Як адзначыць Дзень Волі ў Беларусі ва ўмовах рэпрэсіяў


Адкрыта і публічна святкаваць 106-ую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў сённяшняй Беларусі вельмі небяспечна. «Белсат» прапануе некалькі ідэяў, як адзначыць свята ва ўмовах, калі пасадзіць могуць не тое, што за бел-чырвона-белы сцяг у вакне, а нават за няправільны колер адзення.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гурт «Dzieciuki» на канцэрце, прысвечаным святкаванню Дня Волі, на Замкавай плошчы ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

На Дзень Волі ў 2024 годзе ў Беларусі не плануюць імпрэзаў і акцыяў. Прадстаўніца ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык сказала «Белсату»:

«Я веру, што і ў Беларусі мы хутка выйдзем на вуліцы. А пакуль я заклікаю беларусаў і беларусак унутры краіны памятаць пра гэты дзень, святкаваць яго ў сямейным коле, коле аднадумцаў.

Я ведаю, што вы змагаецеся, чакаеце перамен і разумееце, наколькі важны Дзень Волі для вас і ўсіх нас.

Зладзьце хатнія кінапрагляды: на тым жа YouTube багата дакументальных фільмаў пра станаўленне Беларускай Народнай Рэспублікі, увогуле гісторыю нашай краіны і падзеі 2020 года.

Пачытайце з дзецьмі беларускую кніжку, распавядзіце ім пра нашую сапраўдную нацыянальную сімволіку і яе карані, акуратна патлумачце, што не так са школьнымі падручнікамі.

Паглядзіце разам святочныя канцэрты, якія транслююць беларускія ініцыятывы замежжа.

Падтрымайце добрым словам нашых палітзняволеных: дашліце ім паштоўкі ці напішыце лісты».

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык пасля прэс-канферэнцыі ў Варшаве, Польшча. 2 снежня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У беларускіх афішах на 25 сакавіка не знайсці нічога на тэму Дня Волі ці прынамсі гісторыі Беларусі пачатку XX стагоддзя. Калі і можна схадзіць кудысьці на Дзень Волі, дык хіба на не звязаныя са святам імпрэзы. Напрыклад, у Менску – на выставу «Грукат лат і звон кальчугі» ў Археалагічным музеі ці на экскурсію ў музей Янкі Купалы.

Але можна зладзіць сабе свята ўдома.

Онлайн-канцэрт для Беларусі

Галоўная імпрэза на Дзень Волі для беларусаў у Беларусі – онлайн-канцэрт БНР-106 ад арганізатараў «Свята незалежнасці» ў 2018 годзе і наступных канцэртаў на Дзень Волі. Пачатак трансляцыі – 25 сакавіка а 19:00 паводле беларускага часу. Выступяць гурты «Volski», «J:Морс», «Naviband», «Dzieciuki», «Šuma» і «Nochy», будзе таксама інфармацыйная частка.

На выпадак, калі ў гэты дзень будуць блакаваць YouTube, мы маем падрабязную інструкцыю для абыходу блакаванняў.

Акрамя таго канцэрту, а 23:00 25 сакавіка «Белсат» пакажа оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» ад беларускага Свабоднага тэатру. Не прапусціце! Гэтую оперу намінавалі на найвышэйшую прэмію брытанскага тэатру, а рэжысёраў ужо ўганаравалі ордэнам Брытанскай імперыі.

Да таго ж, сёння маюць з’явіцца запісы ранейшых канцэртаў і выступаў, прымеркаваных да Дня Волі, а іх апошнімі днямі было шмат па ўсім свеце.

ВІДЭА
Як адсвяткавалі Дзень Волі ў Варшаве і Вільне
2024.03.24 15:30

Што яшчэ паглядзець, паслухаць і пачытаць

Можна паглядзець на «Белсаце» і ранейшыя дакументальныя стужкі пра Дзень Волі і Беларускую Народную Рэспубліку: напрыклад, гісторыю БНР за 7 хвілінаў, праграму пра абвяшчэнне БНР з цыклу «Гісторыя пад знакам Пагоні», фільм «Год 1918» з цыклу «Загадкі беларускай гісторыі», праграму пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі БНР і УНР, дыскусію гісторыкаў пра ўрад БНР у выгнанні або гісторыю пра апошняе каханне заснавальніка БНР.

І свежы святочны выпуск «Вусоў Скарыны»:

Яшчэ можна паглядзець «Гісторыю БНР для чайнікаў» ад Сяргея Шупы, гісторыю БНР і УНР ад Кацярыны Ваданосавай ці перадгісторыю стварэння БНР ад Мікіты Моніча. Або дакументальны фільм «Шлях да волі» пра тое, што яднае сучасных беларусаў, або іншыя дакументальныя фільмы і гістарычныя праграмы на «Белсаце».

У Сяргея Шупы, дарэчы, ёсць цэлая кніга «Падарожжа ў БНР» – яе можна бясплатна пачытаць у PDF (з Беларусі – праз VPN) або паслухаць як аўдыякнігу на YouTube. Таксама можна пачытаць, напрыклад, кнігі «БНР у 1918–1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці», «Жаўнеры БНР», «25-га Сакавіка. Успаміны з Менску, Будслава, Вільні, Прагі, савецкай турмы» або раман Алеся Пашкевіча «Пляц Волі».

Інтэрв’ю
«Нагадваем, што мы жывыя». Як адзначалі Дзень Волі раней – і што ён значыць цяпер
2024.03.25 16:49

Можна пачытаць і артыкулы «Белсату» пра лёс заснавальнікаў БНР і пра сучасны ўрад БНР у выгнанні, пра Першы Усебеларускі з’езд і пра Слуцкі збройны чын, пра Рамана Скірмунта, Клаўдзія Дуж-Душэўскага і пра Станіслава Булак-Балаховіча, або прайсці просты тэст пра Дзень Волі.

Можна і проста паслухаць беларускую музыку. Напрыклад, вось што мы слухалі год, два і тры таму. Можна паслухаць, што раіць «Міністэрства сепультуры» музычнага журналіста Аляксандра Чарнухі. Або пачытаць, што «Белсату» расказвалі беларускія музыкі Лявон Вольскі, Vinsent, Сяржук Доўгушаў, Сяргей Пукст, Кетэван, Лэслі Найф, Лёва Бі-2 ды іншыя.

Тэст
А што святкуем? Правер, ці ведаеш галоўнае пра Дзень Волі
2023.03.25 10:00

А можна згатаваць з сябрамі нешта бел-чырвона-белае – у нас ёсць тэматычны падбор рэцэптаў. Можна згатаваць і нешта іншых колераў, натхніўшыся нашаю праграмай «Я не буду гэтага есці!».

Яшчэ можна стэлефанавацца з сябрамі за мяжой ці ў іншых кутках Беларусі – мы расказвалі, як гэта зрабіць бяспечна, каб сілавікі не маглі праслухаць. Або можна проста пераглядзець старыя здымкі са святкавання Дня Волі, калі вы такія фота надзейна схавалі і калі пачысцілі сацсеткі ад іх слядоў.

Галоўнае – памятаць, што ніякае зло не вечнае. І што нават у Польшчы ў 1988 годзе, напярэдадні вялікіх зменаў, было нямала тых, хто страціў надзею на лепшае і не верыў у магчымасць перамогі. А свабоду здабылі.

Разбор
Хэпі-энд для Беларусі. Чатыры сцэнары таго, як ён можа адбыцца
2023.06.30 07:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў