«Лукашэнка – ідэйны паслядоўнік Гітлера». Рада БНР адказала Генеральнай пракуратуры


Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла «да ведама» інфармацыю пра крымінальны пераслед, распачаты ў дачыненні да яе Генеральнай пракуратурай Беларусі. І адказала на абвінавачванні ў нацызме. 

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.
Фота: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі – Рада БНР / Facebook

Рада БНР у сваім тэлеграм-канале адзначыла, што пераслед з боку Генпракуратуры «ніякім чынам не паўплывае на дзейнасць Рады БНР, яе ўзаемадзеянне з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і яе падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за свабоду і незалежнасць Украіны».

У Радзе назвалі «заведама ілжывымі і абсурднымі» заявы пра адмаўленне Радай БНР незалежнасці беларускай дзяржавы, бо менавіта Рада БНР 25 сакавіка 1918 году «абвесціла пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, ад чаго вядзе свой адлік гісторыя сучаснай суверэннай Беларусі». Таксама падкрэсліваецца, што Рада БНР «неаднаразова асуджала таталітарныя рэжымы, якія здзяйснялі злачынствы на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку рэжым нямецкіх нацыянал-сацыялістаў».

«Рада БНР заяўляе, што былы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ёсць адзіным галавой сучаснай еўрапейскай дзяржавы, які з’яўляецца адкрытым ідэйным паслядоўнікам як савецкага, так і гітлераўскага рэжымаў», – адзначылі ў заяве.

Там нагадалі, што Лукашэнка публічна рабіў антысеміцкія заявы і заявы пра непаўнавартаснасць беларускай мовы, культуры і дзяржаўнасці, выказваў захапленне палітычнымі практыкамі Адольфа Гітлера і «выбудаваў палітычную сістэму Беларусі ў адпаведнасці з гітлераўскімі прынцыпамі пагарды да дэмакратычных свабодаў і правоў чалавека, пагарды да парламенцкай дэмакратыі, а таксама канцэнтрацыі абсалютнае ўлады ў адных руках».

Hавiны
Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу ў дачыненні Рады БНР
2023.10.02 13:06

Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Валерый Шуляк паведаміў, што ў дачыненні Рады БНР заведзеная крымінальная справа паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх – змова з мэтаю захопу ўлады, кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваннем», дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь і іншыя.

Як заяўляецца, крымінальная справа была заведзеная ў рамках нагляду за выкананнем заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму па факце супрацьпраўнай дзейнасці, як яны пішуць, «пранацысцкага экстрэмісцкага фармавання «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў