Прысуд цяжарнай і праблемы са здароўем палітвязняў. Рэпрэсіі за 10 траўня


«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў у дачыненні да беларусаў, якія выступаюць супраць вайны, гвалту і дыктатуры.

Жаночая калонія.
Фота: Наталля Прыгодзіч / imenamag.by

Палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева ў калоніі перахварэла на пнеўманію. У канцы красавіка журналістка была шпіталізаваная ў санчастцы калоніі на дзесяць дзён. Перад тым як захварэць на пнеўманію, Кацярына Андрэева перанесла моцны прыступ сезоннай алергіі. Агулам за амаль што 3,5 гады зняволення праз агульнае аслабленне арганізму журналістка стала часцей хварэць на прастуды і пакутаваць ад галаўных боляў, у яе прыкметна пагоршыўся зрок.

Палітзняволеная Ірына Алябовіч зламала шыйку сцягна ў калоніі і правяла больш за год у санчастцы. Косткі зрасліся няправільна, і Ірына доўга чакала якаснай дапамогі і пратэзу. Ірыне Алябовіч не выдавалі нават хадункі. Жанчына была затрыманая 28 сакавіка 2022 года. Яе абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу за каментары. Суддзя Дзмітрый Карсюк асудзіў яе да 3 гадоў калоніі.

Палітвязня Міхаіла Лабаня хочуць перавесці на турэмны рэжым. Уладара ювелірнай майстэрні «Самародак» абвінавацілі ў паклёпе ў дачыненні да Аляксандра Лакушэнкі (ч. 1 арт. 367 КК), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Суддзя Віталь Лапко асудзіў палітвязня да 4 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь. 13 траўня ў судзе Івацэвіцкага раёну адбудзецца суд па замене рэжыму ўтрымання на турэмны. Справу разгледзіць суддзя Сяргей Кухацкаволец.

9 траўня затрымалі перакладчыцу Вольгу Калацкую, у яе ўдома правялі ператрус. Раней яна ўжо адбывала хатнюю хімію: у 2021 годзе яе засудзілі на 2 гады паводле артыкулу аб злосным хуліганстве за тое, што 15 лістапада 2020 года падчас акцыі пратэсту яна дала поўху Грыгорыю Азаронку.

Кіраўніцтва каталіцкага ордэну аблатаў пацвердзіла затрыманне двух святароў, Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха. Ёсць звесткі, што святароў абвінавачваюць у «дыверсійнай дзейнасці на шкоду беларускай дзяржаве».

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 20-гадовага студэнта трэцяга курсу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. На відэа хлопец кажа, што ў 2020 годзе пісаў у чат-бот праекту «Голас», хадзіў на пратэсты, распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы, пасля тэракту ў Расеі «радаваўся гэтай сітуацыі», а таксама падтрымліваў «украінскіх неанацыстаў».

Актывістку руху «Маці-328» Марыну Уладыку асудзілі да 15 содняў арышту. Яе затрымалі раніцай 7 траўня, а ўдома правялі ператрус. На наступны дзень яе абвінавацілі ў «дробным хуліганстве» паводле арт. 19.1 КаАП. Рашэнне пра арышт вынесла суддзя Алена Някрасава.

Папулярную гомельскую фатографку Аляксандру Мельнічак асудзілі паводле двух крымінальных артыкулаў. Апошні раз яна была онлайн ва «Укантакце» 15 лютага. Імаверна, у гэты дзень яе і затрымалі. Судовы працэс над Аляксандрай адбыўся 3 траўня ў Гомельскім абласным судзе. Разглядаў справу суддзя Дзмітрый Казлоў. Мельнічак абвінавачвалі ў распальванне варожасці ці варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

Стала вядома, што 7 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва быў вынесены прысуд мясцоваму жыхару Паўлу Макаранку. Яго прызналі вінаватым у «абразе» Лукашэнкі і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд агучыла суддзя Юлія Арахоўская. Мужчына не прызнаў віну.

У судзе Ленінскага раёну Менску 27 сакавіка асудзілі цяжарную Юлію Каралёву паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Юлія Інчына прызначыла ёй два гады «хатняй хіміі». Жанчыну апазналі па фотаздымку з акцыі пратэсту і з дапамогай звестак мабільнага аператара аб тэлефонных злучэннях.

У судзе Маскоўскага раёну Берасця 10 траўня пачаўся суд паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») адразу над васьмю мясцовымі жыхарамі – Мікітам Вайцюком, Васілём Алексеюком, Глебам Клімовічам, Віталём Варфаламеевым, Аляксандрам Тысевічам, Юліей Шаронавай, Мікалаем Нікіцюком і Максімам Собалевым. Іх вінавацяць у тым, што 10 жніўня 2020 года яны ўдзельнічалі ў пратэстах у Берасці. Справу разглядае суддзя Яўген Брэган, на рахунку якога ўжо мінімум 58 асуджаных паводле палітычных крымінальных справаў.

Чатыры кааліцыі, якія балатуюцца ў Каардынацыйную раду, прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Такі статус рашэннем КДБ атрымалі спісы «Закон і парадак» (Аляксандр Азараў, Аляксандр Ракіцкі, Іван Паўлоўскі і інш.), «Еўрапейскі выбар» (Мікалай Халезін, Аліна Коўшык, Аляксандр Дабравольскі і інш.), «Моладзевы наступ» (Алана Гебрэмарыям, Маргарыта Ворыхава, Лізавета Пракопчык і інш.), «Воля» (Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Генадзь Манько і інш.).

У «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» дадалі яшчэ 22 чалавек – цяпер у ім 4056 прозвішчаў. Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Расеі Міхаіла Бодаша, кухара Ігара Казубава, бацьку траіх няпоўнагадовых дзяцей Віталя Максімчука.

Hавiны
Марына Золатава стала лаўрэаткай прэміі Ёгана-Філіпа Палма
2024.05.10 13:35

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў