Хэпі-энд для Беларусі. Чатыры сцэнары таго, як ён можа адбыцца


Спыненне рэпрэсіяў, вызваленне палітвязняў і новыя дэмакратычныя выбары – лічым гэта за шчаслівы фінал. Якімі шляхамі да яго можна прыйсці? «Белсат» спытаў пра гэта ў палітычнага аглядальніка праекту @pozirkonline Аляксандра Класкоўскага.

Марш свабоды ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Хэпі-энд са спыненнем рэпрэсіяў і дэмакратычнымі выбарамі ў найбліжэйшы час малаімаверны, кажа Аляксандр Класкоўскі: няма падставаў лічыць, што сітуацыя нейкім цудоўным чынам зменіцца да лепшага ў агляднай перспектыве.

«Канечне, я не хачу сказаць, што пазітыўныя перамены ў прынцыпе немагчымыя, але, на мой погляд, яны будуць ісці доўгім і пакутлівым шляхам, а пра нейкі хэпі-энд можна пакуль што толькі вельмі абстрактна, гіпатэтычна казаць, – тлумачыць ён. – І як пра вынік доўгага працэсу, а не як пра тое, што праз год-два магчыма. Ва ўсякім разе, калі мець на ўвазе сапраўды дэмакратычныя выбары».

Класкоўскі падкрэслівае: шмат залежыць ад падзеяў не ў Беларусі, а ў рэгіёне, перадусім ад вайны ва Украіне. Сцэнары хэпі-энду – ланцужкі, у якіх цэлы шэраг звёнаў патрабуе агаворак. Асабліва сумнеўнае звяно – нейкая настолькі моцная параза Расеі ў вайне, што ў выніку Уладзімір Пуцін страчвае ўладу, а Крэмль – уплыў на рэгіён. Называць імавернасць такіх падзеяў у адсотках – чыстая спекуляцыя, і нават найлепшыя вайсковыя эксперты не могуць прадказаць, як будзе выглядаць сітуацыя на фронце ва Украіне праз некалькі месяцаў, падкрэслівае аналітык.

Аналітыка
Хэпі-энд для Беларусі. Чаму беларусаў можа навучыць досвед Курдыстану?
2023.06.08 11:45

Аднак Класкоўскі пагадзіўся разгледзець некалькі не зусім фантастычных сцэнароў, у якіх Беларусь атрымлівае хэпі-энд. Пераказваем, як аналітык іх ацаніў.

Сцэнар 1. Улады ідуць на перамовы з апазіцыяй, утвараецца ўрад народнай згоды

Імавернасць: вельмі нізкая.

Святлана Ціханоўская і Павел Латушка
Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. Варшава, Польшча. 2 снежня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Такі сцэнар – «ідэалістычны варыянт». На сёння рэжым пачуваецца занадта моцна, каб сядаць за круглы стол з апазіцыяй, а тым больш ствараць урад народнай згоды.

Калі Крэмль не пацярпіць знішчальнай паразы, рэжым Аляксандра Лукашэнкі будзе мець «запас трываласці» нават з улікам санкцыяў і змяншэння эканамічнага падтрымання з боку Расеі.

Але ў выпадку аслаблення пазіцыяў беларускага рэжыму магчыма, што яго прадстаўнікі пачнуць «зандаж глебы» ў кірунку перамоваў з палітычнымі праціўнікамі і вызвалення часткі палітвязняў, то бок пойдуць на нейкія паступовыя крокі.

Калі ж рэжым Пуціна трэсне (а мяцеж Прыгожына паказаў уразлівасць расійскай улады) і Лукашэнка ці ягоны наступнік адчуюць моцны «сыход глебы з-пад ног», улады будуць спрабаваць шукаць паразумення з апанентамі. Аднак, найхутчэй, пастараюцца наладжваць кантакты з еўрапейскімі сталіцамі і Вашынгтонам, а не з апазіцыяй, на якую глядзяць грэбліва: разумеюць, што рэальная сіла ў «калектыўнага Захаду», які ўводзіць санкцыі і можа «пацягнуць у Гаагу».

Аналітыка
Ці можа быць народнае адзінства «бэчэбэшнікаў» і «ябацек»?
2022.09.17 10:00

Сцэнар 2. Хтосьці з прадстаўнікоў рэжыму замяняе Лукашэнку і абвяшчае дэмакратычныя выбары

Імавернасць: блізкая да нуля.

Наталля Качанава
Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава на сустрэчы з менскімі камунальнікамі. Менск, Беларусь. 23 ліпеня 2020 года.
Фота: mgjh.by

Па-першае, няма падставаў лічыць, што саспела нейкая наменклатурная змова супраць Лукашэнкі або змова сілавікоў. Лукашэнка ў найлепшых традыцыях манархаў падзяляе і ўладарыць, трымае падначаленых у страху, не дае сфармавацца кланам, «ператрахвае кадры», ды й усё адсочваюць спецслужбы – чыноўнікі баяцца нават шэптам у лазні размаўляць на такія тэмы.

Хіба ў выпадку сыходу Лукашэнкі з прычынаў здароўя можна ўявіць, што старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава ці дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч становяцца на чале краіны (Вальфовіч паводле канстытуцыі не можа стаць прэзідэнтам, бо нарадзіўся ў Расеі, але ж можна ўвесці ваеннае становішча на які заўгодна час). Аднак Лукашэнка сапраўды стварыў сістэму, у якой толькі адзін палітык, а іншыя не маюць рэальнага палітычнага досведу, каб «трымаць у руках краіну».

Па-другое, у атачэнні Лукашэнкі багата людзей, якія так ці іначай запэцкаліся ў злачынствах рэжыму. Перспектыва люстрацыі і суда будзе стрымліваць іх ад актыўных кантактаў з Захадам і дэмакратычнымі сіламі, якія ва ўладзе лічацца «пятай калонай Захаду».

Па-трэцяе, атачэнне Лукашэнкі разумее, што не зможа прыжыцца ў дэмакратыі. Свае пасады гэтыя людзі атрымалі дзякуючы аўтарытарнаму правіцелю, а ў іншых умовах яны не будуць запатрабаванымі – не маюць набору якасцяў, патрэбных палітычным і эканамічным менеджарам дэмакратычнай краіны.

Па-чацвёртае, ва ўладзе шмат дзеячаў з «прамаскоўскімі мазгамі», якія будуць цягнуцца да Масквы і шукаць у ёй апору. Працэс інкарпарацыі Беларусі ў Расею, як ні дзіва, можа пайсці толькі хутчэй, калі раптам не стане Лукашэнкі.

Агляд
Як паміралі і дзе пахаваныя 20 вядомых дыктатараў ХХ стагоддзя
2023.05.20 09:00

Сцэнар 3. Праціўнікі Лукашэнкі бяруць уладу сілавым шляхам

Імавернасць: вельмі нізкая, але магчымыя элементы гэтага сцэнара разам з нечым іншым.

Надпіс «неверагодны» на руцэ байца беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніса з пазыўным Кіт. Кіеў, Украіна. 29 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Пакуль што няма належнай згоды, каардынацыі між альтэрнатыўнымі сілавымі актарамі – рознымі групамі беларускіх ваяроў ва Украіне і тымі беларусамі, хто рыхтуецца да сілавога сцэнара ў іншых краінах.

Нядаўні скандал з «ByPol» можа прывесці да таго, што абодва «новыя «Байполы» будуць не вельмі папулярныя, а рэалізацыя плану «Перамога» будзе пад яшчэ большым пытаннем праз страту даверу ўдзельнікаў. Харугвы Паспалітага рушэння, да стварэння якіх меў дачыненне прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерый Сахашчык, на нейкім этапе вырашылі дзеяць самастойна.

Полк Каліноўскага не вельмі добра кантактуе са штабам Святланы Ціханоўскай, даволі скептычна ставіцца да Сахашчыка. Да таго ж полк Каліноўскага – гэта частка ўкраінскага войска, якая наўрад ці зможа проста так «адвязацца» ад фронту і пайсці на Беларусь без «адмашкі Кіева». А Кіеў пакуль не хоча правакаваць Лукашэнкі, каб не атрымаць другога фронту на поўначы.

Пры нейкім ідэальным збегу акалічнасцяў нязгода можа быць забытая – гісторыя паказвае, што апазіцыя можа адсунуць у бок сваркі, калі з’яўляюцца рэальныя магчымасці змяніць уладу. Пытанне ў тым, ці будзе і калі будзе такі збег. Да таго ж, калі нейкі збег чыннікаў дасць адчуванне «акна магчымасцяў», людзі ў Беларусі могуць і не чакаць, пакуль ваяры пойдуць на Менск – можа, з’явяцца новыя лідары і новыя сілы, не звязаныя з планам «Перамога». І тады наўрад ці ўтворыцца (чаго пабойваецца частка беларусаў) нейкая вайсковая хунта, калі, маўляў, адзін полк Каліноўскага бярэ ўладу і абвяшчае сябе часовым урадам, – хутчэй будзе нейкі кааліцыйны ўрад з ваярамі і цывільнымі.

«Белгародскі варыянт», калі беларускія добраахвотнікі з Украіны пры негалоснай згодзе ЗСУ пойдуць са спецаперацыяй на Беларусь, малаімаверны, пакуль рэжым Лукашэнкі дастаткова трывалы. Некалькі сотняў добраахвотнікаў будуць хутка разбітыя, бо пэўную вайсковую і паліцэйскую сілу Лукашэнка яшчэ мае. Дый атакі расейскіх добраахвотнікаў, што ваююць за Украіну, на Белгародчыне былі скіраваныя не на змену ўлады ў Расеі, а на адцягванне часткі яе сілаў з фронту. Але імавернасць такой аперацыі ў Беларусі вырасце пры вайсковых поспехах Украіны і асабліва ў выпадку, калі Лукашэнка ўлезе ў вайну ва Украіне са сваім войскам.

Інтэрв’ю
Дзве справы, якіх полк Каліноўскага чакае ад Святланы Ціханоўскай
2023.06.08 11:57

Сцэнар 4: Расея анексуе Беларусь, але беларусы вызваляюць сваю краіну

Імавернасць: анексія – цалкам магчымая, на хуткае вызваленне спадзявацца практычна не выпадае.

Беларуска-расейскія вучэнні.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Цалкам імаверна, асабліва ў выпадку смерці Лукашэнкі, што Расеі нават не давядзецца заходзіць у Беларусь з танкамі. Уладу могуць падхапіць акурат людзі з прарасейскімі мазгамі, гатовыя выканаць любыя загады Крамля і «паднесці Беларусь на талерачцы з блакітнай аблямовачкай».

Шмат якія пасіянарныя прыхільнікі незалежнасці (яны ж праціўнікі рэжыму Лукашэнкі, які ўжо цяпер здае незалежнасць кавалкамі) выціснутыя за межы краіны або сядзяць у турме, або моцна траўмаваныя рэпрэсіямі і нейтралізаваныя тэрорам. Сёння не выглядае, што знойдзецца шмат камікадзэ, гатовых супрацьстаяць расейскім акупацыйным сілам.

Так, напэўна будуць элементы падпольнай ці партызанскай барацьбы. Але нават на акупаваных тэрыторыях Украіны не дзеюць нейкія надзвычай магутныя партызанскія атрады – адбываюцца час ад часу тэракты і забойствы калабарантаў, але не партызаны вызваляюць тэрыторыі. Сённяшнія тэхнічныя сродкі зусім не такія, як былі ў акупантаў часоў Другой сусветнай вайны, таму ўмовы для партызанскай вайны нашмат больш неспрыяльныя.

Пераможную партызанскую вайну можна ўявіць, хіба калі Расея пасля анексіі Беларусі пачне атрымліваць скрышальную паразу ва Украіне і перакіне туды свае ўзброеныя сілы.

Аналітыка
КДБ пужае тэрарыстамі. Чаму беларусы не перайшлі ад мірнага пратэсту да гвалту і забойстваў?
2023.05.04 07:00

Што ўсё гэта значыць

«Цудадзейных сцэнароў ніякіх не будзе ў агляднай перспектыве, – рэзюмуе Класкоўскі. – Наадварот, можа быць зусім кепскі сцэнар – інкарпарацыя Беларусі. На жаль, такая імавернасць у сённяшніх умовах вырастае».

Аднак рэжым можа трэснуць пры збегу чыннікаў і іх кумулятыўным уздзеянні на створаную Лукашэнкам сістэму, прагназуе Класкоўскі. Ён пералічвае: параза Расеі ў вайне, скіданне або смерць Пуціна, рэзкае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Беларусі пад уздзеяннем заходніх санкцыяў і значнага аслаблення падтрымання з боку Масквы, увод Лукашэнкам войскаў ва Украіну і плынь «двухсотых» адтуль. Збег шэрагу такіх форс-мажорных чыннікаў можа прывесці да хуткіх пераменаў, падобных да тых, якія былі пры распадзе СССР.

Чыннік Расеі мае вырашальнае значэнне, падкрэслівае Класкоўскі. Калі ў Крамля хопіць сілаў умяшацца, крызіс рэжыму Лукашэнкі і актывізацыя ягоных праціўнікаў будуць якраз падставай для акупацыі Беларусі. А рызыка гэтага падвышаецца з размяшчэннем у Беларусі расейскай ядравай зброі, бо Масква будзе абгрунтоўваць увод войскаў неабходнасцю абараніць гэтую зброю ад «дэструктыўных элементаў» і «тэрарыстаў».

Разбор
Хэпі-энд для Беларусі. 5 фактараў, што перашкаджаюць яму адбыцца
2023.06.23 14:07

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў