Чарнобыльская катастрофа для беларусаў не скончылася

Адлік пачатку страшнай трагедыі пачынаецца а 1:24 уначы 26 красавіка 1986 года. Тады на Чарнобыльскай атамнай станцыі прагрымеў першы выбух. Радыеактыўная пара з вадародам разбурыла вечка рэактара вагою больш за тысячу тонаў, а потым і сам дах станцыі. Гэта быў хімічны выбух з яркім чырвоным полымем. А вось за ім рушыў услед радыеактыўны выбух блакітнага колеру з выхадам 0,3 кілатон.

Чарнобыльская атамная электрастанцыя.
Фота: wikipedia.org

Мінула 38 гадоў, але мы дасюль не маем адказаў на ўсе пытанні. А тады людзі ўслухоўваліся ў галасы заходніх радыёстанцыяў на сваіх прымачах, каб праз трэск пачуць праўду. Бо самае праўдзівае дзяржаўнае ТАСС толькі праз два дні а 21:00 паведаміла: «На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся няшчасны выпадак. Адзін з рэактараў атрымаў пашкоджанне. Робяцца захады з мэтай зліквідаваць наступствы інцыдэнту. Пацярпелым надалі неабходную дапамогу. Створаная ўрадавая камісія для расследавання таго, што адбылося».

А ў гэты час на станцыі бушаваў пажар, яго потым яшчэ 10 содняў не маглі пагасіць. За гэты час сумарны выкід радыеактыўных матэрыялаў у навакольнае асяроддзе склаў каля 14 экзабэкерэляў (каля 380 млн кюры), кажуць, што гэта не менш за 500 атамных бомбаў. Ішла эвакуацыя насельніцтва з радыеактыўнага пекла. Людзей падманулі каторы раз – сказалі, што зʼязджаюць літаральна на некалькі дзён. Папрасілі не браць з сабою хатніх гадаванцаў. Ні пра якія захады бяспекі нават не ішлося. Таблеткі з ёдам не тое што не раздалі, нават не сказалі, што іх трэба прыняць. Эвакуацыя пачалася толькі 27 красавіка. Амаль двое содняў больш за 50 тысячаў чалавек заставаліся ў беспасярэдняй блізкасці ад эпіцэнтру выбуху. А потым народ напоўніцу адчуў на сабе «клопат партыі і ўраду». Спачатку людзі з радыеактыўных тэрыторыяў паміралі ад кровазліцця і апаплексічных удараў. Затым – ад разбурэння крывятворнай сістэмы ў арганізме і злаякасных пухлінаў.

Трагедыя закранула ўсіх. Толькі з Прыпяці і суседніх вёсак эвакуявалі больш за 500 цяжарных жанчын. Усіх прымусілі пайсці на спарон. Тых, што ўцяклі, лавіла міліцыя як небяспечных злачынцаў. Першыя тыдні ў зоне працавалі салдаты з найбліжэйшых воінскіх частак. У іх не было ніякіх індывідуальных сродкаў аховы. З імі нават не правялі элементарнага інструктажу. Гэтых зусім маладых хлопцаў папросту забілі. Пасля гэтага было пастаноўлена адпраўляць у Чарнобыль пасля 30–35 гадоў. Але хіба гэта выконвалася? Замежныя кампаніі прапаноўвалі задзеяць робатаў. Але аказалася, што радыяцыя замінала радыёсігналу. Тады прыбіраць кавалкі графіту з даху адправілі людзей. За некалькі хвілінаў працы яны атрымлівалі дозы апраменьвання, несумяшчальныя з жыццём. А 339 экіпажаў – больш за 1400 вайсковых верталётчыкаў.

Аналітыка
Чарнобыль у беларускім кіно і літаратуры. Што пачытаць, паглядзець і як ацаніць
2021.04.26 11:15

Якім чынам у БССР кіраўніцтва рэспублікі бараніла насельніцтва? А навошта яго бараніць? Радыеактыўныя аблокі, якія вецер нёс у бок Расеі на Маскву, «саджалі» вайскоўцы Ту-16 рознымі спосабамі – патронамі з ёдзістым срэбрам і проста цэментавымі рэагентамі. «Саджалі» на галовы беларусаў да часу, пакуль не лёг першы снег. А да таго на некаторых рэчках паставілі шыльдачкі з забаронаю купацца. Толькі ўвосень праз радыё папярэдзілі, што збор грыбоў непажаданы. Пра ягады, якія людзі збіралі ўлетку, увогуле гаворкі не ішло. Памятаю, як у тое лета мая бабуля радасна паказала мне слоікі з памідорамі, якія выраслі з тых пакуначкаў, што я прывезла яшчэ ўзімку. Памідоры гатунку «Перамога» былі такімі вялікімі, што іх давялося разрэзаць на чатыры часткі, каб яны пралезлі ў слоікі. Нашмат пазней зʼявіліся пункты, дзе можна было б праверыць прадукцыю на наяўнасць радыяцыі, але фізікі гавораць, што не такім чынам гэта робіцца.

Пачалі фіксаваць усплёск захворвання ў дзяцей. Самая распаўсюджаная паталогія – шчытападобная залоза. Бо яна радыеактыўны ёд паглынае гэтак жа, як і ёд стабільны. І што? Бацькам казалі, што гэта ніяк не звязана з катастрофаю: паталогія шчытападобнай залозы расце ўва ўсім свеце…

Катастрофа, менавіта яна прымусіла народ напоўніцу адчуць злачынную палітыку кіроўнай эліты. Менавіта катастрофа прымусіла людзей патрабаваць пераменаў. Менавіта катастрофа прывяла да распаду СССР. Менавіта яна прымусіла беларусаў галасаваць хоць за каго заўгодна, але толькі не за прадстаўнікоў той ужо ненавіснай партыі. Але першае, з чым сутыкнуліся ліквідатары наступстваў катастрофы ад абранага прэзідэнта, – гэта ягоны Указ № 349 за 1 верасня 1995 года аб упарадкаванні некаторых ільготаў для асобных катэгорыяў грамадзянаў. Гэта быў толькі пачатак. Пасля ні бясплатных лекаў, ні бясплатнага праезду, як у ліквідатараў у іншых рэспубліках, ні ільготаў, ні пашаны… Нават медычны цэнтр пераносіцца са сталіцы ў Гомель.

Сухая статыстыка – 10 мільёнаў чалавек – пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы не адлюстроўвае рэальнай карціны. На дапамогу дзецям прыйшлі звычайныя італьянцы, ірландцы, французы, брытанцы, немцы, іспанцы і не толькі. У 1990-ыя гэта было вельмі важна і для бацькоў. Дзяцей кармілі цэлы месяц, апраналі, лекавалі, куплялі нешта да школы. У любым выпадку гэта было значна больш, чымся для іх рабіла родная дзяржава. Свет ішоў на дапамогу: дасылаў гуманітарку, медычныя прэпараты і тэхніку для абследаванняў. Але ўсё гэта кудысьці знікала, чэргі не рабіліся меншыя. Губляўся час, неабходны для вызначэння дыягназу. Дасюль у краіне, якая найбольш пацярпела ад аварыі, не стварылі народнай праграмы дыспансерызацыі насельніцтва. Навукоўцаў, якія спрабавалі сказаць праўду пра сітуацыю ў краіне, рэпрэсавалі, а іхныя публікацыі сканфіскаваныя з бібліятэк.

Пратэсты ў Менску, 26 красавіка 1996 года.
Фота: vytoki.net

«Чарнобыльскі шлях – 1996». Дзясяткі і сотні збітых і затрыманых. Супрацьстаянне ўлады і народу, якое трывае да сёння. Сёння народ не здолее прайсці звыклым маршрутам са зразумелых прычынах. Магчыма, нейкія міліцэйскія начальнікі прывязуць вянок да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобылю» ў парку Дружбы народаў. Але там ужо не будзе тых мужчынаў, якія збіраліся штогод у гэты дзень, каб згадаць тых, каго ўжо няма сярод жывых. Сярод іх было шмат кіроўцаў з аўтазаводу. Сваймі «МАЗамі» яны вазілі радыеактыўны грунт у катлаван. Іх было ўсё менш і менш з кожным годам.

Запомніўся аповед Аляксандра: «Скажу шчыра, у мяне ёсць жонка і палюбоўніца. Ну так атрымалася. У нас з палюбоўніцай ёсць дзіця. Але я дапамагаю, вы не думайце! Я ж не стары. Гэта праз здароўе так выглядаю. Я ў ваннай прывязаў вяроўку. Бо сам ужо не выберуся. А так за вяроўку – і памалу вылажу. Падумаў, што як прыцісне, лепей скарыстаюся гэтаю вяроўкаю. Не хачу, каб мяне з лыжачкі кармілі. Я ж мужык урэшце. Аналізы дрэнныя. Спытаў у доктара: «Ці можна нешта зрабіць?» А ён: «Ды нічога ты не зробіш. Няма ў цябе такіх грошай. А ў дзяржавы, калі ёсць, то не для такіх, як ты». А то я без яго гэтага не ведаю…» Дзе цяпер той Аляксандр?

Паводле прагнозаў фізікаў, у забруджаных зонах бяспечна жыць можна будзе толькі праз 10 тысячаў гадоў. Але ніхто не можа адказаць: калі ж скончыцца катастрофа для беларускага народу?

Hавiны
Ліквідатар зняў гэта ў чарнобыльскай зоне, пакуль камеру не забраў КДБ
2019.06.18 12:55

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў