Оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» намінавалі на найвышэйшую прэмію брытанскага тэатру


Беларускі Свабодны тэатр за спектакль «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле раману Уладзіміра Караткевіча намінаваны на галоўную прэмію брытанскага тэатру «Olivier Awards 2024» у намінацыі «Выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве», паведамляе «The Guardian».

Афіша оперы «Дзікае паляванне караля Стаха»
Афіша оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» беларускага Свабоднага тэатру.
Фота: belarusfreetheatre.com

Разам з беларускім Свабодным тэатрам на гэтую ж намінацыю вылучаныя музычны кіраўнік «Royal Opera House» Антоньё Папана і аўтарка канцэпцыі спектаклю «7 смерцяў Марыі Калас» Марына Абрамовіч.

Прэм’ера спектаклю «Дзікае паляванне караля Стаха» адбылася 15 верасня 2023 года на сцэне лонданскага цэнтру мастацтваў «Barbican».

«Дзікае паляванне караля Стаха» – гэта сінтэз оперы, драматычнага тэатру, мультымедыяў і жывой музыкі. На сцэне выступаюць артысты з Беларусі і Украіны. Галоўныя ролі выконваюць зоркі сусветнага ўзроўню – Андрэй Бандарэнка і Тамара Калінкіна.

Музыку напісала кампазітарка Вольга Падгайская, а рэжысёрамі оперы выступілі кіраўнікі Свабоднага тэатру Мікалай Халезін і Наталля Каляда.

Увосень 2023 года сузаснавальніца беларускага Свабоднага тэатру Наталля Каляда атрымала ўзнагароду ордэну Брытанскай імперыі, у студзені 2024-га такую ж узнагароду ўручылі кіраўніку тэатру Мікалаю Халезіну.

Наталля Каляда і Мікалай Халезін былі намінаваныя яшчэ пры жыцці брытанскай каралевы Элізабэт II. Гэта быў апошні спіс кандыдатаў на ўзнагароду, які яна падпісала. Новы кароль Вялікай Брытаніі Чарлз III пазней зацвердзіў той спіс.

Hавiны
Мікалаю Халезіну ўручылі ордэн Брытанскай імперыі
2024.01.25 13:58

Беларускі Свабодны тэатр заснавалі ў Беларусі ў 2005 годзе. Цяпер ён працуе ў Лондане. Як адзначаюць на сайце ўстановы, гэта «адзіны тэатр у Еўропе, забаронены ўрадам з палітычных матываў».

«Olivier Awards» – найвышэйшая ўзнагарода ў брытанскім тэатры. Яе ўручаюць штогод за спектаклі Ўэст-Энду ды іншых галоўных некамерцыйных тэатраў Лондану ў такіх намінацыях, як, напрыклад, «Найлепшая новая п’еса», «Найлепшы новы мюзікл», «Найлепшы актор», «Найлепшая акторка», «Найлепшы рэжысёр», «Выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве», «Выбітныя дасягненні ў танцы».

Цырымонія ўзнагароджання «Olivier Awards 2024» пройдзе ў Роял-Элбэрт-Голе 14 красавіка.

Каментар
Сяргей Падсасонны: «Дзікае паляванне караля Стаха» будзе паказанае яшчэ раз
2023.09.19 13:06

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў