Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам з нагоды Дня працы. У ім яна адзначыла важнасць першапачатковага значэння свята.
Палітычная дзяячка падкрэсліла, што першапачаткова 1 траўня сімвалізаваў барацьбу за правы рабочых і адстойванне сацыяльнай справядлівасці:
«Аднак у Беларусі мы сутыкаемся з трагічнай іроніяй: абвясціўшы 1 траўня святочным днём, улады актыўна душаць незалежныя прафсаюзы і абмяжоўваюць правы рабочых».
Святлана Ціханоўская нагадала, што ўлады зліквідавалі Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і яго сяброўскія арганізацыі: Беларускі незалежны прафсаюз, Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Свабодны прафсаюз Беларускі і Свабодны прафсаюз металістаў. Старшыня БКДП Аляксандр Ярашук, намеснік старшыні РЭП Генадзь Фядыніч былі пазбаўленыя волі.
«Найлепшы спосаб адсвяткаваць сёння 1 траўня – гэта працягнуць іхную традыцыю барацьбы за правы працаўнікоў. Не дазваляйце ўшчамляць вашых правоў нават у дробязях. За з’яўленне гэтых правоў ужо заплачаная высокая цана», – сказала дэмакратычная лідарка.
Лукашэнка аб правах не згадаў
У сваю чаргу самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні скардзіўся на глабальную канкурэнцыю за рынкі і рэсурсы ды заклікаў да «добрасумленнага і адказнага стаўлення да даручанага ўчастка працы, настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэтаў, наватарскаму падыходу да развязання паўсядзённых заданняў».
«Значны фактар умацавання беларускай мадэлі грамадскага развіцця – сацыяльнае партнёрства і канструктыўны дыялог органаў дзяржаўнай улады і прафсаюзнага руху, які адзначае сваё 120-годдзе», – заявіў ён.
12 чэрвеня 2023 года на 111-й канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) адбылося галасаванне за рэзалюцыю, паводле якой прадугледжваюцца захады ўздзеяння на Беларусь, каб прымусіць яе пільнавацца нормаў міжнародных канвенцыяў і рэкамендацыяў МАП. Большасцю галасоў рэзалюцыю ўхвалілі з прычыны бесперапыннага парушэння правоў рабочых і прафсаюзаў.
Якуб Хруст belsat.eu