Меркаваннi

Улада ёсць, бракуе славы. А славы хочацца. Хоць якой славы

Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін праходзяць побач з дзецьмі падчас цырымоніі прывітання на плошчы Кім Ір Сэна ў Пхеньяне, КНДР. 19 чэрвеня 2024 года. (Фота: Vladimir Smirnov / Pool / AFP / East News)
Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін праходзяць побач з дзецьмі падчас цырымоніі прывітання на плошчы Кім Ір Сэна ў Пхеньяне, КНДР. 19 чэрвеня 2024 года. (Фота: Vladimir Smirnov / Pool / AFP / East News)
podpis źródła zdjęcia

Галоўная задача Пуціна ўдалася: чарговы раз нагадаць пра сябе і прымусіць напружыцца заходніх палітыкаў

Твар Пуціна на ўсіх слупах у Пхеньяне і на ўсіх першых палосах сусветных СМІ. Такая агульная карціна візіту аднаго дыктатара да другога. Галоўная задача Пуціна ўдалася: чарговы раз нагадаць пра сябе і прымусіць напружыцца заходніх палітыкаў. Зразумела, што Пхеньян – гэта не курорт у Швейцарыі, куды яго не запрасілі на Саміт міру, але ж асабліва выбіраць не даводзіцца. Паклікалі некуды і дзякуй.
Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін праходзяць побач з дзецьмі падчас цырымоніі прывітання на плошчы Кім Ір Сэна ў Пхеньяне, КНДР. 19 чэрвеня 2024 года. (Фота: Vladimir Smirnov / Pool / AFP / East News)
Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін праходзяць побач з дзецьмі падчас цырымоніі прывітання на плошчы Кім Ір Сэна ў Пхеньяне, КНДР. 19 чэрвеня 2024 года. (Фота: Vladimir Smirnov / Pool / AFP / East News)
Ні для каго не сакрэт, што Расея забівае абаронцаў і мірных жыхароў Украіны паўночнакарэйскай зброяй. Забяспечвае Кім Чэн Ын свайго «таварыша па зброі» дастаткова адчувальна – яшчэ год таму гаворка ішла пра мільён снарадаў, а паводле апошніх звестак паўднёвакарэйскай выведкі, літаральна днямі ў Расею адправіліся яшчэ пяць мільёнаў снарадаў і балістычных ракетаў. Хто сёння для Пуціна можа быць лепшым сябрам і таварышам, чым сябар, у якога ўся эканоміка пастаўленая на вайсковыя рэйкі? І па гэтых рэйках бесперашкодна могуць ісці боепрыпасы, таму што гэты сябар яшчэ і сусед з агульнай мяжой. Хто можа сапсаваць гэтае свята?
Тым больш, што Расея сама становіцца мілітарызаванай краінай: абаронны комплекс набірае абароты. Боепрыпасаў з кожным днём становіцца ўсё больш. Украіна, вымушаная адбіваць бязлітасныя атакі, мае патрэбу ў зброі, але яе Захад так і не змог даць ёй у неабходнай колькасці. А тое, што, са словаў некаторых Z-блогераў, карэйскіх снарадаў шмат занадта старых і яны не вельмі дакладна б’юць, не значыць, што не бʼюць зусім. Іх шмат, і можна сабе ўявіць, як гэта адбіваецца на тых, хто быў там, куды яны трапляюць.
І Расея і Паўночная Карэя застаюцца пад санкцыямі. Яны апынуліся ў ізаляцыі ад усяго цывілізаванага свету і таму сябраваць ім проста наканавана лёсам. Кім Чэн Ын заявіў, што двойчы за апошнія пяць гадоў наведваў сябра Пуціна на сваім бронецягніку. Калі ўлічыць акалічнасці, то гэта, вядома, яшчэ тая падзея для ўсёй краіны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы са старшынём Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем у апошні дзень саміту ў пытаннях міру ва Украіне. Бюргеншток (Bürgenstock), Швейцарыя. 16 чэрвеня 2024 года. (Фота: Alessandro Della Valle / Pool / AFP / East News)
Салідарнасць без прарыву. Што азначаюць для Украіны вынікі саміту міру навіны
А што ж Масква можа даць Пхеньяну, акрамя харчавання і эканамічнай дапамогі? Менавіта тое, што так насцярожыла Захад, – новыя тэхналогіі ў галіне ўзбраення. Пакуль на тэрыторыю Паўднёвай Карэі ляцяць перыядычна смеццевыя пакеты на паветраных шарах. А што будзе, калі Расея дасць свайму надзейнаму таварышу новыя вайсковыя тэхналогіі? Што, калі Паўночная Карэя пачне ствараць ядравую зброю? Што, калі пачне запускаць не шары са смеццем, а ракеты класу «зямля – паветра», а да берагоў тых краінаў, якія абклалі дыктатара санкцыямі, падплывуць паўночнакарэйскія падводныя чаўны? Што, калі ў дыктатара зʼявіцца гіпергукавая зброя?
Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кербі заявіў, што Вашынгтон зусім не турбуе паездка Пуціна ў Пхеньян, але «турбуе паглыбленне адносінаў паміж гэтымі дзвюма краінамі». Наўпрост скажам, што гэта не можа цяпер не турбаваць усяго свету. Ці дасць Расея Паўночнай Карэі вайсковыя тэхналогіі? Як даведацца адказ на гэтае пытанне, калі ўлічыць, што дыктатары хлусяць заўсёды? На гэтым пабудаваная іхная ўлада. Яны могуць колькі заўгодна на афіцыйным узроўні заяўляць, што не гандлююць зброяй у абыход санкцыяў ААН, але паміж Расеяй і КНДР агульная мяжа і перахапіць грузы, праверыць змесціва кантэйнераў ніхто звонку не можа.
Калі прыбраць усе страшылкі, то Расея мае патрэбу ў працоўнай сіле, якая ёсць у КНДР. Але тут зноў які ўжо раз дыктатары натыкаюцца на санкцыі ААН, якія забараняюць паўночнакарэйскім грамадзянам працаваць за мяжой. Можна пафантазаваць і ўявіць сабе, як, напрыклад, цёмнай ноччу карэйскія рабочыя залазяць у кантэйнеры, каб прыбыць на працу ў Расею. Ну, нешта кшталту тых цяплушак, толькі не на ўсход, а на захад. Ці можна там схавацца на абшарах вялікай краіны? Тым не менш працоўная сіла ў Расеі патрэбная, і чым даўжэй ідзе вайна, тым адчувальнейшаю становіцца яе адсутнасць. Бо справы на фронце ідуць не так добра, як сцвярджае расейская прапаганда. Яскравае таму пацверджанне – пляжы Крымскай паўвыспы. Цяпер яны больш нагадваюць абарончую лінію ля акопаў. Нешта не відаць людзей у купальніках. І гэта ў самы сезон.
Ці можа сёння турыстычная галіна на поўным сурʼёзе разглядаць усходні кірунак, прычым не Японію, Кітай і Паўднёвую Карэю, а менавіта КНДР? Статыстыка Прыморскага краю сцвярджае, што Паўночную Карэю за чатыры месяцы наведалі каля 400 расейскіх турыстаў. Прыкладна 100 турыстаў за месяц. Відаць, што такая экзотыка цікавіць не шмат каго.
Візіт яшчэ доўжыцца. Журналістам заявілі, што па выніках была падпісаная дамова. Пуцін сказаў, што яна тычыцца ўзаемадапамогі, калі адзін з бакоў адчуе агрэсію звонку. Гучыць адначасова і смешна, і сумна.
Калі Пуцін упершыню наведаў КНДР, ён таксама падпісаў дамову аб супрацы. Тады ў дамове была прапісаная «хуткая ліквідацыя расколу Карэі». Ліквідацыя расколу можа быць рознай. Мы гэта ўжо бачылі ў Нямеччыне. І ўвесь свет гэтаму быў рады. Усё развіваецца хутка і паводле сваіх законаў. Дыктатары не вечныя, і дыктатуры таксама. І пакуль адзін дыктатар забівае з дапамогай свайго войска і зброі ад іншага дыктатара народ мірнай краіны, усё гэта можа спыніцца самым нечаканым чынам. А пакуль Пуцін хоча прадэманстраваць усяму свету, што ездзіць куды захоча, нягледзячы на санкцыі і ўсеагульную пагарду. Але ўсе ж разумеюць, што выбар невялікі.
Любоў Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10