Сілавікі прымусілі беларускага панк-музыку несці да пастарунку дзверы ад лядоўні з пратэснымі налепкамі


У Менску ГУБАЗіК затрымаў панк-музыку Віктара Жаркевіча, вядомага пад творчым псеўданімам Мао. Цяпер Віктар працуе будаўніком, таму на галаву яму надзелі каску, на якую наляпілі «Пагоню». Да самага пастарунка мужчыну прымусілі несці дзверы ад лядоўні з налепкамі з пратэснымі лозунгамі, піша «Наша Ніва».

Віктара Жаркевіча з дзвярыма ад лядоўні ў руках вязуць у пастарунак.
Фота: скрыншот з відэа з праўладных тэлеграм-каналаў/Наша Ніва

Сілавікі размясцілі ў праўладных каналах відэа з Жаркевічам, на якім бачна, як ён трымае ў руках дзверы ад лядоўні. Рукі мужчыны пры гэтым – у кайданках. Канваіры на відэа апранутыя ў спартовыя касцюмы, кепкі, на тварах – маскі.

Віктара «Мао» Жаркевіча абвінавачваюць у анархісцкіх поглядах.

Музыку 49 гадоў. У панк-музыцы ён з канца 80-х – пачатку 90-х гадоў. Цягам некаторага часу жыў у Нямеччыне ў панкаўскім сквоце. Калі вярнуўся ў Менск, у 1997 стаў адным з заснавальнікаў і вакалістам гурта Hate to State. Гэта быў адзін з першых палітызаваных беларускіх панк-гуртоў. Праіснаваў ён да 2000 года. Апошні свой канцэрт граў разам з гуртом «Правакацыя», у якім вакалістам быў Альгерд Бахарэвіч.

«Hate to State гралі цяжка, з веданнем справы, арыентаваліся на заходніх аднадумцаў, а вакалістам у іх быў Мао – культавая асоба ў Менску тых часоў, высокі, здаравенны і абаяльны. Ён пажыў у Нямеччыне ў сквотах, прасякся там усімі гэтымі ідэямі. «Макдональдс цум котцэн!« – памятаю іхную песню з такім рэфрэнам», – згадвае «Радыё Свабода», што пісаў пра Жаркевіча Альгерд Бахарэвіч.

Канцэрт гурта Hate to State, канец 1990-х. Мао з мікрафонам.
Фота: Наша Ніва

Віктар Жаркевіч апошнім часам працаваў будаўніком і рознарабочым. Цяпер затрыманы, імаверна, знаходзіцца ў ІЧУ.

«Радыё Свабода» прыводзіць словы пра Мао ягонага сябра літаратара Севярына Квяткоўскага:

«Гэта была такая альтэрнатыўная плынь, вельмі блізкая да анархістаў і антыфашыстаў. Апошнія гадоў пятнаццаць ён жыў звычайным жыццём, працаваў будаўніком. Тусаваўся са сваімі старымі сябрамі, ні музычнай, ні палітычнай дзейнасці не вёў. А так ён вельмі каларытны і цікавы чалавек», – кажа Квяткоўскі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў