Не абавязкова закапваць флэшку ў лесе – ёсць бясплатныя воблачныя сховішчы.
Некаторыя пратэстоўцы, якія хадзілі на маршы ў 2020 годзе, пасля пачатку масавых рэпрэсіяў схавалі ў надзейныя месцы бел-чырвона-белыя сцягі, плакаты і іншую атрыбутыку. Некаторыя нават казалі, што закапалі ўсё ў лясах.
Шматлікія затрыманні пратэстоўцаў адбываюцца выпадкова: хтосьці кажа, што спачатку затрымліваюць або прыходзяць з ператрусам, а потым знаходзяць «склад злачынства», дамагаючыся доступу да тэлефонаў і камп’ютараў. Маці аднаго з затрыманых расказвала «Белсату», што яго асудзілі на 2,5 года калоніі за відэа, якое ён не паспеў прыбраць з тэлефона.
Можна проста выдаліць усе чаты, фота і відэа. Але можна і захаваць іх так, каб у сілавікоў не было шанцаў іх знайсці.
У залежнасці ад мэсэнджара, можна альбо ўручную захаваць усе фота і відэа перад выдаленнем чатаў, альбо зрабіць гэта аўтаматычна.
Telegram дазваляе захаваць усе звесткі, у тым ліку фота і відэа з перапісак, але толькі з праграмы для настольных камп’ютараў. У ёй трэба зайсці ў налады праз бакавое меню (кнопка з трыма палоскамі ў левым верхнім куце), націснуць «Налады» → «Пашыраныя налады» → «Экспартаваць даныя Telegram». У спісе пазначыць птушкамі, што трэба захоўваць (напрыклад, фота і відэа, але не галасавыя паведамленні і gif-анімацыі) і націснуць «Экспарт». Калі перапісак шмат, чакаць давядзецца доўга.
Facebook умее аўтаматычна захоўваць усе апублікаваныя фота і відэа, а таксама ўсю перапіску. Адпаведны раздзел наладаў не перакладзены на беларускую, але на расейскай шлях такі: у браўзеры – кнопка са стрэлкай уніз у правым верхнім куце экрану → «Настройки и конфиденциальность» → «Ваша информация на Facebook» → «Перенос копии вашей информации» (каб захаваць пасты) або «Скачать информацию» (каб захаваць перапіску). У першым выпадку прапануюць загрузіць усё на воблачнае сховішча (як то «Google Photos» або «Dropbox»), у другім выпадку пазней прышлюць файл з усімі звесткамі.
Instagram дае падобную опцыю для захавання ўсёй інфармацыі профілю. Шлях на настольным камп’ютары такі (па-расейску, сацсетку не перакладалі на беларускую): клікнуць на сваю аватарку ў правым верхнім куце → «Настройки» → «Конфиденциальность и безопасность» → «Скачивание данных» → «Запросить файл».
WhatsApp умее рабіць рэзервовую копію ўсіх чатаў з фота і відэа на «Google Drive». У мабільнай праграме шлях такі (па-расейску, бо праграма не перакладзеная на беларускую): кнопка опцыяў – тры кропкі ў правым верхнім куце экрана → «Настройки» → «Чаты» → «Резервная копия чатов». Там трэба выбраць, як часта і на які акаўнт капіяваць звесткі.
«Аднакласнікі» і «УКантакце» не даюць опцыі аўтаматычнага захавання гісторыі перапіскі і медыяфайлаў з яе. Давядзецца або захоўваць файлы ўручную, або на свой страх і рызыку карыстацца староннімі праграмамі (калі ёсць давер да іх і няма перасцярогаў, што гэтыя праграмы перададуць файлы трэцім асобам або атрымаюць непажаданы доступ да акаўнту). Прыклады старонніх праграмаў для гэтага называлі тут.
Лепей не захоўваць фота і відэа, за якія могуць адпомсціць сілавікі, у відавочныя месцы – могуць здагадацца праверыць сховішча ў «iCloud» ці «Google Drive». Лепей скарыстацца адным з альтэрнатыўных бясплатных воблачных сховішчаў:
Каб у гісторыі браўзера не захаваліся звесткі аб тым, што вы заходзілі на гэтыя сайты, трэба запусціць у браўзеры вакно ў рэжыме «Інкогніта». На Windows гэта звычайна спалучэнне клавіш Ctrl+Shift+N або Ctrl+Shift+P (другое – у браўзерах «Internet Explorer» і «Edge»), на MacOS – Command+Shift+N. Пароль ад адпаведнага сайта ў такім вакне таксама не захаваецца, лепей яго запомніць або запісаць у невідавочным выглядзе (але не так, каб пры ператрусе было зразумела, ад чаго гэты пароль).
І, вядома, ліст з пацверджаннем рэгістрацыі на сэрвісе лепей выдаліць са сваёй электроннай пошты.
Калі ж не хочаце, каб нават правайдар ведаў, што вы карыстаецеся гэтымі сховішчамі, перад уваходам варта ўключыць VPN. Гісторыяў аб тым, што кагосьці з пратэстоўцаў судзілі менавіта за выдадзеныя правайдарам звесткі, пакуль не было, але тэхнічна гэта не выключана: правайдараў яшчэ ад 2016 года абавязалі захоўваць гісторыю наведванняў сваіх карыстальнікаў.
АА belsat.eu