news
Агляд
Найстарэйшы ўрад свету ў выгнанні. Топ-10 фактаў пра Раду БНР
Бальшавікі пераследавалі чальцоў Рады БНР са снежня 1917 года.
21.02.202407:01

21 лютага 1918 года Выканаўчы камітэт Рады Першага Усебеларускага з’езду абвясціў сябе ўладаю на тэрыторыі Беларусі, а пазней – і незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Цяпер пераемнік гэтага органу – Рада БНР – прызнаны ўладамі Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем, якое нібыта выступае супраць суверэнітэту нашай краіны. Карэспандэнты «Белсату» паглядзелі на гісторыю Рады, каб разабрацца, чаму яна існуе да сёння.

У Празе адбылася XXXI сесія Рады БНР. Івонку Сурвілу пераабралі старшынёю Рады на наступныя 6 гадоў. 10 верасня 2023 года.
Фота: Рада БНР: афіцыйны канал / Telegram

Калі ўзнікла Рада БНР

Рада БНР паходзіць ад Рады Першага Усебеларускага з’езду, які ў снежні 1917 года сабраў у Менску 1872 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Бальшавікі з’езд разагналі, але дэлегаты прызналі Раду «найвышэйшаю ўстановаю краю», даручыўшы ёй «усю паўнату ўлады на Беларусі». У лютым 1918-га Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езду абвясціў сябе часовай уладай Беларусі; пазней было абвешчана пра стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і ўрэшце – 25 сакавіка – пра яе незалежнасць. Сам орган быў перайменаваны ў Раду БНР.

З чальцоў Рады БНР фармаваўся ўрад краіны, Радаю была зацверджаная часовая Канстытуцыя і сімволіка Рэспублікі. Першым старшынём Рады БНР з моманту правядзення з’езду быў педагог і публіцыст Янка Серада.

Рада БНР за мяжою

У 1920 годзе Рада БНР, якая ўжо перажыла першы раскол, пакінула тэрыторыю Беларусі, што была падзеленая паміж бальшавікамі і Польшчай, і асела ў Коўне (Літва). А ў 1923-м Прэзідыум Рады пераехаў у сталіцу Чэхаславаччыны Прагу. Там, апроч іншага, удалося зарганізаваць стыпендыі для беларускіх студэнтаў і працягнуць кантакты з урадамі іншых краінаў.

У 1925 годзе Рада перажыла новы сур’ёзны выклік, калі частка дзеячаў абвясціла Менск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі», а ўрад БНР – «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць». Але Рада гэтага не прызнала. Да сярэдзіны 1940-х яе асноўныя органы заставаліся ў Празе, адмаўляючыся супрацоўнічаць з нацыстамі. З надыходам савецкіх войскаў дзеячы БНР эмігравалі на Захад. У 1947 годзе яны афіцыйна паведамілі пра аднаўленне дзейнасці Рады БНР. А новы Статут абвяшчаў яе «адзіным паўнапраўным прадстаўніцтвам суверэнных правоў беларускага народу», які будзе заставацца такім «да часу вольных выбараў у незалежнай БНР канстытуцыйных заканадаўчых органаў».

Рада БНР, якую папоўнілі прадстаўнікі паваеннай эміграцыі, актыўна займалася асветніцкаю працай і лабіявала інтарэсы Беларусі як незалежнай краіны ва ўладных колах заходніх краінаў, у тым ліку ў супрацы з іншымі паняволенымі народамі СССР. Сярод дасягненняў Рады БНР – стварэнне беларускай рэдакцыі радыё «Свабода» ў 1954 годзе, першы кіраўнік якой, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, у 1970-м стаўся старшынём Рады БНР. У сакавіку 1993 года ягоны пераемнік Язэп Сажыч разам з уладамі Рэспублікі Беларусь узяў удзел у святкаванні Дня Волі ў Менску.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
Фота: Рада БНР: афіцыйны канал / Telegram

З 1997 года Раду БНР узначальвае Івонка Сурвіла.

Паміж БНР і БЦР

У 1943 годзе ў акупаванай нацыстамі Беларусі быў утвораны новы прадстаўнічы орган беларусаў – Беларуская цэнтральная рада (БЦР). На Другім Усебеларускім кангрэсе ў чэрвені 1944-га яе абвесцілі «адзіным праўным прадстаўніком Беларускага Народу і ягонага краю». Але неўзабаве кіраўніцтва Рады і яе прадстаўнікі выехалі ў Нямеччыну, дзе праз год Рада спыніла сваю дзейнасць. Але ў 1948-м дзейнасць была адноўленая, а сама БЦР абвешчаная «выканаўчым і прадстаўнічым на эміграцыі органам незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі». Пры гэтым БЦР не прызнавала Рады БНР, якая адказвала ёй узаемнасцю. Усё гэта спрычынілася да падзелу беларускай эміграцыі на дзве плыні. Аднак з часам дзейнасць БЦР пачала затухаць, і пасля смерці трэцяга кіраўніка Рады, у 1995 годзе, гэты орган фактычна спыніў сваё існаванне.

Хто можа быць сябрам Рады БНР

Паводле Закону БНР аб грамадзянстве за 19 снежня 1919 года, беларускімі грамадзянамі лічыліся ўсе асобы, якія да 1914-га жылі ў межах БНР і мелі расейскае падданства. Іхныя нашчадкі, а таксама ўсе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія падзяляюць ідэалы дэмакратычнай і незалежнай Беларусі, маюць права дэклараваць сябе грамадзянамі БНР.

У самую ж Раду могуць увайсці да 80 асобаў. Кандыдатаў у Раду прапануюць пісьмова «беларускія палітычныя і грамадскія арганізацыі, верныя Акту 25 Сакавіка‚ а таксама і незарганізаваныя групы беларусаў-незалежнікаў у ліку найменш 5 асобаў». Кожнага новага сябра маюць пісьмова рэкемэндаваць два сябры Рады БНР. Пасля разгляду старшынёй або Прэзідыумам Рады БНР ухваленыя кандыдатуры зацвярджае Сесія Рады БНР. Пры гэтым кандыдаты абавязаныя пісьмова прысягнуць «непахісна стаяць на прынцыпах Акту 25 Сакавіка».

Апошнія выбары ў Раду БНР прайшлі ў верасні 2023-га. На іх 87-гадовую Івонку Сурвілу пераабралі старшынёю на наступныя шэсць гадоў.

Чым займаецца Рада БНР

Асноўная мэта Рады БНР, паводле яе статуту, – «адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасці на ўсіх беларускіх землях усімі магчымымі і даступнымі спосабамі і дарогамі». Дзеля гэтага яна аб’ядноўвае прыхільнікаў незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, праводзіць і падтрымлівае ініцыятывы, скіраваныя на ўмацаванне незалежнасці Беларусі і яе трансфармацыю ў прававую і дэмакратычную дзяржаву.

Рада БНР перадала сям’і Вітольда Ашурка ордэн «Пагоня», якім ён быў пасмяротна ўзнагароджаны.
Фота: Рада БНР: афіцыйны канал / Telegram

«Найважнейшым цяпер Рада БНР лічыць падтрыманне палітычных вязняў у Беларусі і тых беларускіх добраахвотнікаў, якія ў складзе Збройных сілаў Украіны змагаюцца супраць расейскіх агрэсараў. Гэта і полк Каліноўскага, і іншыя вайсковыя падраздзяленні. Гэтае змаганне ў самым літаральным сэнсе важнае не толькі для лёсу Украіны, яно важнае для Беларусі і ўвогуле для лёсу Еўропы», – заявіў у каментары «Белсату» першы намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык.

Пры гэтым Рада не бярэ ўдзелу ва ўнутранай палітыцы Беларусі. І «пасля ўсталявання ў Беларусі дэмакратычнага дзяржаўнага ладу і пры ўмовах адсутнасці пагрозаў незалежнасці Беларусі» абяцае перадаць свае паўнамоцтвы дэмакратычным уладам краіны.

Узнагароды БНР

Адна са сфераў дзейнасці Рады – уручэнне медалёў выбітным дзеячам беларускага нацыянальнага руху і тым, хто яму актыўна спрыяе. Гэтак, сярод узнагароджаных медалём да стагоддзя БНР – першы постсавецкі кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, выбітны музыка Лявон Вольскі і дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Таксама ў 2022 годзе быў заснаваны ордэн «Пагоня». Першымі ім узнагародзілі «герояў, якія за свабоду Беларусі ахвяравалі самым дарагім, што мелі: уласным жыццём». А ў 2023-м упершыню з 1952 года адбылося ўручэнне ордэна Жалезнага Рыцара. Гэтую ўзнагароду пасмяротна атрымаў Міраслаў Лазоўскі, які загінуў каля ўкраінскага Бахмуту.

Медаль да 100-годдзя БНР, якім узнагародзілі палітзняволенага Алеся Бяляцкага.
Фота: spring96.org

Найстарэйшы ўрад у выгнанні

На сёння Рада БНР мае статус найстарэйшага ў свеце ўраду ў выгнанні, які на дзесяцігоддзі старэйшы за сваіх найбліжэйшых канкурэнтаў. Пасля распаду Савецкага Саюзу эмігранцкія ўрады суседніх краінаў прызналі мясцовыя ўрады і перадалі ім свае паўнамоцтвы. Але Рада БНР пакуль не зрабіла гэтага.

«У пачатку 1990-х гадоў урад Кебіча сапраўды намагаўся, каб Рада БНР перадала свае паўнамоцтвы, як гэта зрабіла ў той самы час Рада Украінскай Народнай Рэспублікі, пра што потым – я ведаю з размоваў з лідарамі ўкраінскай дыяспары – яны моцна пашкадавалі. Але Рада БНР гэтага не зрабіла, і правільна, што не зрабіла», – адзначыў Сяргей Навумчык.

Паводле першага намесніка старшыні Рады БНР, прычына была ў няўпэўненасці ў «гарантаванай незваротнасці незалежнасці Беларусі і дэмакратычнага шляху яе развіцця».

«Калі б у 1990-х гадах Рада БНР перадала і склала свае паўнамоцтвы, мы разумеем, чым бы гэта скончылася, бо ведаем, што адбылося ў 1994 годзе і пасля [прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. – Заўвага рэд. Belsat.eu]», – заявіў Навумчык.

Пераслед з боку рэжыму

Бальшавікі пераследавалі чальцоў Рады БНР з моманту яе ўтварэння яшчэ ў якасці Рады Першага Усебеларускага з’езду ў снежні 1917 года. Многія айцы-заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі сталіся пазней ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў, большасць з іх загінулі. У прыватнасці, такі лёс напаткаў першых старшыняў Рады БНР Янку Сераду і Язэпа Лёсіка. Не шкадавалі нават тых, хто ў 1925-м абвяшчаў ліквідацыю БНР і сам пераязджаў у БССР.

Пераследавалі савецкія спецслужбы і тых, хто ў апынуўся ў зоне ўплыву СССР пасля Другой сусветнай вайны. Гэтак, у 1948 годзе ў Чэхаславаччыне арыштавалі генеральную сакратарку Рады Ларыса Геніюш, ад якой беспаспяхова патрабавалі перадаць архівы БНР.

Новая хваля пераследу за сяброўства ў Радзе БНР стартавала пасля выбараў 2020 года. У чэрвені 2023-га МУС Беларусі на падставе пастановы КДБ дадаў Раду БНР, яе сайт і сацсеткі ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў. У верасні ў спіс  залучылі медалі Рады БНР, яе Telegram-канал і лагатып. А ў кастрычніку ў дачыненні Рады БНР Генеральная пракуратура пачала справу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Рада БНР – нацысты?

Сярод абвінавачанняў з боку Генеральнай пракуратуры ў дачыненні Рады БНР – нібыта адмаўленне суверэнітэту Беларусі і рэабілітацыя нацызму. У адказ у Радзе назвалі «заведама ілжывымі і абсурднымі» заявы пра адмаўленне незалежнасці беларускай дзяржавы, бо менавіта Рада 25 сакавіка 1918 года «абвесціла пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, ад чаго вядзе свой адлік гісторыя сучаснай суверэннай Беларусі». Таксама падкрэсліваецца, што Рада БНР «неаднаразова асуджала таталітарныя рэжымы, якія здзяйснялі злачынствы на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку рэжым нямецкіх нацыянал-сацыялістаў».

«Былы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ёсць адзіным галавою сучаснай еўрапейскай дзяржавы, які з’яўляецца адкрытым ідэйным паслядоўнікам як савецкага, так і гітлераўскага рэжымаў», – адзначылі ў Радзе БНР.

Там нагадалі, што Лукашэнка публічна рабіў антысеміцкія заявы і заявы пра непаўнавартаснасць беларускай мовы, культуры і дзяржаўнасці, выказваў захапленне палітычнымі практыкамі Адольфа Гітлера і «выбудаваў палітычную сістэму Беларусі згодна з гітлераўскімі прынцыпамі пагарды да дэмакратычных свабодаў і правоў чалавека, пагарды да парламенцкай дэмакратыі, а таксама канцэнтрацыі абсалютнае ўлады ў адных руках».

Стасункі з дэмакратычнымі сіламі

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла не аднойчы кантактавала са Святланаю Ціханоўскай, якая лічыцца абранаю прэзідэнткаю Беларусі. Але разам з тым Рада не складае сваіх паўнамоцтваў на карысць Аб’яднанага пераходнага кабінету, у выніку чаго ў Беларусі цяпер дзеяць фактычна два ўрады ў выгнанні. Як заявіў Сяргей Навумчык, перадача паўнамоцтваў Радай БНР каму-кольвек на сёння «абсалютна выключаная».

Святлана Ціханоўская павіншавала Івонку Сурвілу з пераабраннем старшынёю Рады БНР. 10 верасня 2023 года.
Фота: Рада БНР: афіцыйны канал / Telegram

«Пасля жніўня 2020 года даволі шмат непрыяцеляў Рады БНР і ўвогуле беларускага нацыянальнага адраджэння выступалі з прапановамі, каб як найхутчэй Рада перадала свае паўнамоцтвы [Ціханоўскай. – Заўвага рэд. Belsat.eu]. Для гэтых людзей галоўнае было не тое, каб Святлана Ціханоўская набыла нейкія дадатковыя паўнамоцтвы, а каб Рада БНР перастала існаваць. Пазней, калі мы прасачылі дзеянні тых, хто за такія дзеянні выступаў, гэта стала відавочным», – адзначыў першы намеснік старшыні Рады.

Да таго ж, заявіў спадар Навумчык, Ціханоўская не ёсць легітымна абранаю прэзідэнткаю, бо выбары былі сфальсіфікаваныя і колькасць атрыманых ёю галасоў невядомая, хоць «за яе прагаласавалі вельмі шмат людзей».

«Рада БНР гэта ўлічвае. І, паводле сваёй практыкі, не ўмешваецца ў міжпартыйнае жыццё Беларусі, не бярэ ўдзелу ў міжпартыйнай палітыцы, але падтрымлівае ўсе тыя сілы, якія дэкларуюць вернасць ідэалам 25 Сакавіка. Гэта прынцыповая пазіцыя Рады. Адпаведна, яна і падтрымлівае сувязі з тымі, хто дэкларуе гэтыя прынцыпы», – сказаў Сяргей Навумчык.

Таксама ў прадстаўнікоў Рады БНР ёсць пытанні да прапанаванага Офісам Ціханоўскай праекту Канстытуцыі, бо «нашая прынцыповая пазіцыя – што Беларусь павінная мець адзіную дзяржаўную мову, і гэтая дзяржаўная мова павінная быць беларуская».

«Гэта павінна быць цвёрда зафіксавана ў Канстытуцыі, як гэта было зроблена ў Канстытуцыі 1994 года», – сказаў першы намеснік старшыні Рады, дадаўшы, што ў апошнім варыянце праекту Канстытуцыі ад Офісу Ціханоўскай гэтага не было.

Тым не менш, сувязі з Офісам і АПК захоўваюцца. Напрыклад, прадстаўніца Аб’яднанага кабінету ў пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык падтрымала ідэю Рады БНР усенародна адзначыць 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніка Васіля Быкава.

Макар Мыш belsat.eu