Які адзіны шанец для беларусаў дамагчыся для сябе свабоды?
Такое адчуванне, што людзі, якія пытаюцца «А ці не пайсці нам на кампраміс з захаваннем улады Лукашэнкі дзеля незалежнасці Беларусі?», уяўляюць сабе панятак «незалежнасці Беларусі» як нейкі абгароджаны плотам загончык са сцягам прыемнага колеру, які вісіць над ім.
Незалежнасць – гэта не пра вышыню плота па перыметры тэрыторыі. Гэта пра свабоду людзей вызначаць, як ім жыць, і пра адказнасць за свае рашэнні.
Цяпер гэтая свабода людзей вызначаць, як ім жыць, утаптаная да падмурка. Ці можам мы меркаваць, што, пайшоўшы на нейкі кампраміс з Лукашэнкам і ягонай камандай, такіх свабодаў стане больш? Сто адсоткаў не. Прынамсі таму, што ёсць яшчэ Пуцін, ёсць яшчэ вайна Пуціна з Украінай. І для гэтай вайны расейскаму войску Беларусь патрэбная як плацдарм, а расейскаму бізнесу – як афшор і пляцоўка для набыцця постсавецкіх прамысловых актываў па дэмпінгавых коштах.
Беларусь без Лукашэнкі, гэта раз. Беларусь, здольная абараніць сябе ад уварвання Расеі. Адзіны варыянт такой Беларусі – гэта ўнутры ЕЗ і NATO, або як мінімум падача заяўкі на ўступленне. Гэта адзіны магчымы варыянт незалежнасці для Беларусі, які дасць свабоду вызначаць, як нам жыць.
Вось Паўночная Карэя. З выгляду цалкам незалежная (на справе залежная ад Кітаю, як і Беларусь Лукашэнкі залежыць ад Расеі). Нехта сумняваецца ў тым, што Кім Чэн Ын можа ажыццяўляць паўнату ўлады ўнутры Карэі? Не. Нехта сумняваецца, можа, у тым, што людзям у Карэі было б лягчэй жыць, калі б Кім страціў такую магчымасць? Каму хочацца жыць у Паўночнай Карэі? Не і не.
Менск, 9 траўня 2022 года. (Фота: Белсат)
Калі нам задаюць пытанне, ці жадаем мы нарэшце пагадзіцца жыць у Паўночнай Карэі, то найлепшы адказ – гэта задаць сустрэчнае пытанне: а дзеля чаго? Дзеля сімвалічнай магчымасці называць тэрыторыю Беларусі сваёй?
Гімн Польшчы, частка земляў якой разам з нашымі была захопленая ў XVIII стагоддзі, гучыць так: «Польшча не загінула да таго часу, пакуль мы жывыя».
Ведаеце, калі быў напісаны гэты гімн? У самыя цяжкія для Польшчы часы. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі ад некалі вялізнага Каралеўства практычна нічога не засталося. Ведаеце, што было наперадзе ў палякаў, якія спявалі гімн? Дзвесце гадоў прайграных войнаў, паражэнняў, захопаў тэрыторыяў і жыцця пад акупацыяй. Дзвесце гадоў барацьбы за незалежнасць, дзвесце гадоў няўдалых, разбітых, прыгнечаных паўстанняў.
,,
Калі паўстанне Касцюшкі прайграла і Касцюшку ўзялі ў палон, пратрымалі ў палоне некалькі гадоў, а пасля дазволілі з’ехаць, ён сплыў у ЗША. Гэта як калі б зараз Бабарыку выпусцілі з турмы з умовай паляцець на Марс.
Палякі ставілі на ўдзел польскіх батальёнаў у напалеонаўскім паходзе для вызвалення Польшчы ад расейскай акупацыі, але ён закончыўся паразай. Гэта як калі б цяпер батальён Каліноўскага і атрад «Пагоня» паспрабавалі з Украіны вызваліць Беларусь, але аказаліся б ушчэнт разбітыя.
Уявіце ступень адчаю палякаў, калі б яны вымяралі сваё разуменне «Што такое Польшча?» не людзьмі, а тэрыторыяй. У нас не засталося больш тэрыторыяў, яны акупаваныя, ці значыць гэта, што нам канец? Ці значыць гэта, што мы як народ цалкам знішчаныя?
У Варшаве прайшла акцыя «Жанчыны супраць вайны». Жанчыны ў белым зноў выйшлі на вуліцы разам, каб сказаць «не» гвалту, нянавісці і вайне ва Украіне. Першая такая акцыя прайшла ў Менску 12 жніўня 2020 года як рэакцыя на жорсткія затрыманні і забойствы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. 6 сакавіка 2022 года. Варшава, Польшча. (Фота: Белсат)
Цяпер ідэальна бачная хлусня міфу аб тым, што «беларусы, расейцы і ўкраінцы – гэта амаль тое ж самае, з невялікімі рэгіянальнымі асаблівасцямі і дыялектамі, а на справе – адзін «савецкі» народ з агульнай гісторыяй і культурай». У чужой краіне вельмі добрае адчуваецца, што на ўзроўні рэфлексіі, без словаў, беларуса можа зразумець толькі беларус. Тое, што беларусы перажылі за апошнія два гады, украінцам і расейцам трэба тлумачыць, а беларусу дастаткова ўзгадаць.
Беларусь жыве, пакуль беларусы жывыя. Пакуль жывыя носьбіты ўсяго беларускага, да таго часу, пакуль ёсць людзі, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы і асацыююць сябе з Беларуссю. Людзі, якіх звязвае агульная гісторыя, культура і мова. У якіх, дзе б яны ні былі і чым бы ні зараблялі, цэнтр жыццёвых інтарэсаў – у Беларусі. Якія ўкладаюць у беларусаў. Якія дапамагаюць беларусам. Для якіх беларус беларусу – беларус.