «Жыве Беларусь».


Нярэдка выказваліся меркаванні, што Украіна не прызнае Ціханоўскую, а Зяленскі не праводзіць з ёй перамоваў, бо Беларусь кантралюе Аляксандр Лукашэнка – Украіна не хоча правакаваць Лукашэнку на большае ўцягванне Беларусі ў вайну. Пра гэта Зяленскі сапраўды непакоіцца: папярэджвае, што Расея нешта рыхтуе на тэрыторыі Беларусі, засцерагае, што Уладзімір Пуцін «у любым выпадку зацягне Беларусь у вайну», і заклікае Захад выцягнуць Беларусь з зоны ўплыву Расеі.


Зяленскі прыляцеў у Албанію з Турцыі, дзе сустракаўся з турэцкім кіраўніком і чакаў Пуціна. Апошні не прыляцеў на перамовы, на якія сам запрашаў Украіну. Перамовы распачаліся 16 траўня – на дзень пазней за анансаваную дату. Склад расейскай дэлегацыі дае падставы меркаваць, што на перамовах не будуць прынятыя значныя пастановы. Паводле ўкраінскіх медыяў, расейская і ўкраінская дэлегацыя размаўляюць праз перакладчыка, расейскія дзяржаўныя медыі гэта адмаўляюць.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10