Міраслаў Лазоўскі. Лёс героя

Рэжысёр: Вольга Воранава Год: 2023

Усё жыццё Міраслаў Лазоўскі рабіў усё магчымае на карысць сваёй Радзімы, змагаўся за яе волю як мог, аддаўшы гэтай барацьбе самае дарагое – жыццё.

«Вы, як ніхто, даведаліся пра яго сапраўднага – шчырага, зацятага ў сваіх перакананнях. З велізарным сэрцам, у якім палала любоў да Беларусі, да яе свабоды, да беларускай Беларусі, да незалежнасці», – прамовіла на пахаванні Міраслава ягоная былая жонка Ніна Шыдлоўская.

Моцны і надзейны, бясспрэчны аўтарытэт – такім быў Міраслаў Лазоўскі, або проста Мірэк, як яго называлі сябры. Ён мог весці за сабою, падтрымліваць і натхняць – гэтак маладзёны за ім пайшлі ў патрыятычна-спартовую арганізацыю «Белы легіён».

«Абсалютна засяроджаны, з асэнсаваным позіркам чалавек, які ведае, што ён робіць і дзеля чаго», – такім Ніна Шыдлоўская ўпершыню ўбачыла Міраслава ў складзе «Белага легіёну» падчас аднаго з Маршаў свабоды ў Менску ў 1990-ыя.

Улады Беларусі безупынна пераследавалі Лазоўскага. У сакавіку 2000 года Міраслаў быў першым асуджаным паводле артыкулу 167.10 КаАП Беларусі («Дзейнасць ад імя незарэгістраваных ці не перарэгістраваных палітычных партыяў, прафесійных саюзаў ці іншых грамадскіх аб’яднанняў»). У ліпені 2008-га яго затрымалі па падазрэнні ў датычнасці да выбуху 4 ліпеня на Дзень незалежнасці. У 2017-м – новае затрыманне Лазоўскага паводле гэтак званай справы патрыётаў. Ён правёў 101 дзень у няволі, 97 з якіх былі ў Амерыканцы. Пасля пратэстаў 2020-га Міраслаў Лазоўскі з’ехаў ва Украіну.

На трэці дзень пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну Міраслаў паехаў беларускім добраахвотнікам абараняць Украіну. Там ён прайшоў бахмуцкую зямлю ад пачатку і практычна да канца. 16 траўня 2023 года Міраслаў Лазоўскі загінуў на яе ўскрайку, прыкрываючы параненых, на тым месцы, дзе праз дарогу быў ужо не Бахмут.

У новым фільме «Белсату» ўспамінамі пра Міраслава Лазоўскага дзеляцца ягоная былая жонка Ніна Шыдлоўская, сябры і паплечнікі – намеснік дырэктара «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі, гісторык Алесь Кіркевіч, сустваральнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба, баец батальёну «Волат» Дзяніс Урбановіч, былы намеснік камандзіра батальёну «Волат» Васіль Верамейчык (Пацук), баец палка Каліноўскага Павел Шурмей (Дзядзька).

belsat.eu