Генеральны пракурор Андрэй Швед пракаментаваў вызваленне 30 палітвязняў і анансаваў чарговае пасяджэнне камісіі па памілаванні, якая разгледзіць «дастаткова шмат» заяваў.
Паводле генпракурора, Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне так званай «камісіі па вяртанні» разгледзець справы грамадзянаў, якія адбываюць пакаранні «за здзяйсненне экстрэмісцкіх злачынстваў».
Камісія, кажа Швед, вывучыла ўсе матэрыялы: уключаючы крымінальныя справы, а таксама звесткі, звязаныя з паводзінамі гэтых асоб у месцах зняволення. Пры разглядзе справаў улічваліся такія абставіны, як «узрост, чыстасардэчнае раскаянне, запэўніванні гэтых асобаў у тым, што яны ў далейшым будуць няўхільна выконваць законы нашай краіны, стан іхнага здароўя і іншыя акалічнасці».
«Мы таксама ўлічылі той факт, што ўсе гэтыя асобы не здзяйснялі гвалтоўнае злачынства супраць прадстаўнікоў улады. Яны былі асуджаныя ў асноўным за абразу і паклёп у інтэрнэт-прасторы», – сказаў Андрэй Швед.
Акрамя таго, генпракурор анансаваў, што на наступным тыдні адбудзецца чарговае пасяджэнне камісіі, на якім будуць разгледжаныя наступныя заявы асуджаных за злачынствы «пратэснай накіраванасці».
Пры гэтым Швед падкрэсліў, што гэтых заяваў «дастаткова шмат». Ён адзначыў, што ўсе гэтыя асобы ўжо падалі хадайніцтвы пра памілаванне, прызналі віну, шчыра раскаяліся і далі абяцанне «весці правапаслухмяны лад жыцця».
Акрамя таго, Андрэй Швед акрэсліў умовы, пры якіх адназначна не варта разлічваць на памілаванне.
«Калі асоба здзейсніла гвалтоўныя злачынствы, замахнулася на праваахоўнікаў, здзейсніла гвалтоўныя дзеянні, звязаныя з прычыненнем шкоды здароўю, і ўсё, што звязана з ужываннем якога-небудзь гвалту, зброі і гэтак далей… Вядома, у дачыненні да гэтых асоб, магу адразу сказаць, мы наўрад ці прымем станоўчае рашэнне», – прыводзіць словы генпракурора БелТА.
Нагадаем, што сёння стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў 30 палітычных вязняў. З іх сямёра жанчын і 23 мужчыны. Большасць асуджаных – бацькі непаўналетніх і малалетніх дзетак.
Раман Шавель belsat.eu