«Як дзве тысячы дэлегатаў уціснуліся ў Купалаўскі?!» У Варшаве адбылася дыскусія пра БНР


З дня абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі мінула 105 гадоў, аднак дагэтуль гісторыкі і палітыкі спрачаюцца пра падзеі, звязаныя са стварэннем беларусамі першай у сваёй гісторыі незалежнай дзяржавы. Карэспандэнт «Белсату» схадзіў на дыскусію, якую ў Дзень Волі зладзілі ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве.

Гістарычныя дэбаты на тэму спадчыны БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Жартаўлівае пытанне пра тое, як дзве тысячы дэлегатаў уціснуліся ў Купалаўскі, узняў колішні дырэктар тэатру, кіраўнік НАУ Павел Латушка. Ён удзельнічаў у дыскусіі разам з сацыёлагам Аляксеем Ластоўскім, сакратаркай Рады БНР Палінай Прысмаковай ды гісторыкамі Андрэем Радаманам, вядоўцам праграмы «Вусы Скарыны» на «Белсаце» Цімафеем Акудовічам і вядоўцай праграмы «Intermarium» на «Белсаце» Настассяй Ільіной.

«У мяне толькі адно пытанне ўзнікае, я заўсёды пытаюся ў сябе: як магло 2 тысячы дэлегатаў увайсці ў будынак Купалаўскага тэатру падчас устаноўчага сходу? Хаця там была падлога, якая падымалася і магла быць на ўзроўні сцэны, можа, тэарэтычна, з балконамі і атрымалася арганізаваць», – сказаў Латушка, выклікаўшы ўсмешкі ў прысутных.

Радаман удакладніў, што пасяджэнні ладзілі не толькі ў Купалаўскім, а яшчэ і ў будынку Менскага дваранскага сходу. «І большасць дэлегатаў не сядзелі, а стаялі, таму можна змясціць такую колькасць людзей нават у Купалаўскім тэатры», – заўважыў гісторык.

Гістарычныя дэбаты на тэму спадчыны БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Ну а пачалася размова з пытання, ці сапраўды дэлегаты Першага Усебеларускага з’езда рэпрэзентавалі волю народу, ці гэта была палітычная авантура. Андрэй Радаман адказаў, што з’езд меў права прадстаўніцтва, і «гэта агульная выснова, якая прызнаецца большасцю прафесійных беларускіх гісторыкаў».

Аляксей Ластоўскі выказаў меркаванне, што беларускі нацыянальны рух на той момант быў досыць слабым, «гэта варта прызнаваць».

«Мы маем невялічкую купку людзей, якія гарэлі гэтай ідэяй, і вялікія масы пераважна сялян, людзей малаадукаваных, якіх было вельмі цяжка палітычна мабілізаваць. Сярод гарадской інтэлігенцыі большасць былі рускамоўнымі і арыентаваліся на ідэалы расейскіх лібералаў, у Менску былі моцныя пазіцыі і ў польскай інтэлігенцыі», – сказаў сацыёлаг.

Заснавальнікаў БНР ён назваў летуценнікамі, якія не мелі рэсурсаў, аднак зрэалізавалі сваю мару. З гэтым не пагадзіўся Андрэй Радаман: «Летуценнікамі яны не былі. Яны сапраўды спадзяваліся, што Другая Устаўная грамата дасць магчымасць палітыкам што ў Маскве, што ў Берліне хоць трошкі ўсвядоміць волю беларусаў да суб’ектнасці».

Гістарычныя дэбаты на тэму спадчыны БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Цімафей Акудовіч заўважыў: большасць гісторыкаў пагаджаюцца з тым, што без абвяшчэння БНР, хутчэй за ўсё, Беларусь не існавала б у тым выглядзе, які маем цяпер:

«Відавочна, што бальшавікі мусілі рэагаваць на патрабаванні палітычных народных сілаў. І іхная гульня ў нацыянальную палітыку – не толькі ў дачыненні Беларусі – была справакаваная актыўнасцю народаў. Тыя народы, якія абвесцілі сваё жаданне, атрымалі магчымасць зафіксаваць прагу незалежнасці ў выглядзе савецкіх рэспублік».

Паводле Акудовіча, стварэнне БССР прасоўвалі і беларускія камуністы, якія «выйшлі з таго ж ядра, што і прадстаўнікі БНР: з Беларускай сацыялістычнай грамады». «Прага незалежнасці расла з аднаго моцнага ядра, у гэтым сэнсе БНР і БССР вельмі моцна звязаныя», – адзначыў гісторык.

Радаман на гэта ўдакладніў, што бальшавікі зрэагавалі не толькі на абвяшчэнне БНР, а яшчэ і на магчымы саюз Літвы і Беларусі, які намеціўся на той час увосень 1918 года. Ён таксама заклікаў прызнаць, што галоўная бяда беларусаў – няўменне дамовіцца ў выключны для нацыі час выбару. «Як гэта зрабілі палякі ў 18-м годзе, калі і левыя, і правыя, і манархісты, і рэспубліканцы перадалі ў такі момант усю часовую ўладу Юзэфу Пілсудскаму», – канстатаваў Андрэй Радаман.

Гістарычныя дэбаты на тэму спадчыны БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Павел Латушка назваў ідэю стварэння БНР «абсалютна прагматычным і своечасовым захадам».

«Калі адбываюцца рэвалюцыі, войны, то трэба прымаць захады, грунтуючыся перадусім на актыўнай частцы грамадства, якая хоча зменаў, якая хоча будаваць новае. Гэтак і сёння мы мусім зыходзіць не з таго, хто сядзіць і проста назірае, калі зменіцца сітуацыя, і тым больш не на тых, хто падтрымлівае супрацьлеглы бок, а на тых, хто гатовы ўключацца», – заявіў кіраўнік НАУ.

Акудовіч згадаў «вялікі канфлікт, пра які мала хто ведае»: геапалітычную арыентацыю. За 105 гадоў нічога не змянілася.

«У беларусаў заўсёды было жаданне мець федэрацыю з кімсьці. Шмат людзей казалі, што трэба застацца ў федэрацыі з Расеяй, мець самастойнасць, аўтаномію, але разам, бо так даўно і зручна. Шмат хто казаў пра федэрацыю з Літвою, бо гэта ВКЛ, адраджэнне. Шмат хто казаў пра федэрацыю з Польшчаю, бо гэта Рэч Паспалітая. У нас заўсёды ёсць нагода сказаць пра саюз з кімсьці», – падкрэсліў Акудовіч.

Гістарычныя дэбаты на тэму спадчыны БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Падчас дыскусіі ўдзельнікі праводзілі шмат паралеляў з сучаснымі пакутамі Бацькаўшчыны. Гэтак жа грамадства падзеленае на прыхільнікаў Усходу і Захаду, гэтак жа пад пагрозаю незалежнасць краіны, гэтак жа ў выгнанні, як і Рада БНР, працуе офіс абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай ды Аб’яднаны пераходны кабінет.

«Мы не можам зараз абараніцца ад Усходу, калі мы не супрацоўнічаем з нашымі партнёрамі. Калі мы хочам быць у заходняй цывілізацыі, трэба вярнуцца да пытання супрацы Міжмор’я, пераканаць нашых партнёраў, балтыйскія краіны, Польшчу, Украіну, што федэрацыя Міжмор’я – гэта наш паз бяспекі і нашай незалежнасці», – адзначыла Настасся Ільіна.

Удзельнікі дыскусіі не спяшаліся разыходзіцца і пасля афіцыйнага завяршэння, працягваючы абмен меркаваннямі. Безумоўна, і праз 100 гадоў нашчадкі будуць дэбатаваць пра ролю БНР у гісторыі Беларусі, а цяпер – і пра падзеі пасля мірнай рэвалюцыі 2020 года.

Было б цікава паслухаць.

Гісторыі
Сямёра з дзесяці знішчаныя камуністамі: Лёс заснавальнікаў БНР
2023.03.25 11:53

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў