Напярэдадні дзяржаўныя крыніцы паведамілі пра падпісаны Лукашэнкам указ аб памілаванні 30 асобаў, якія былі за кратамі «за злачынствы пратэснай накіраванасці». Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у каментары «Белсату» паразважаў, чаму той пайшоў на гэты крок, і што можа дапамагчы вызваленню іншых палітвязняў.
Улады ў Менску не прызнаюць, што ў Беларусі ёсць палітвязні, таму набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі Telegram-канал «Пул первого» ўжыў фармулёўку «асуджаныя за злачынствы пратэснай накіраванасці». Прозвішчы памілаваных не называюцца, паведамляецца толькі, што гэта 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя з іх «маюць сур’ёзныя хваробы», некаторыя — пенсіянеры.
«Усе яны прызналі віну, шчыра пакаяліся і ўзялі абавязанне весці правапаслухмяны лад жыцця. Гэта шанец гэтым асобам рэабілітавацца перад дзяржаваю і грамадствам», — адзначыў канал.
Старэйшы дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў выданню «Важные истории», што частка памілаваных паводле ўказу была вызваленая ў ліпені і жніўні, а падпісаны Лукашэнкам дакумент «фармалізуе працэс».
Вячорка таксама паведаміў, што праваабаронцы раней склалі спісы цяжкахворых палітвязняў, якіх трэба вызваліць, і пералік праз дыпламатаў і міжнародныя арганізацыі перадалі ў Менск. Некаторыя памілаваныя цяпер былі ў гэтых спісах.

Палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў упэўнены, што актам гуманізму тут і не пахне: Лукашэнка адпускае палітвязняў, каб спадабацца Захаду.
«Ён не можа быць асобаю, якой вядомыя нейкія гуманітарныя матывы і гуманныя пачуцці. У гэтай сістэме, хаця гэта не мае вялікага палітычнага значэння, патрабаванне, каб людзі пісалі прашэнне аб памілаванні для ўлады, становіцца ледзь не галоўным, маўляў, пакаяўся, значыцца, тады можна цябе вызваляць. Гэта такая ў пэўным сэнсе гульня. Калі трэба было, калі падціскалі акалічнасці, то Лукашэнка вызваляў палітвязняў і без усялякіх прашэнняў аб памілаванні», — адзначыў Цыганкоў.
Суразмоўца «Белсату» пры гэтым звярнуў увагу: рэпрэсіі не толькі не сцішыліся, яны працягваюцца з новай сілай. «Пакуль мы бачым толькі павелічэнне рэпрэсіяў, што аналітыкі тлумачаць менавіта чыннікам выбарчай кампаніі налета. Зараз штодня бяруць новых закладнікаў рэжыму», — канстатаваў журналіст.
Пакуль нельга пэўна казаць пра тое, ці гэты ўказ Лукашэнкі — частка дамоваў з Захадам або палітык «закідвае вуду», каб перамовы толькі пачаліся:
,,«А тое, што перамовы яму цяпер патрэбныя, як ніколі, гэта відавочна. І можна так афарыстычна сказаць: кожнае прасоўванне ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласці прымушае Лукашэнку вызваляць новых палітвязняў».
Віталь Цыганкоў падкрэсліў, што знутры з увагі на рэпрэсіі Лукашэнку цяпер нішто не прымусіць да новых «актаў гуманізму». Аналітык мяркуе, што можа падзейнічаць пагроза Польшчы закрыць мяжу для грузаў:
«Гэта, безумоўна, прымусіла рэжым у Менску як мінімум знізіць маштабы міграцыйнай праблемы, мігрантаў паменела, плюс працягваюцца перамовы наконт Анджэя Пачобута. Пагроза закрыцця мяжы хвалюе Беларусь не толькі з пункту гледжання Захаду, але з пункту гледжання Расеі і Кітаю і вялікіх эканамічных стратаў».
Яшчэ з вонкавых чыннікаў — вайна ва Украіне:
,,«Цяпер Лукашэнка паказвае сваю максімальную адданасць Расеі, у яго іншага варыянту і няма, але, безумоўна, ён хоча сабе паслаць саломкі на выпадак таго, што з Расеяй можа здарыцца фактычна і ваенная, і палітычная катастрофа. Да гэтага моманту ён таксама мае быць падрыхтаваным».
Акрамя таго, як мяркуе Віталь Цыганкоў, нельга выключаць, што Лукашэнка не пойдзе на прэзідэнцкія выбары налета, а таму захоча надосталь пакінуць добрае ўражанне і вызваліць яшчэ палітвязняў:
«Большы адсотак, што ён будзе ўдзельнічаць, але ён сам да канца яшчэ не ведае. І ў выпадку, калі ён пойдзе на варыянт нейкага пераемніка, то ён бы хацеў выявіць перад сваім сыходам нейкую дабрыню, каб увесь негатыў дастаўся пераемніку, а ён застаўся асобаю, якая вызваляла палітвязняў, спрабавала наладзіць нейкі дыялог у грамадстве. Гэта такі малаверагодны чыннік, але таксама яго не варта скідваць з рахунку».
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер у Беларусі 1378 палітвязняў, паводле ініцыятывы «Dissidentby» — 1474.
Вітаўт Сіўчык, Сцяпан Кубік belsat.eu