Украінскія тэлеграм-каналы: уначы 22 чэрвеня расейскія ракеты ляцелі ва Украіну праз Беларусь


Два ўкраінскія маніторынгавыя каналы, звязаныя са службамі паветранай абароны Украіны, сцвярджаюць, што ракеты, запушчаныя Расеяй па Украіне ўначы 22 чэрвеня, ляцелі праз паветраную прастору Беларусі.

Схема руху расейскіх ракетаў і ўдарных БПЛА па тэрыторыі Украіны ўначы 22 чэрвеня 2024 года.
Крыніца: War monitor / Telegram

А 4:13 у тэлеграм-канале «War monitor» з’явілася паведамленне:

«Трэцяя група КР (крылатых ракетаў. – Заўвага рэд.) мінула мяжу Беларусі і не назіраецца».

А 4:21 канал паведаміў наступнае:

«Трэцяя група ракетаў ці ракета знікла на мяжы з Беларуссю. Мы не можам сцвярджаць, што яна мінула яе і зайшла ў паветраную прастору РБ».

Інфармацыя пра ракеты ў паветранай прасторы Беларусі з’явілася таксама ў тэлеграм-канале «Український Єнот»:

«Новая група ішла па мяжы з Беларуссю, мінаючы яе».

Паводле гэтага ж тэлеграм-каналу, «Лукашэнка па-ранейшаму дапускае манеўры расейскіх ракетаў уздоўж дзяржаўнай мяжы Беларусі і Украіны».

Гомельскае выданне «Флагшток» звярнулася да каналу «Український Єнот» па каментар і атрымала інфармацыю, што ўначы 22 чэрвеня ракеты Х-101 як мінімум двойчы перасякалі тэрыторыю Беларусі:

«Першая ракета зафіксаваная а 3:40 (пазначаная чырвоным колерам). Другая група ішла пазней (пазначаная сінім). Недзе каля чарнобыльскай зоны яна знікла, далей з’явілася ў Ровенскай/Валынскай вобласці і на Луцк зайшла».

Hавiны
Дзяржаўны памежны камітэт загаварыў аб правакацыях на ўкраінска-беларускай мяжы
2024.06.20 16:09

Ракеты прайшлі над Брагінскім раёнам Гомельскай вобласці ў раёне Камарына.

Паветраныя сілы ЗСУ паведамілі, што ўначы 22 чэрвеня расейская армія выпусціла па Украіне 16 ракетаў розных тыпаў і 13 беспілотнікаў. Украінская СПА збіла 12 ракетаў і ўсе дроны.

Пра выкарыстанне расейскай арміяй беларускай паветранай прасторы «Український Єнот» паведамляў у ноч на 27 красавіка 2024 года. Тады некалькі ракетаў праляцелі над тэрыторыяй Брагінскага раёну.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў