Калонія для васьмярых берасцейцаў і шалёны прысуд пенсіянеру за каментары


«Белсат» працягвае сачыць за рэпрэсіямі ўнутры Беларусі, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.  

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

22 траўня святара Паўла Лемеха не выпусцілі на волю пасля адбыцця 10 содняў арышту. Вядома, што 21 траўня над ім адбыўся другі суд, але які прысуд на ім быў вынесены, пакуль невядома. Айца Паўла Лемеха разам з яшчэ адным святаром Анджэем Юхневічам затрымалі 9 траўня.

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне адміністратара тэлеграм-канала «Propovednik». У гэтым канале на 117 падпісантаў выказваліся ідэі па вызваленні Расеі і Беларусі ад дыктатуры, а таксама пісаліся крытычныя пасты ў адрас Святланы Ціханоўскай. У праўладных тэлеграм-каналах адзначаюць, што затрыманы займаўся распальваннем нацыянальнай і сацыяльнай нянавісці, і пагражаюць яму 10 гадамі пазбаўлення волі.

У Берасці 20 траўня вынеслі прысуды васьмярым удзельнікам адной з акцыяў пратэсту ў жніўні 2020 года. Усіх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). На лаве падсудных апынуліся Мікіта Вайцюк, Васіль Аляксеюк, Глеб Клімовіч, Віталь Варфаламееў, Аляксандр Тысевіч, Юлія Шаронава, Мікалай Нікіцюк, Максім Собалеў. Усе яны былі асуджаныя да пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі.

Камітэт дзяржкантролю пахваліўся дасягненнямі і расказаў, што летась было заведзена 80 справаў аб «фінансаванні экстрэмізму і тэрарызму».

68-гадоваму пенсіянеру Барысу Вітко вынеслі прысуд у 7 гадоў і 3 месяцы калоніі плюс штраф у 12 тысячаў рублёў. Вядома, што ў студзені 2023 года пенсіянера асудзілі за абразу суддзі да двух гадоў «хатняй хіміі». На гэты раз яго абвінавацілі па сямі артыкулах за каментары ў тэлеграм-каналах (сярод іх абраза Лукашэнкі, паклёп, абраза прадстаўніка ўлады, заклікі да санкцыяў і інш.).

Сёння стала вядома пра затрыманне намесніка дырэктара ТАА «НТЦ ЭТ». Як пішуць у праўладным тэлеграм-канале, яго прыйшлі затрымліваць за пратэсты, але напярэдадні мужчыну прыйшло паведамленне ад плану «Перамога». Гэта, маўляў, можа істотна паўплываць на прысуд. Пацвярджэння версіі сілавікоў няма.

На мяжы з Літвой затрымалі двух беларусаў: Аляксандра Судняковіча і Андрэя Пупкевіча. Першы з іх меў намер перабрацца праз мяжу, каб схавацца ад палітычнага пераследу за каментары ў падртымку Андрэя Зэльцара, які застрэліў супрацоўніка КДБ у 2021 годзе. Другі мужчына таксама затрымліваўся за пратэсты. Зараз ён дапамагаў Судняковічу дабрацца да памежжа.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў