навіны

Паўтысячы аўтаў і 80 аўтобусаў чакаюць выезду з Беларусі ў Польшчу

Чарга на мяжы з Польшчай
Чарга на мяжы з Польшчай. Фота: autogrodno.by
podpis źródła zdjęcia

Сітуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы, паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, працягвае заставацца напружанай. 


Станам на 10:00 19 жніўня, выезду з Беларусі ў Польшчу чакалі 80 аўтобусаў на памежным пераходзе «Берасце». На літоўскай мяжы аўтобусных чэргаў не было.

Што датычыць легкавікоў, то выезду ў Літву чакалі 60 машынаў у пункце пропуску «Каменны лог» і 25 у «Беняконях». У Польшу хацелі выехаць 500 легкавікоў.

У Латвію праз «Грыгароўшчыну» збіраліся ехаць 690 фураў, у Літву – 610 праз «Каменны Лог» і 770 праз «Беняконі». Яшчэ 100 грузавых аўтамабіляў стаялі ў чарзе ў «Казловічах» на мяжы з Польшчай.

Пасажыры аўтобусаў расказваюць у памежных чатах, што чакаюць уезду ў Польшчу больш як 30 гадзін, нават з перасадкай – больш як 20. Тыя, хто едзе на легкавушках, начуюць у гатэлях або здымаюць кватэры. А вось на ўезд у Літву сыходзіць ад дзвюх да пяці гадзінаў, нават «кіроўца быў здзіўлены, што хутка так прыехалі».

З 16 жніўня Літва планавала забараніць уезд аўтаў з беларускімі нумарамі на сваю тэрыторыю. Аляксандр Лукашэнка ўжо назваў такія дзеянні суседзяў Беларусі «вар’яцтвам». А беларускія дэмакратычныя сілы вялі перамовы аб тым, каб зрабіць паслабленні ў рашэнні літоўскіх уладаў. І тыя ўрэшце пайшлі на змены надзённага для шматлікіх беларусаў пытання. Літоўская мытня паведаміла пра выключэнні, зробленыя для ўезду ў Літву аўтамабіляў на беларускіх нумарах. Згодна з імі дазволена:

– увозіць на тэрыторыю Літвы легкавы аўтамабіль, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну Беларусі, які мае дзейную візу Літоўскай Рэспублікі або дзейны дазвол на часовае ці пастаяннае пражыванне ў Літве, які дазваляе ўезд у Еўразвяз і якія пры ўездзе ў ЕЗ кіруе гэтым транспартным сродкам толькі ў асабістых мэтах (выключэнне не распаўсюджваецца на аўтамабілі, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах);

– увозіць на тэрыторыю Літвы аўтамабіль, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну краіны-члена Еўрапейскага Звязу, калі ён з'яўляецца рэзідэнтам Беларусі і пры выездзе ў краіны Еўразвязу кіруе гэтым транспартным сродкам выключна ў асабістых мэтах.

Пры гэтым у мытні нагадалі, што пасля 18 студзеня 2025 года аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, не змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Літвы. Асобы, якія будуць кіраваць аўтамабілямі з беларускімі нумарамі пасля гэтага, будуць прызнавацца парушальнікамі і прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці, што прадугледжвае штраф і канфіскацыю аўтамабіля.

Да 18 студзеня 2025 года аўтамабілі з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі могуць удзельнічаць у дарожным руху на тэрыторыі Літвы, а таксама ўвозіцца і рэгістравацца ў Літве.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10