«Радзіма больш не можа чакаць». 105 гадоў Першаму Усебеларускаму З’езду


105 гадоў таму, 18 снежня 1917 года ў Менску ў будынку тэатра распачаў працу Першы Усебеларускі з’езд. На яго з’ехаліся 1872 дэлегаты з усёй Беларусі. З’езд быў разагнаны бальшавікамі, а яго ўдзельнікі сталі ля вытокаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Каб жыла вольная Беларусь!»

Ідэя з’езду пачала абмяркоўвацца прадстаўнікамі беларускага нацыянальнага руху адразу пасля перамогі Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі. Але ўвасобіць ідэю ў жыццё вырашылі толькі ў пачатку лістапада 1917 года, калі ў Петраградзе бальшавікі правялі Кастрычніцкі пераварот. У Менску да таго часу былі ўтвораныя дзве арганізацыі – Вялікая беларуская рада (ВБР), якая абвесціла сваёй мэтай «бараніць увесь беларускі народ», і Цэнтральная беларуская вайсковая рада (ЦБВР), якая ставіла на мэце стварэнне беларускага войска. Разам яны напачатку лістапада выдалі адозву «Да ўсяго народа беларускага» (цалкам – тут).

Паседжанне ВБР і ЦВБР. Лістапад 1917 года. Крыніца: Dorota Michaluk, Białoruska Republika Ludowa 1918–1920 (2010)

Галоўнай мэтай для Беларусі, «разарванай фронтам, найбольш зачэпленай вайной», абвяшчалася заключэнне міру. Пад Беларуссю кіраўнікі ВБР і ЦБВР разумелі Віцебскую, Віленскую, Гродзенскую, Менскую, Магілёўскую губерні, заходнія паветы Смаленскай і паўночныя губерні Чарнігаўскай – г.зн. той рэгіён, дзе большасць насельніцтва спаяная «агульнай мовай і гісторыяй», незалежна ад веравызнання. Аднак на той час не ішла гаворка пра цалкам незалежную Беларусь. Яна бачылася аўтаномнай дэмакратычнай рэспублікай у складзе Федэратыўнай Расейскай Рэспублікі.

Адозва «Да ўсяго народа беларускага» заклікала скліканне ў Менску з’езда, прызначанага на 18 снежня (5 снежня па старым стылі) 1917 года:

«Браты-беларусы! Найлепшых людзей краю нашага павінныя вы прыслаць на гэты зьезд, калі хочаце, каб доўгацярплівы народ беларускі выйшаў з-пад нацыянальнага й эканамічнага прыгнёту і няволі, каб назаўсёды зьніклі цені нашай змрочнай гістарычнай мінуўшчыны, каб жыла вольная Беларусь!»

«Да ўсяго народу беларускага». Крыніца: Беларуская рада ад 25 лістапада 1917 года

Бальшавікі хацелі склікаць свой з’езд

У кантраляванай частцы Беларусі бальшавікі стварылі так званы «Аблвыкамзах», але Ленін і Сталін лічылі магчымым і нават неабходных перахапіць кіраванне і беларускім нацыянальным рухам. Дзеля гэтага 30 (17) лістапада ў Петраградзе з ліку дэлегатаў беларускіх губерняў на Усерасейскім з’ездзе сялянскіх дэпутата, членаў Устаноўчага сходу і прадстаўнікоў арміі і флоту быў утвораны Абласны беларускі камітэт («абласнікі»). Камітэт павінен быў дабіцца вырашэння пытання аб аўтаноміі Беларусі ў складзе Савецкай Расеі, пад што атрымаў пазыку ад Леніна ў 50 тысяч рублёў. «Абласнікі» вырашылі склікаць у Менску свой з’езд на 28 (15) снежня. Але калі ўбачылі, што «радаўцы» (кіраўнікі ВБР і ЦБВР) правялі ўжо вялікую працу па скліканні «Усебеларускага з’езда», з якім ужо нічога не зрабіць, вырашылі далучыцца да яго: не можаш адмяніць – узначаль.

Пропуск на з’езд. Крыніца: Wikipedia

«Радзіма больш не можа чакаць»

У першы дзень 18 (5) снежня на з’езд у будынку тэатра сабраліся 300 дэлегатаў. У 19:50 яго адкрыў кіраўнік ЦБВР Сымон Рак-Міхайлоўскі (1885-1938). Ён прабачаўся, што гаворыць па-руску, таму што «не дастаткова вольна валодае беларускай мовай» і прапанаваў абраць «раду старэйшынаў» і прэзідыум. Так і было зроблена: прэзідыум узначаліў Язэп Дыло (1880-1973). Агульнае паседжанне пачалося ў 23:15 заслухоўваннем дакладаў пра становішча і лёс Беларусі. Было вырашана падзяліць удзельнікаў з’езду на 8 секцыяў, сярод якіх аграрная і эканамічна-фінансавая, культурна-асветніцкая, арганізацыі часовай улады і нацыянальнага войска, бежанская.

Сымон Рак-Міхайлоўскі

19 (6) снежня з’езд працягнуў працу з 11 раніцы паседжаннем рады старэйшынаў, а колькасць дэлегатаў вырасла да 470 чалавек. Працы ў секцыях працягваліся з перапынкамі да 2 гадзін ночы. А ўжо з самае раніцы 20 (7) снежня працавалі асобныя групы. Асабліва важная – гэта распачатая ў буфеце на 2м паверсе тэатра праца прадстаўнікоў арміі, колькасць якіх дасягнула ўжо больш сотні.

Вайскоўцы заяўлялі: «Беларусы самыя павінны ўзяць уладу ў сваёй краіне ў свае ж рукі». Гаварылася, што першасная задача – гэта стварэнне нацыянальнага войска. Прагучалі першыя адмоўныя галасы на адрас бальшавікоў («Небяспечна пакідаць уладу ў краі ў руках прыйшлага элементу»).

У 13:15 распачаўся агульны сход, папярэдне вызваліўшы залю ад дзясятка тых, хто «стваралі шум і намагаліся ўнесці разлад у масы». Паўстала пытанне пра правамоцнасць з’езда, супраць чаго выступалі «абласнікі», на што Рак-Міхайлоўскі заявіў: «Радзіма больш не можа чакаць». Яго падтрымалі іншыя дэлегаты, якія казалі, што іх «паслалі ратаваць Беларусь», што ў Беларусі творыцца бязладдзе, што выразаюцца цэлыя сялянскія сем’і, што неабходна ратаваць бежанцаў, якія апынуліся ў жудаснай сітуацыі. Бежанец Лажэвіч запытаўся: «Ці ўсе вы беларусы? Калі Вам дарагая Беларусь, неабходна адкрыць з’езд. Чаму некаторыя стаяць супраць самавызначэння?» Урэшце пасля выслухоўвання меркавання 35 аратараў, адбылося галасаванне і прынята рашэнне распачаць з’езд. Гэтае рашэнне было сустрэча воклічамі, сярод якіх – у падтрымку нацыянальнага войска і «Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікі».

«Паклянемся перад сцягам, што мы ніколі яго не пакінем»

У час абмеркавання ў залю быў унесены бел-чырвона-белы сцяг. Пры яго выглядзе адзін з прадстаўнікоў бальшавікоў, латыш па нацыянальнасці, прамовіў: «Не павінна быць падзелу на нацыі. Выкіньце гэты сцяг» – і ўказаў на беларускі нацыянальны сцяг. У адказ заля абрынулася на бальшавіка з крыкамі «вон» і «далоў». Удзельнік з’езду Аляксюк заявіў перад шматлікі дэлегатамі: «Паклянемся перад сцягам, што мы ніколі яго не пакінем». Бурныя апладысменты, пад якія на сцэну выйшлі салдат, матрос і 63-гадовы генерал-лейтэнант Канстанцін Аляксееўскі. Аляксееўскі «пацалаваў той сцяг, які толькі што быў асмеяны вар’ятам». Затым выступіў селянін Плішэвіч с Менскай губерні: «Мы цёмныя людзі, але такіх настаўнікаў як гэты латыш нам не трэба», некалькі чалавек падбеглі да яго і ўзнялі на рукі. Пасля таго, як Плішэвіча апусцілі долу, ён працягнуў: «Неабходна абараняць сцяг і шанаваць яго». Зноў апладысменты.

Урачыстае адкрыццё з’езду

20 снежня ў 20:45 працы працягнуліся. Да гэтага часу сцэну аформілі белым сцягам з надпісам «Няхай жыве вольная Беларусь». Злева ад яго нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг з надпісам «За родны край, за вольную Беларусь». Справа – чырвоны сцяг Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Пасля гэтага ў сваёй прамове Рак-Міхайлоўскі абвесціў пра адкрыццё з’езду: «Праз вашыя плечы я бачу ўсю Беларусь. Вы прыйшлі сказаць сваё слова. Працуйце ж на карысць свайго народа. Няхай жыве вольная Беларусь» – і апошні кліч падтрымала ўся заля. Пасля гэтага Рак-Міхайлоўскі сказаў: «Ушануем уставаннем памяць усіх паклаўшых сваё жыццё за радзіму і свабоду». Усе ўздымаюцца, а аркестр выконвае пахавальны марш. Далей на сцэне з’яўляецца народны хор на чале з Фальскім. Пасля прывітальнага слова адной з дзяўчатак, хор пачынае спяваць «Беларускую марсэльезу», якая пачынаецца словамі «Ад веку мы спалі». Апладысменты. Далей песня, якую называлі тады «беларускім гімнам» – «А хто там ідзе». Наступным ішоў «беларускі рэвалюцыйны гімн» «Кроў нашу льюць даўно ўжо каты…».

Гісторыя пад знакам Пагоні
Усебеларускі з’езд 1917 года
2014.10.26 22:10

Далей беларусы ўшаноўваюць хвілінай маўчання «памяць тых, хто душу сваю паклаў за волю беларускага народа ў тайгах і гарах Сібіры».

Далей былі прывітальныя словы ад дэлегатаў. Бонч-Асмалоўскі ўзгадаў беларускіх рэвалюцыянераў, якія загінулі ў змаганні з царызмам, а дэлегат Бабіч ад Заходняга фронта – пра беларусаў, якія загінулі на палях Польшчы і Прусіі. Вітальныя словы ад вайскоўцаў з Румынскага фронту, матросаў Балтыйскага флоту і Першага Беларускага палку, мусульманаў, казакоў, палякаў, габрэяў, латышоў, літоўцаў, украінцаў Заходняга фронту, прадстаўнік якіх абвесціў: «Вашая гора было нашым горам і вашае шчасце – нашае шчасце».

21-25 снежня распачаліся працы ў секцыях і фракцыях, пасля якіх штодня – агульнае паседжанне. На адным з іх у адказ на чуткі пра тое, што бальшавікі і немцы падчас распачатых у Брэсце перамоваў могуць падзяліць Беларусь, прафесар Яўхім Карскі прапанаваў звярнуцца наконт гэтага пытання напрамую да кіраўніка савецкай дэлегацыі на перамовах Троцкага. Іншы дэлегат, Сушынскі, «прапаноўвае неадкладна абвесціць Беларускую Рэспубліку і самым пачаць перамовы». 26 снежня замест пленарнага паседжання дэлегаты з’езду праслухалі лекцыю ксяндза Гадлеўскага «пра Літоўска-Беларускае княства».

Званок Сталіну

А 27 (14) снежня адбыўся званок ў Петраград да Іосіфа Сталіна. Новы старшыня з’езда Серада распытаў пра чуткі пра ўключэнне Беларусі ў склад Польшчы. Праз паўгадзіны Сталін ператэлефанаваў: «Гаворыць народны камісар Сталін. Ні адным з бакоў у Брэсце пытанне пра Беларусь не абмяркоўвалася». А таксама абяцаў, што бальшавікі прытрымліваюцца прынцыпу, што «ніякага гвалтоўнага ўтрымання народаў у межах якой бы то ні было дзяржавы, народу забяспечваем права свабоднага волез’яўлення шляхам рэферэндума». «Па пытанні пра Беларусь магу сказаць тое самае і пра ўсе іншыя народы Расеі, г.зн. поўнае самавызначэнне, ажно да аддзялення». Апладысменты сустрэлі гэтае паведамленне, але прафесар Яўхім Карскі астудзіў іх, падкрэсліўшы іх двусэнсоўнасць: самавызначэнне, але праз рэферэндум. Што ж будзе, калі ў нейкім рэгіёне стане так, што беларусы ці нехта ад іх імя абвесцяць сябе, да прыкладу, палякамі? У адказ адзін са »святароў-бальшавікоў» выступіў са словамі, што «беларускае нацыянальнае пытанне – задума буржуазіі, ніякага падзелу на беларусаў, маларосаў і вялікаросаў няма». Заля пасля гэтага гудзела некалькі хвілінаў

«Патрэбна гаварыць на беларускай мове»

28 (15) снежня было абвешчана, што на з’ездзе прысутнічаюць 1167 дэлегатаў з правам рашаючага голасу, а 705 – з правам дарадчага, якія будуць разглядаць пытанні пра мэту і задачы з’езда, бежанства і дэмабілізацыю войска. Але частка дэлегатаў заяўляла, што гэта другасныя пытанні, а найгалоўнае – пра становішча Беларусі. Дэлегат Канчар абвесціў: «У дадзены час над Беларуссю вісіць меч. Развал у Расеі – гэта падстава квітнення нацыянальнага духу… Мы сабраліся тут, каб вырашыць: быць Беларусі, ці не».

29 (16) снежня на з’ездзе было зроблена паведамленне пра развіццё беларускага руху ў 1917 годзе, а 30 снежня зноў шматлікія выступы, сярод якіх салдат Шабач з 41 пяхотнай дывізіі заявіў: «Неабходна стварэнне Беларускай рэспублікі на падставе федэрацыі з іншымі народамі Расеі, як роўны з роўнымі… Звярнуцца да ўсяго свету, што мы беларусы. Патрэбна гаварыць на беларускай мове». Урэшце ўзяліся за падрыхтоўку выніковай рэзалюцыі, чытанне якой пачалося ў 1:15 ў ноч на 31 снежня. Яна ўключала 15 пунктаў, першы з якіх гучаў так: «Неадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з Цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам Рабочых Салдацкіх і Сялянскіх Дэпутатаў». Першы пункт быў прыняты адзінагалосна, калі ў залю ўварваліся бальшавікі на чале з Крывашэіным і Рэзаўскім.

Разгон

Максім Гарэцкі ў сваім аповедзе пад назвай «Усебеларускі з’езд 1917 году» пісаў: «Быў гэта астатні дзень з’езду. Позна ўжо, ноч, а ў нас у тым тэатры ну вось якраз, як на вялікадні ў царкве. Неяк і радасна, і смутна, і хто ведае, што з табою робіцца, хрыстосавацца хочацца з усім народам. Гэта ж не жарты: рэспубліку сваю, Беларусь няшчасную, на ногі ставім, зараз правіцельства народнае выбіраць будзем… Аж тут і крыкні нехта: бальшавікі прыехалі нас разганяць. Што за ліха, – думаем сабе, – здаецца ж, супроць іх нічога не пастанаўлялі контррэвалюцыянераў сярод нас няма: усё мужыкі, салдаты, народныя людзі з мужычкоў. Хочам, каб усё пайшло народу, і зямля, й лясы, і ўласць, – за што ж яны разганяць нас будуць?»

Паведамленне пра разгон Першага Усебеларускага з’езду. Беларуская рада ад 21 снежня 1917 года

З’езд быў сарваны, яго ўдзельнікі разагнаныя, а 27 сяброў – арыштаваныя. Усё з-за таго, што прадстаўнікі бальшавіцкіх Аблвыкамзаха і Саўнаркама Заходняй вобласці і фронту не жадалі дзяліцца ўладай у Беларусі. «Акт здзеку над беларускім народам, учыненым праз наплыўны элемент гвалтаўнікоў-чужынцаў», – так назваў учынак бальшавікоў дэлегат І.Нялепка.

Вынікі

Бальшавікі планавалі склікаць новы Усебеларускі з’езд, на гэты раз яшчэ пад большым кантролем, для чаго ў Петраградзе быў утвораны Беларускі нацыянальны камісарыят на чале з Аляксандрам Чарвяковым. Але досвед разгону Усебеларускага з’езду, нягледзячы на фармальнае асуджэнне гэтага кроку кіраўніцтвам Савецкай Расеі хутка спатрэбіўся: у ноч з 5 на 6 студзеня 1918 года бальшавікі разагналі ўжо Усерасейскі ўстаноўчы сход. Так яны зразумелі, што дэмакратычны шлях вядзе да страты імі ўлады, і ім застаецца толькі гвалт і прымус, якія бачыліся як праява сілы ўлады

З успамінаў К. Аляксееўскага пра Першы Усебеларускі з’езд. Крыніца: Чырвоны шлях ад 19 ліпеня 1918 года

Дэлегаты ж Першага Усебеларускага з’езду не спынілі працу і сабраліся таемна ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі, дзе абралі Выканаўчы камітэт Рады з’езду ў складзе 17 чалавек на чале з Язэпам Варонкам. Урэшце, з’езд засведчыў нараджэнне ідэі суверэнітэту Беларусі, якая паўстала ў выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі і ССРБ.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў