Што мы слухалі ў 2022 годзе: ад «Стэфаніі» да «Rammstein»


Музычныя густы ўва ўсіх розныя. Вас можа не ўразіць новы гіт «Bad Bunny», які часопіс «Time» лічыць песняю года. Мо ў вас дагэтуль грае на паўторы «Running Up That Hill». Вы маглі не чуць пра новы альбом Тэйлар Сўіфт і скандал вакол квіткоў на ейны тур. Але вы не маглі не заўважыць, як на музыкаў па ўсім свеце паўплывала вайна ва Украіне.

Калаж: Євробачення Україна / Youtube, andriihorolski / Instagram

⚠️Звярніце ўвагу: некаторыя песні ўтрымліваюць ненарматыўную лексіку, некаторыя кліпы – жорсткія кадры вайны. Слухайце песні як ва ўбудаваных відэа, так і па спасылках у тэксце ніжэй.

Украіна: вайна, нязломнасць і жорсткі гумар

Расея напала не толькі на адважную і нязломную нацыю, але і на вельмі музычную. Украінцы спяваюць нават у сховішчах пад абстрэламі, а новыя песні запісваюць у тым ліку тыя, хто пайшоў бараніць бацькаўшчыну са зброяй у руках.

Не дзіва, што ў такіх абставінах на «Еўрабачанні» перамаглі прадстаўнікі Украіны – рэперы «Kalush». Песню «Стэфанія» (гэтак завуць маці вакаліста) пісалі яшчэ да поўнамаштабнага расейскага нападу, але падчас вайны просьба да маці заспяваць калыханку, каб яшчэ раз пачуць роднае слова, загучала па-іншаму. Але песня чапляла і тых, хто не разумеў украінскай – і нават да 24 лютага.

Пасля «Еўрабачання» гурт гастраляваў па ўсім свеце і заклікаў падтрымліваць Украіну, а таксама запісваў новыя песні. Пад канец года «Kalush» з сябрам Skofka выдалі песню «Батьківщина» пра тое, што колькі ты па Украіне не страляй, яна будзе жыць вечна. Той Skofka і сам спяваў пра вайну: гітом сталася ягоная «Чути гімн».

Адным з галоўных гітоў Украіны ў 2022 годзе сталася песня стогадовай даўніны «Ой у лузі червона калина», якую на чацвёрты дзень поўнамаштабнай вайны заспяваў лідар гурта «Бумбокс» і баец кіеўскай тэрытарыяльнай абароны Андрэй Хлыўнюк. На песню пасля зрабілі безліч кавэраў і рэміксаў, як, напрыклад, такі.

Ён не адзін такі. Пайшлі ў тэрабарону ці Збройныя сілы Украіны, але працягнулі выдаваць запісы музыкі гуртоў «Антитіла», «Karna», «Танок на майдані Конґо», «Тінь Сонця», «Скай», рэпер Yarmak і поп-спявак Макс Барскіх… А пакуль на перадавой гітарыст гурта «Воплі Відоплясова», вакаліст збірае грошы для ЗСУ на дабрачынных канцэртах і запісвае новы трэк на падтрыманне Украіны.

Колішні лідар «Тартаку» і «Був’є», а цяпер баец Тэрабароны Сашко Палажынскі падчас вайны выдаў і лірычную «Як ти там?» (не блытайце з «Як ти?» гурта «The Hardkiss» – трывожным клічам да маці), і сумную «Клапатки холодного вогню», і рашучую «Гати!», і баявік-заклік «Ставай до лав»

Тыя музыкі, якія не ваююць, усяляк дапамагаюць вайсковым і цывільным. Вось між развозам гуманітарнай дапамогі і дабрачыннымі канцэртамі літаратар і спявак Сяргей Жадан сабраў сяброў ды запісаў песню «Діти». Ён родам з Харкава, на ўласныя вочы бачыў тое, што потым расказаў у песні «Метро».

У тым самым харкаўскім метро граў лідар гурта «Океан Ельзи» Святаслаў Вакарчук. Ён жа спяваў і на шкляным «мосце Клічка» на наступны дзень пасля таго, як гэты мост вытрымаў ракетны ўдар. Ягоны гурт падчас вайны запісаў песні пра Марыупаль і пра кветкі на мінных палях. Падчас вайны асаблівую папулярнасць набыла іхная старая песня пра абдымкі.

А памятаеце стары рэгі «Я солдат»? Гэта спявалі харкаўчане «5’Nizza». І экс-лідар гурта Сяргей Бабкін у 2022 годзе запісаў новую версію той песні, ужо не такую міралюбную. Ён жа прысвяціў песню лекарцы палка «Азоў» і запісаў эпічную «Далі ми самі».

Маладзейшыя таксама спяваюць пра вайну. Спявачка Джэры Гэйл за год ператварылася з «цуду аднаго гіта» ў паўнавартасную зорку. Найбольш папулярныя ейныя новыя песні – дуэты з ужо вядомаю рэперкай alyona alyona (як то «Рідні мої» ці «Купала») і жартаўлівая «Москаль некрасівий» з завочным удзелам Веркі Сярдзючкі. Але яна і самастойна запісвае моцныя песні, як то «Мрія» з адсылкаю да бамбавання гораду Шчасце і знішчэння ўнікальнага самалёта ў Гастомэлі.

Натуральна, не ўсім стае сілаў дэманстраваць адну толькі нязломнасць. Вось адзін з украінскіх гітоў 2022 года – шчырая «I am not OK» гурта «Kazka». Або сумны «Вальс Ірпінь» Арсэна Мірзаяна ці шчымлівая «Душа народу» гурта «Onuka».

Але на вайну агромістая колькасць украінскіх музыкаў адказала гумарам. Высмейваюць расейскі напад жорстка, нярэдка з мацюкамі, ува ўсіх магчымых жанрах, нават у жанры народнай песні.

Гумар ва ўкраінскіх песнях бывае вельмі агрэсіўны: радуюцца смярцям ворагаў або жадаюць ім смерці. Ды гэта не дзіва: гаворка пра смерць нападнікаў, якія прыйшлі на зямлю аўтараў песень і забіваюць іхных суайчыннікаў.

Некаторыя крылатыя выразы гэтай вайны ператвараюць у сур’ёзныя песні, а некаторыя «бяскрыўдныя» песні робяцца частым суправаджэннем да відэа баявых дзеянняў, як то «Доброго вечора, ми з України».

Беларусь: вайна ў суседзяў, рэпрэсіі ўдома, вымушаная эміграцыя

Беларускіх музыкаў моцна закранула вайна ва Украіне. Шмат хто выказаўся на падтрыманне Украіны ці запісаў песні пра Украіну, некаторыя давалі канцэрты на яе падтрыманне. Вось што пра Украіну ў сакавіку заспявалі Лявон Вольскі, Юрый Стыльскі, Аляксандр Памідораў ды іхны польскі сябар Томаш Арганэк.

Вольскі таксама пераклаў на беларускую мову старую амерыканскую антываенную песню «Where Have All The Flowers Gone».

Падтрымаў Украіну і рэпер Макс Корж. За песню «Свой дом» яго нямала крытыкавалі беларусы, але шмат якім украінцам, падобна, спадабалася.

Прысвячалі песні і беларускім ваярам, якія бароняць Украіну. Песню «Праз вызваленне Украіны» запісаў спачатку Стыльскі, а потым і оперная спявачка Маргарыта Ляўчук.

Сяргей Міхалок, які даўно жыве ва Украіне і часам спявае па-ўкраінску, запісаў на ўкраінскай мове песню «Воїни світла», якая ў 2014 годзе сталася адным з гімнаў украінскай Рэвалюцыі годнасці. Пераклаў тэкст ужо згаданы Сяргей Жадан.

Гурт «J:Морс» пераклаў на ўкраінскую мову адзін са сваіх галоўных гітоў – «Не помирай». Яе хацелі заспяваць на Дзень святога Валянціна ў Кіеве, але беларусаў ва Украіну тады не пусцілі. А праз 10 дзён пачалася поўнамаштабная вайна – і песня стала ўспрымацца зусім інакш. «Морсы» спявалі і пра Беларусь, веру і надзею на перамогу дабра ў песні «Вікторыя».

Беларусь у 2022 годзе – гэта краіна, дзе могуць пасадзіць за публічнае выкананне песні «Обійми» ўкраінскага гурта «Океан Ельзи», але не забараняюць выступаць прыхільнікам вайны і Уладзіміра Пуціна. Музыкаў пастаянна затрымліваюць, судзяць і саджаюць – і не толькі за песні, а і за допісы ў сацыяльных сетках або проста за погляды.

«Naviband» у 2022 годзе спявалі пра мары людзей, якія былі вымушаныя пакінуць свой дом, і пра тое, што ў родны кут вернецца вясна.

А «Бачу ўпершыню» зрабілі кліп для тых, хто сумуе па вясновым Менску.

Палітычныя рэпрэсіі – частая тэма ў беларускай музыцы 2022 года. «Kriwi» і сябры спявалі пра лісты палітычным вязням. Кацярына Ваданосавапра Акрэсціна. Рокеры «Graphotype» у кліпе рэканструявалі 2020-ы, але ў песні запэўніваюць: «Снова мы будем в нашей стране».

Palina проста спявала пра тое, як вакол гарыць зямля. А Iva Sativa – пра пошукі цеплыні ў страшную зіму 2022 года.

Шмат было нярадаснай музыкі. «Akute» выдалі змрочны альбом «Напалову тут». Экс-лідарка гурта «Срэбнае вяселле» Святлана Бень запісала разам з Галяю Чыкіс альбом «Приём!» – там ёсць і пра танцы насуперак страху, і пра абсалютную цемру. А Lear выдала свой першы альбом «Зачапіцца». Ён атрымаўся «псіхатэрапеўтычны»: пра трывожнасць, сіндром самазванца, панічныя атакі – і пра тое, як з гэтым змагацца.

Спявалі, вядома, не толькі пра вайну і рэпрэсіі. Напрыклад, у новым альбоме Змітра Вайцюшкевіча «Вецер» было і пра свабоду, і пра радзіму, і пра сяброўства ды каханне.

«Intelligency» ўвесну выдалі падвойны альбом «Technoblues Therapy» – заклікалі біцца за дабро ды абяцалі, што за гарызонтам – святлоВіталь Артыст за год выпусціў два асобныя альбомы: сольны электронны «Zodiac» і аптымістычны «Дети Солнца» разам са сваім гуртом «Без білета». Упершыню за пяць гадоў выдалі поўнафарматны альбом – «Aura» – электроншчыкі «Weed & Dolphins». А беларускі баяніст Аляксандр Ясінскі выдаў альбом на брытанскім лэйбле, а на трэк пра свабоду і годнасць беларусаў, запісаны з зоркамі арт-року, выдаў кліп з малюнкамі Андруся Такінданга.

Піт Паўлаў нарэшце выдаў альбом «Зброя. Золата. Кабеты» пра беларуска-польскае памежжа ў 1930-х, над якім працаваў не менш як пяць гадоў. А «Relikt» запісалі альбом «Былі, ёсць, будзем» з кавэрамі на беларускія рок-гіты 1980-х і 1990-х.

«Разбітае сэрца пацана» яшчэ ў пачатку года выдалі чарговы альбом на трасянцы – «ШансOFF». А пад канец года запісалі песню пра ровар, пратаколы, долары і шэнген. І трасянка – не самая незвычайная мова для беларускай музыкі. Вясною выйшаў альбом «Grimuta a amilutima da samutima» на мове бальбута, якую пісьменнік Альгерд Бахарэвіч стварыў у рамане «Сабакі Еўропы». Таксама на бальбуце назваў першы альбом свайго новага псіхадэлічнага праекту «Syndrom samazvanca» Уладзь Лянкевіч: «Sonk» з яе перакладаецца як «шэсць».

Расейскія музыкі супраць вайны

Не ўсе расейцы падтрымліваюць вайну: гэта відаць паводле чорных спісаў, у якія залучаюць праціўнікаў нападу на Украіну. Вядома, сярод расейскіх музыкаў ёсць шмат тых, хто гатовы падтрымліваць вайну, ды шмат якія расейскія зоркі першай велічыні выступілі супраць – і шмат якія былі вымушаныя пакінуць радзіму. З праціўнікаў вайны першай велічыні ў Расеі застаецца Юрый Шаўчук, лідар гурта «ДДТ». Яго не наважыліся пасадзіць нават пасля словаў пра цалаванне прэзідэнцкага азадка, цытавання суду песні «Не стреляй» і заўважных антываенных намёкаў у новых кліпах.

Іншыя, як Андрэй Макарэвіч і Барыс Грабеншчыкоў з’ехалі з Расеі і выступалі супраць вайны за мяжою. Некаторыя, як Земфіра, ладзілі замежныя канцэрты на падтрыманне Украіны.

Самы актыўны ў сэнсе запісаных песень расейскі праціўнік вайны – Максім Пакроўскі, лідар гурта «Ногу свело!». Ён можа і наўпрост заспяваць «Нам не нужна война!», можа жорстка выказацца пра «Поколение Z», можа весела заклікаць «Назад, Россия!», можа змрочна павіншаваць з Новым годам.

З расейскімі музыкамі і вайной адбылася містычная гісторыя. 23 лютага, за дзень да поўнамаштабнага нападу, Noize MC апублікаваў на YouTube канцэртавае відэа на відавочна антываенную і антыпуцінскую песню «Столетняя война». І хоць канцэрт быў яшчэ за некалькі месяцаў да таго, спявак быў у касцюме вейшнорскіх колераў, а бела-блакітна-белы «адмыты ад крыві» сцяг стаўся сцягам праціўнікаў вайны хіба на чацвёрты дзень уварвання. Пасля 24 лютага Noize MC зарганізаваў за межамі Расеі шэраг канцэртаў, грошы з якіх пайшлі на падтрыманне Украіны, і напісаў яшчэ некалькі антываенных песень.

З ім на тых канцэртах была спявачка Манетачка. Яна паказала сваю антываенную пазіцыю ў новым кліпе на песню «Гори» (была запісаная яшчэ ў 2019 годзе і тады была аб правале барацьбы з ляснымі пажарамі).

Таксама выступаў супраць вайны і даваў замежныя дабрачынныя канцэрты на падтрыманне Украіны рэпер Oxxxymiron.

Хтосьці, як Ic3peak, даўно выказваліся супраць аўтарытарызму ў Расеі і пасля пачатку вайны паехалі ў замежныя туры на падтрыманне Украіны. Хтосьці выказваўся супраць вайны ўскосна, як Little Big у вобразах кліпу ці як Morgenshtern у пастскрыптуме да кліпу. Lumen у прынцыпе выступілі супраць вайны, але вінавацілі ў ёй распад СССР і нацыяналістаў. А хтосьці, як Manizha, выказваліся вельмі просталінейна.

Супраць вайны выступілі і «расейскія беларусы», як то «ЛСП» і «Би-2», і ўкраінец Іван Дорн, які ў мінулыя гады працаваў на расейскую сцэну.

Астатні свет і вайна ва Украіне

Шмат якія заходнія суперзоркі падтрымалі Украіну. Мадонна параўнала Пуціна з Гітлерам, «U2» прысвяцілі Украіне старую песню «One», глэм-рокер Ды Снайдэр запісаў эксклюзіўную песню для кампаніі дзеля Украіны, згадаў свае ўкраінскія карані і ўхваліў выкарыстанне ўкраінцамі гіта «We’re Not Gonna Take It» свайго гурта «Twisted Sister»… Пераможцы «Еўрабачання-2021», італьянцы «Måneskin» паказалі толькі кавалак песні, прысвечанай Украіне, а поўную версію можна пачуць пакуль толькі на канцэртах.

Музыкі з розных краінаў спявалі супольна з украінцамі. «Pink Floyd» зайгралі пад «Червону калину» ў выкананні Хлыўнюка.

Брытанскі поп-спявак Эд Шыран – з украінскім гуртом «Антитіла».

Фіны «The Rasmus» на «Еўрабачанні» пасябравалі з гуртом «Kalush» і запісалі супольны трэк: першыя заспявалі свой галоўны гіт, другія працягнулі яго новым тэкстам.

Разам з «Kalush» заспяваў і польскі рэпер Szpaku.

Праз паўтара тыдня па расейскім уварванні беларускія, расейскія, украінскія і чэшскія музыкі разам запісалі «Обійми», якія завяршылі прыпевам іншай песні «Океану Ельзи» – «Без бою». У тыя дні яшчэ ішлі баі ў прадмесцях Кіева: не было зразумела, ці вытрымае Украіна расейскі напад, але сапраўды было відавочна, што без бою не збіраецца здавацца.

Музыкі з Латвіі, Літвы, Расеі ды Украіны заспявалі разам на ўкраінскай, англійскай і расейскай мовах.

Расеец Барыс Грабеншчыкоў, украінец Сяргей Бабкін, брытанец Дэіў Ст’юарт і амерыканка Стыві Нікс запісалі супольную антываенную песню.

Актыўна падтрымлівае Украіну амерыканскі гурт «Gogol Bordello» – праект мігрантаў з усяго свету, лідар якога мае ўкраінскія, літоўскія і цыганскія карані.

Украіну падтрымлівае і літоўскі дзяржаўны ансамбль…

…і шатландскія поп-спевакі…

…і канадскія рокеры…

…і польскія панкі…

Падтрыманне Украіны пачулі і ў песні немцаў «Rammstein», кліп на якую выдалі праз два тыдні з пачатку поўнамаштабнай вайны. Ці пра Украіну «Zeit», ці пра войны наагул, невядома. Але вядома, што Украіну актыўна падтрымліваюць абодва лідары гурта.

Слухайце таксама: 20+ беларускіх песень 2021 года

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў