Кепска жывем, сябры. Нават Замяталін пачаў нервавацца каля касы «Еўраопту». Яшчэ б! Кошты растуць разам з інфляцыйнымі чаканнямі насельніцтва.
Кепска жывем, сябры. Нават Замяталін пачаў нервавацца каля касы «Еўраопту». Яшчэ б! Кошты растуць разам з інфляцыйнымі чаканнямі насельніцтва.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз абвясціў, што павышэнне заробкаў – не папулізм. Тады – што? Надзённая неабходнасць? Ці так трэба разумець кіраўніка беларускай дзяржавы? Так. Інакш, на ягоную думку, немагчыма паспець за коштамі, рост якіх так хвалюе выбарнікаў.
Выдатна. Тады як разумець даклад кіраўніка Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі ды эканамічнага аналізу Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь Мурына Д.Л. на пашыраным пасяджэнні Праўлення Нацыянальнага банку? Там недвухсэнсоўна зрабілі дзве заявы.
,, Першая: «Рост рэальных заробкаў і рэальных наяўных даходаў насельніцтва тэмпамі, якія апярэджваюць дынаміку прадукцыйнасці працы, фармуе перадумовы для ўзмацнення інфляцыйнага ціску як сёння, так і ў бліжэйшай перспектыве».
Гэта значыць, даходы насельніцтва апярэджваюць рост рэальнай прадукцыйнасці працы, а таму падганяюць інфляцыю.
,, І другая: «Дадатковым фактарам, які перашкаджае зніжэнню інфляцыйных чаканняў, з’яўляецца таксама недасканаласць палітыкі адміністрацыйнага рэгулявання коштаў. Частыя і нескаардынаваныя рашэнні дзяржаўных органаў, скіраваныя на павышэнне коштаў і тарыфаў, фармуюць у насельніцтва адчуванне сталага росту коштаў. Пры гэтым рэгуляваныя кошты і тарыфы часцяком павышаюцца дзяржавай на велічыню, якая перавышае ўстаноўлены мэтавы параметр па інфляцыі».
Гэта значыць, адным з вінавайцаў росту коштаў з’яўляецца дзяржава, кіраўніком якой, у сваю чаргу, зʼяўляецца Аляксандр Лукашэнка.
Па-іншаму тлумачыць заявы Дзмітрыя Леанідавіча Мурына ў мяне ніяк не атрымліваецца.
І спыніць інфляцыю (рост коштаў, а значыць, рэальнае і няўхільнае абясцэньванне пакупніцкай здольнасці беларускага рубля) можна толькі, спыніўшы дзяржаўную палітыку па павышэнню заробкаў і рэгуляванні коштаў. Бо і тое, і другое ні да чаго добрага не вядзе.
Можна, вядома, зрабіць выгляд, што гэтых аргументаў не было. Або што яны былі – але кіраўнік краіны і дзяржава, што ён узначальвае, усё роўна маюць рацыю. Урэшце, нашыя выбарнікі ўмеюць не чуць выразных довадаў розуму і сумлення – памятаеце, як у выпадку з гомельскім інвалідам, якому дзяржава збіралася ўсталяваць пандус, але суседзі па пад’ездзе спалохаліся, што саслізнуць і галовы зламаюць (ці ногі – я дакладна ўжо і не памятаю). Аднак, неяк вось палохае ў цэлым аптымістычны даклад спадара Мурына. Пакідае ўражанне балансу над прорваю. Бухгалтарскага балансу, што падвялі над эканамічнай прорваю напярэдадні вырашальнай спробы пераадолець яе ў два скачкі. Усё ў яго расце, у гэтага спадара Мурына, – і кошты на энерганосьбіты, што папаўняюць бюджэт краіны, і золатавалютны рэзерв Рэспублікі Беларусь, але, разумееце, гэта ўсё роўна трывожна. Лукашэнка загадаў павялічыць заробкі. Злашчасная лічба «пяцьсот долараў», праўда, гэтым разам не прагучала, але…
І тут, як на злосць, яшчэ і ад рэферэндуму адмовіліся! Значыць, сапраўды будуць заробкі павышаць. Трэба хутчэй уцякаць і траціць рублі. Бо павысяць – дакладна як у 2011 годзе…
А мы думалі, што мы ўжо на дне, але ў гэты час знізу пагрукаў Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.
Дзмітрый Леанідавіч, дзякую за падказку! Я пабег!